19/1—94
Тастамент
А хто з нас не баіцца смерці?
Што давядзецца знікнуць i не быць,
Калі анёлы або чэрці
Падхопяць, каб усё i ўсіх забыць —
Каханых, родных i ласкавых,
Даўно сустрэтых у жыцці,
I басанож па росных травах
Ніколі болей не прайсці.
Мой век канчаецца паволі
I сцежка, па якой хадзіў,
I сохне тая дзічка ў полі,
Што я ў маленстве пасадзіў.
Я адыду. Усё мінецца,
Забудзецца праз сорак дзён,
Нічога больш не застанецца,
Не будзе нават след відзён.
Я быў усё жыццё прыкуты
Да недаверу i нястач,
Яно абходзілася крута
Ад недастач i да няўдач,
Згінала, але на калені
Душа не падала мая,
I ад усіх пакут збавення
Не папрасіў ні ў кога я.
Казка жыцця
Наперадзе ўсё меней, меней
Гадоў, i месяцаў, i дзён.
Куды ні гляну, скрозь — каменне,
А шлях да выйсця не відзён.
Спыняюся на кожным кроку,
Дням i гадам падлік вяду
I, як сляпы, у вечным змроку
Кудысьці вобмацкам іду.
Цярплю, хоць i слабее цела,
Бо падаў i гарэў жыўцом...
Жыццё імгненна праляцела,
Як казка з жудасным канцом.
28/V—92
* * *
Яшчэ б адну вясну адвеснаваць,
Каб радавацца, а не існаваць,
Каб не забыць даўнейшыя шляхі,
Пакаяцца за ўласныя грахі,
Не бедаваць, падлічваючы страты,
А не забыць, каму ты вінаваты,
Каму цяпер i ў колішнія дні
Тваёй недаставала цеплыні,
Каго дарэмным зневажаў папрокам
I паглядзеў не надта добрым вокам.
Прыгадваць лепш юнацкія гады,
Каханых i пад месяцам сады,
Каб кожную травінку пазнаваць...
Хоць бы яшчэ вясну адвеснаваць.
8/III—95
Скарб
Пражыў жыццё, а не нажыў нічога
Не маю на памінкі ні граша.
Была ў мяне бясконцая дарога,
Цяпер — адна збалелая душа.
Вось i усе. А рэчы? Застануцца
Таму, хто здзівіцца i скажа: «Жах!
Яны б хацелі да мяне вярнуцца,
А не пыліцца больш на стэлажах,
Ці разысціся па чужых дарогах
На ростані, на прадзедаў курган
З сумненнямі ці вераю у Бога
I з крыўдаю на векавы падман.
Тамы Купалы, Пушкіна i Блока
Не раз мяне вярталі да жыцця.
Цяпер ім на самоце адзінока
За пыльнай павуцінай забыцця.
Не ведаю яшчэ, чые унукі
Тамы, што цешылі i грэлі у жыцці,
На звалку кінуць ці ласкава рукі
Ix раздадуць, каб ім далей ісці.
Пра скарб адзіны думаю да болю,
Як пра фінал апошняе бяды,
Што не дазнаецца ніхто ніколі,
Як расставаўся з імі назаўжды.
Рэпартаж з уласнай паніхіды
(Жалобны жарт)
Я быў на ўласнай паніхідзе.
I клопатаў літфонду нарабіў!
Hi грошай не сабраў,
Бадай, ніхто не прыйдзе,
Машыну не згадзіў, труну сабе не збіў.
Прыклыпаюць старыя, не загляне фронда
Ўсе ж геніяльныя яны, —
Сябры суполак, ваяўнічых фронтаў,
Сабе не скінуць ні на грош цаны.
Пасядуць тры бабулькі — тры ўдавы,
Прыпомняць выступленні з хваляваннем,
Што кожную пачціва зваў на «вы»
I быў амаль на кожным пахаванні.
А што пісаў? На жаль, i не чыталі.
Пісаў, выходзіць, бо на нешта жыў.
Казалі, меў адну ці дзве медалі,
А трэцюю ніяк не заслужыў.
Таму на пахаванні нездарма
Ніводнае падушачкі няма.
Адна сказала, што было б не лішкі,
Каб неслі не падушачкі, a кніжкі.
— Чыноўнік выйшаў, выцягнуў паперку,
Прамямліў, дзе радзіўся, дзе служыў.
На кожнага нябожчыка ёсць мерка,
Што ідэолух некалі злажыў.
Хоць ён ужо даўно змяніў пасаду,
Але ў праграме не змяніўся тэкст.
Усё ідзе па даўняму загаду —
Якія могілкі, прамовы i аркестр.
Хоць нежывы, але адкрытым вухам
Лаўлю даўно знаёмае здаля:
«Няхай вам вечна будзе лёгкім пухам,
Шаноўны сябра, родная зямля».