Выбрать главу
Я не забыў, як сцежкі замяло, Але ў якім, не ўспомню, годзе Знарок мы не запальвалі святло... Усё ж было дваццатае стагоддзе.
26/VI—92
Сувой жыцця
Яўгеніі Пфляўмбаўм
Такім натхнёным, юным i прыгожым Наканаваны быў шчаслівы лёс, Шляхі без ростаняў i раздарожжаў, Без смутку, без адчаю i без слёз.
Разгортвалі i Вы на ўзлёце крылы Чысцейшай галубінае красы, I зачароўвалі пяшчотнай сілай Дзявочыя, як песня, галасы.
Натхнёна Жэня, Зіна i Наташа[1] Спявалі дзеля шчасця i святла, Але ў злавесны век атруты чаша Іх напаткала i не абышла.
Дарогі разышліся назаўсёды, Сарваліся i змоўклі галасы. Нягоды напаўзалі на нягоды, Як майскі снег, як град, як маразы.
А Вы не страцілі лірычнай ліры Hi ў горы, ні ў адчаі, ні ў тузе, Яна была ратункам у Сібіры I пуцяводнай зоркаю ў тайзе.
Яе збівалі лютыя бураны I каты распіналі на крыжы, Але i ў горы гоіліся раны, Бяда не стала пусткаю душы.
Як прывіды, прыходзяць успаміны, Імёны i жывых i нежывых. Пад ветразем натхнення[2] Вы павінны Спяваць i хвалявацца i за ix.
Расстаўшыся з далёкай маладосцю, Ў шчаслівыя хвіліны забыцця Іду зачараваны, як у госці, I развінаю Ваш «Сувой жыцця».
* * *
Твае далоні пахнуць першым снегам, A познімі антонаўкамі — снег. Над цішынёю нечаканым рэхам Звініць i коціцца дзявочы смех,
Што заблудзіўся ў зорнай ночы За ціхаю застылаю ракой I радасць бесклапотную прарочыць I першага кахання неспакой.
Па-стой... Паслухаем i пазайздросцім, Пакуль праменьчык радасці не згас Бяздумнай i вясёлай маладосці, Якая больш не вернецца да нас.
16/XI—92
Завялыя рамонкі
Чаго ў нас толькі не было? Былі i слёзы, i ўсмешкі. Даўно снягамі замяло Твае сляды i нашы сцежкі.
Куды б ні кідаў горкі лёс, Як ні караў па поўнай мерцы, Ад патаемных нашых слёз Рубцы не загаіць у сэрцы.
Ты ix хавала ад мяне, Маліўся я ў таежных нетрах I спадзяваўся, што міне Боль на апошніх кіламетрах.
Не, не мінула, не прайшла: Гады як здані праляцелі, I не відно дасюль святла Ў канцы жалобнае тунелі.
Свайго гнязда мы не звілі, Рамонкі нашыя завялі, I мы з табою не жылі, A толькі доўга існавалі.
З/Х—92
Светлы смутак
Скуголіць вецер па завуголлю, У шыбы хвошча бясконцы дождж, Датлела ў печы даўно вуголле, А ты мой смутак не патрывож.
У хаце пуста. Слязіцца свечка, Нікога побач даўно няма, I толькі чутна, што недалечка На раздарожжы звініць зіма.
Сняжынкі лягуць на першапутак, Засцелюць Нёман, i Пціч, i Сож, А ты здалёку мой светлы смутак Халодным словам не патрывож.
11/IX—91
Вершы ў сне
Так лёгка складаліся вершы i ў сне: Звінелі радкі, апяраліся рыфмы, Буслы прыляталі насустрач вясне, На золку віталі i славілі ix мы. Пасля навальніца над намі гула, Маланкі спляталі блакітныя ўзоры, А бусел паволі ляцеў, i з крыла Сцякалі крывінкі, як раннія зоры. Ад страху тулілася ты да мяне, Гулі ясакары, гайдалася глеба. Пыталася ты, калі нас абміне Бяда i ўратуюць i людзі, i неба. Цябе не ўтрымаў. Ты растала, як цень, Буслы адляцелі, забыліся словы, За крыжам акна распагодзіўся дзень, Блакітна-ружовы, зялёна-вясновы. На чыстай старонцы пачаты радок, Што мне журавы i маланкі прынеслі. Хапаю паветра гаючы глыток, Пішу, углядаюся, крэслю i крэслю.
вернуться

1

Я. Пфляўмбаўм, З. Бандарына, Н. Вішнеўская паэтэсы-маладнякоўкі.

вернуться

2

Выдзеленныя сказы належаць Я. Пфляўмбаўм.