Выбрать главу
Дратавалі калісьці Працаднём i прыгонам, Калацілася лісцем Ты ў таварных вагонах,
Скарб палілі агнём Не аднойчы, не тройчы, Ты ж ні ноччу, ні днём Не заплюшчвала вочы:
Серп зубіла, Kacy адкляпала уранні, I рабіла, рабіла Ад зары да змяркання.
На жніве, на сяўбе Дбала: хлеба прыбудзе, Каб было i сабе, I нашчадкам, i людзям.
Змрок акутаў не у час: Апускаюцца рукі, Жар у сэрцы пагас, Разляцеліся ўнукі.
Ты адна i адна I на полі, i ў хаце, Ад відна да цямна Беларуская маці
Засталася асновай Нашых дум, нашай песні, З беражонаю мовай Наш народ уваскрэсне.
Можа, век прабяжыць, Калі-небудзь на свяце Будзе пець, будзе жыць Беларусь — мая маці.
4/ІІІ—93
Пытанні
Як мы жылі? I ці жылі мы? Дзеля чаго? Дзеля каго? Камандавалі Юзікі i Клімы I распіналі ўсіх да аднаго.
Цягалі мы іржавыя вярыгі, Нас ланцугі апутвалі заўжды, Ды i цяпер палітыкі-расстрыгі Нас гоняць ад бяды i да бяды.
Калі ж нарэшце вернуцца парадкі На нашай пакалечанай зямлі? Калі не мы, дай Божа каб нашчадкі Па-людску ў родным доме зажылі.
18/XII—93
Трывога трывог
Ці гэта праўда, ці трызня, ці сон? Знікаюць за надзеямі надзеі, З вар'яцкім нашым часам ва ўнісон, Здаецца, я патрохі вар'яцею.
Не ведаю, куды i як ісці: За небасхілам дым i шал крывавы, I дзеці ўжо не мараць аб жыцці, Аб гонары, аб подзвігах i славе.
Падмурак пакрышыўся i дрыжыць, Хрышчуся я ў адчаі на ікону, Каб толькі дапакутаваць, дажыць З душою незаплямленай да скону.
Вылазяць прывіды і, як раней, ілгуць Жывыя i з адноўленых партрэтаў, Ix паслядоўнікі старанна берагуць Для ўласных «найвышэйшых» мэтаў.
Трывога за трывогаю расце, Таму што дзікі «артадокс» люцее. Наўрад ці давядзецца жыць прасцей, Калі усё навокал вар'яцее.
29/XI—92
Гараць лясы
Гараць лясы... Як помнікі пасталі Ўчарнелыя яловыя ствалы, На гронкі спапялелыя канвалій Сцякаюць кропелькі гарачае смалы.
Дыміцца мох i курчыцца чарнічнік, Мурашнік дагарае каля пня, Бярэзінка, нібы трывожны клічнік, Спрабуе i не вырвецца з агня.
Усё жывое гіне ўвачавідкі, Знікае незваротнае дарма. Няма злачынству літасці i скідкі, I толькі... вінаватага няма.
Жывую прыгажосць на глум, i здзек, I на пагібель кінуў чалавек.
27/V—93
Воля слова
Кіруючыя мудрыя галовы, Што разбурылі лад стары, Далі нібыта волю слову, — Пішы, спявай i гавары
Усё, што дужа набалела, Калі баяўся стукача, Цяпер усё, што хочаш, смела Сячы, як шабляю, з пляча.
Пішы, крычы, а хто пачуе? А вершы раздавай дарма, Ix болей цэнзар не лінчуе, Яго нібыта i няма.
I лютай не чутно пагрозы, Што аптымізму не стае, Але цяпер паэзіі i прозы Амаль ніхто не выдае:
Няма ні фарбы, ні паперы, I ты — ні гаспадар, ні госць, Усе зачыненыя дзверы. A ўсё ж, ці «воля слова» ёсць?
19/IV—93
Манкуртызацыя
Зацыкленыя русафілы З-пад Клецка i з-пад Капыля Стараюцца з апошняй сілы, Каб беларуская зямля Аглухла зноў i анямела, Каб зноў імперыю стварыць, Каб нават маці не умела Па-свойму пець i гаварыць. Ад Воршы i да Маларыты Яны ва ўсе званы звіняць, Каб утрымацца ля карыта, A ў нас апошняе адняць, — Вытокі i асноў аснову, Каб кожны помніць перастаў Сваю адроджаную мову I найхутчэй манкуртам стаў.