Выбрать главу
* * *
Мне жыць іначай немагчыма, — Паспеў ссівець i паліняць, Бо за любімую Радзіму Гатоў хоць сёння смерць прыняць.
27 /VIII—92
Апошні кароль
Стары кароль любіў мастацтва, Любіў, што людзі брагу п'юць, Але лічыў за святатацтва, Калі халопы не пяюць.
Халоп павінны быць вясёлы, Удзячны мусіць быць народ, Хоць з голаду пусцеюць сёлы I недароды кожны год. Скачы, халоп, спявай, халоп, На радасць каралю, А не пяеш, — падставіш лоб Пад кулю ці пятлю. Стары кароль любіў парады I крыкі: «Слава каралю!» I не было таму спагады, Хто заікнецца: «Не люблю I не шаную зроду Я каралеўскага двара, Усіх, як прэлую калоду, На сметнік выкінуць пара!» Скачы, халоп, спявай, халоп, На радасць каралю А не пяеш, — падставіш лоб Пад кулю ці пятлю. Усім паслам кароль казаў: «Народ— мая радня. Яго я ў тры вузлы звязаў, А ён пяе што дня». Няма ні хлеба, ні мукі, Пасеклі вінаград, Але спяваюць лайдакі, Што ў каралеўстве — лад. Скачы, халоп, спявай, халоп, Паціху каралю, Што хутка ён падставіць лоб I шыю пад пятлю. Ды ўжо кароль пачуць не мог, Як лаюць караля, Бо зніклі у яго з-пад ног I зэдлік, i зямля. Усе глядзелі мужна На новую пятлю I заспявалі дружна Пракляцце каралю. А пасланцы Еўропы Расказвалі другім, Як смелыя халопы Спявалі новы гімн.
19/ХІ—79
О колькі паэтаў!
На кніжных паліцах — паэты, паэты: Гамер, i Гусоўскі, i Байран, i Блок; Санеты Петраркі, i лірыка Фета, І Хлебнікаў — неразгаданы прарок.
Я чую ix голас з далёкіх стагоддзяў, Вандрую за імі, нібы Адысей. У Дантава пекла мяне пры народзе Не раз i не два заганяў фарысей.
Чытаю, чытаю. О колькі паэтаў! О колькі пачуццяў, каханняў, трывог, Тэрцын, трыялетаў, актаў i санетаў У памяці я назаўсёды збярог.
Гартаю Верхарна, Віёна, Шэкспіра, П'янею ад шчасця, а не ад віна. У кожнага лірыка — звонкая ліра, A ў нашага брата — глухая струна.
Ну, чым я суцешу? Пра што гавару я? Навошта за рыфмаю рыфму ганю? Калі я свайго чытача расчарую, Я толькі сябе аднаго i віню.
Калі не даруе, няхай дакарае, Я крэслю радкі, каб не быць у даўгу, І толькі любоў да пакутнага краю Ніяк скасаваць i забыць не магу,
Бо слова натхняе, адвечнае, матчына, Таму i хвалююся i не маўчу. Кал i невыносна, Купа лаву «Спадчыну» Заместа світальнай малітвы шапчу.
3/VIII—92
Мая Беларусь
Скакала, смяялася, пела, Гасцям засцілала абрус, Усё неабходнае мела, Глядзела на кожнага смела, I раптам ад гора збялела, I ад пакутаў ссівела Мая БЕЛАРУСЬ.
8/VIII—91
Часовыя госці Зямлі
Мне болей нічога не трэба, Не будзе патрэбна пасля. Было б толькі чыстае неба I шчодраю наша зямля.
Мы толькі часовыя госці, Мы знікнем, нібы не было, I памяць, i грэшныя косці Развеюцца ўрэшце на тло.
Пакутнікі прыйдуць другія, Магчыма, i ў будучы час Закруцяць ix тыя ж стыхіі, Што мучаць, як мучылі нас.
Пад знакам крывавага Марса Спазналі мы ўсё, што змаглі, Мы — ўдзельнікі драмы i фарса, — Часовыя госці Зямлі.
Прыйшлі мы свой век узвялічыць, Усе таямніцы спазнаць, А нас пустадомкамі клічуць, Майстрамі усё руйнаваць.
Атручаны космас i глеба, Нам грозіць i летам зіма, Бо ўжо ні сумлення, ні хлеба, Hi змены надзейнай няма.
Нічога мне болей не трэба, — Бяду даганяе бяда. Былі б толькі чыстае неба, Сумленне, Зямля i вада,
А нашы атрутныя спадкі Каб зноў палыном не ўзышлі, Каб кволыя нашы нашчадкі Па-людску за нас пажылі.