Выбрать главу
Пасля адлігі закруціў мароз, Ударыла сляпая завіруха, Шыпшыннік у гародчыку аброс Празрыстым лебядзіным пухам.
Усё наўкола так, як i было, I застанецца да сканчэння веку, Як i даўней, на свеце правіць зло, Зямля i неба — у палоне здзеку.
Атручаны даўно вада i суша, Усё жывое гіне без надзей, I страшна, што скалечаныя душы Не д'яблам, a людзьмі — ў людзей,
А можа, Люцыфер кіруе намі? Чаму тады глядзіць спакойна Бог, Як здзекуюцца над яго сынамі Яго ж сыны, a ўратаваць не змог?
Калі Ты ёсць, усемагутны Божа, Зірні, як мы канаем на крыжы, Калі сабе ажыць не дапаможам, Ты злітуйся i нам дапамажы.
Магчыма, ён i чуе енк народа, Але наўрад збавенне прынясе, А мы i раўнадушная прырода Знікаем у пакутах пакрысе.
Канчаецца дваццатае стагоддзе У бойках, у нянавісці, ў крыві. Апамятайся i сябе, народзе, На мір i на любоў благаславі.
* * *
Разбурым усё, давядзём да нуля, На месцы былога нічога не будзе. Магчыма, праз век ачуняе зямля I стануць людзьмі незалежныя людзі.
Люты 1991
* * *
Мароз i снег. Над горадам дымы, I сонца заінелае ў зеніце. Лютуе люты, як i мы, Заблытаныя у пякельным быце.
Узлёт паэзіі, высокі дух Здрабнелі, захлынуліся ў нястачах, Святы агонь душы амаль патух I толькі тлее у жалобным плачы.
Падвопытны народ, заўжды распяты, За што табе такі пакутны лес? Твой боль, твае цяжкія страты Не вытрываў бы нават i Хрыстос.
Hi Ён, ні Бог за нас не заступіўся: Амаль стагоддзе — меч над галавой, Што ў барацьбе з народам не ступіўся, I пахне вецер свежаю крывёй.
Калі ж пазбавімся ад вечнай мукі? Мароз i снег. Над горадам дымы... Хоць бы збавення прычакалі ўнукі, Якога ўжо не прычакаем мы.
17/11—92
* * *
Магчыма, гэта мой апошні снег Завеяў сцежкі i чужую дачу, Мне нейкі цень дарогу перабег I напрарочыў новую няўдачу.
Самому крыўдна, што жыццё пражыў, Не ведаючы, што такое святы, Быў двойчы пад крыжом i на крыжы Зняважаны, знявечаны, распяты.
Цярплю, бо распінаюць мой народ Дзялкі i прайдзісветы так старанна, І сорамна, што ўжо каторы год У свеце нас завуць «Абсурдастанам»,
Бо выпаў нам такі няўмольны лес, — Жывём, нібы праклятыя на свеце, Начамі захлынаемся ад слёз I дзівімся, адкуль бяруцца дзеці.
Нарэшце зразумелі,колькі гора Прынесла легендарная «Аўрора».
15/11—92 9-я бальніца
* * *
Як ні горка, а прыйшла вясна I не зважае на мае праблемы, Ужо дыміцца ў полі баразна, Прадаюць на рынку хрызантэмы,
Трыпутнік ледзьве выбіўся з травы, На луг наводзіць лотаць пазалоту, Ляцяць з журботным крыкам журавы На апусцелыя балоты.
Куды ix крылы лёгкія нясуць, Нібыта самагубцаў без звароту? Яны ж смяротны пыл не атрасуць У зоне палыну i скруткаў дроту.
Хацеў парадавацца сонцу i вясне, А здань бяды цікуе ля парогa. Канае дзень. На яве i у сне З вясной прыходзіць новая трывога.
14/11—92 9-я бальніца
* * *

Правда всегда опасна для власти негодяев, эксплуататоров, грабителей. Вот почему правду подавляют.

Юджын Дэбс
I я жыццё пражыў дарэмна То ў марах, то у забыцці. Мне часта сніцца гул турэмны I трыццаць тры бяды ў жыцці.
Адна другую даганяла, Штурхала ў вір, збівала з ног, Абліччы розныя змяняла, А я ix разглядзець не змог.
Гібеў i ўсё ж у нешта верыў, Без веры дня пражыць не мог, А лёс напаў шалёным зверам, I мне ніхто не дапамог.