Выбрать главу
Шлюб
Яе, як ляльку, нёс у клуб I аж трымцеў увесь ты. Ты не ішоў, ляцеў пад шлюб Ад дотыку нявесты.
Міналі тыдні i гады, Былі, як будні, святы. Забыўся ты, што малады Ў нялёгкім чыне таты.
Далёка першая вясна, Няма як маладзіцца, I заблішчала сівізна На скронях маладзіцы.
Бацькоў сыны перараслі, Не рвуцца да сталіцы, Каханых па сабе знайшлі, — Прыйшла пара жаніцца.
Пасля вяселля прывялі Сыны дамоў нявестак. Паўхаты тыя занялі Дзеля сябе i дзетак.
Каторы год у хаце — чад, Што нават гінуць мухі... I дзіўна, як растуць з дзяўчат Злавесныя свякрухі.
7/ІV—92
Лісты без адраса
Я ўсё яшчэ пішу лісты Мне не вядомым адрасатам I ўзводжу хісткія масты. Між буднямі i тлумным святам.
Я ўсё ж пішу, бо не магу маўчаць, Каб гаварыць зусім не развучыцца, Хоць часта не ўяўляю, як пачаць I чым мае пасланне завяршыцца.
Я ні пісаць, ні думаць не магу. Мінае ноч. За вокнамі світае. Магчыма, нехта i маю тугу Ці радасць выпадкова прачытае.
Мяне не вабяць званні, ні пасада, Бо ўсё жыццё шукаю адрасата.
19/VI—93
Вячэрняя малітва
Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся, У неба, у зорак i ў Бога малю Даць волю i долю маёй Беларусі, Вярнуць нашу мову, душу i зямлю.
Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі, Зайшоўся ад болю i голас, i зык, Нас прыхадні гналі пад кулі i ў петлі I вырвалі ў нашага Бога язык.
А Бог уваскрос, i жывы, i нязводны, Распяты не раз без адходнай імшы, У памяці нашай, у долі народнай, У кожнай жывой акрыялай душы.
Зацятыя прыхадні енку не чуюць, Бо ведаюць толькі: «крышы» i «карай»! Пагардай i лютай знявагай лінчуюць I мараць пра «Северо-Западный край».
Яго нашы продкі i мы паспыталі, Але не здаліся пякельнай бядзе: Прарока нам Бог дараваў на Купалле, Каб ён запытаўся: «А хто там ідзе?!»
О, Божа магутны, малю i малюся: Спрадвечныя нашы пакуты згадай, Хоць ты заступіся за лёс Беларусі I згінуць не дай.
30/ VI—3 /VII—92
* * *
Іду дарогай без звароту, Над прорваю, на самы край, I ўжо віднеюцца вароты У пашчу пекла, а не ў рай.
Ніколі раю я не бачыў, Hi ў родным, ні ў чужым краі, Бо на зямлі так мала значыў, Тырчаў, як тычка на буі.
Мяне ламалі i крышылі У сцюжу лютыя вятры, I нумар на спіну прышылі Майго жыцця гаспадары.
Хто ж гэты знак пякельны здыме? Мне ж не сплаціў ніхто даўгі, I я з Радзімаю любімай Прайшоў пякельныя кругі.
Хоць ты, Гасподзь, не пакарай I пакажы здалёку рай.
Хвіліна развітання
Кахала ты мяне ці не кахала, Не разумеў я ўсё жыццё, Ты ласкаю душу закалыхала, А вочы засцілала забыццё
Ўсяго, што адцвіло на раздарожжы, Што знікла за асенняю смугой, I за сібірскай колкай агароджай Здавалася ты самай дарагой,
Бо верыла ў будучае шчасце, А шчасце — не расстацца у жыцці, i гора, i наступныя няшчасці Адолець, абмінуць i абысці.
Не абышлі, не абмінулі гора, Яно паўзе за намі, быццам сліж, Закрэсліла, што радавала ўчора, На плечы наваліўшы цяжкі крыж,
Увесь у стрэмках, на вятрах настылы, I нам з табой у поцемках густых, Відаць, без паратунку да магілы Яго данесці суджана ўдваіх.
Не дачакацца яснага світання. Я ўсё, што лесам суджана, сцярплю, I ў горкую хвіліну развітання Прашэпчуць вусны: «Я цябе люблю».
5/IV—92