Выбрать главу
6/ІХ—91
Maнa
Не ведаю, чыя віна, Што распаўзлася так мана У доўгіх нудных справаздачах, У кабінетах i на дачах. Сын хлусіць маці, маці — сыну, Нявінную зрабіўшы міну. Звычайна памаўзлівы муж Выкручваецца, быццам вуж. А з кім грашыў? З чужою жонкай Пад дараванаю дублёнкай. Мана такая — паўбяды, Бяда, што доўгія гады Хлусня перапаўзае ў зводкі, І страты лічаць за знаходкі: Прыпісваюцца два нулі, Каб толькі процанты былі. За імі з'явяцца рашэнні, I будуць грошыкі ў кішэні. Выкручвацца гультайства мусіць, Бо робіць брак і хлусіць, хлусіць Сябрам, начальству і заводу, А ўрэшце — усяму народу. Хлусні страшэнная хвароба Вузлом звязала бракароба. Палац будуе, — здаў барак, З пальто ад сілы выйшаў фрак, І кажа: «Не мая віна, Што на яго расце цана». Касцюм, што выштукаваў ён, Вісіць, нібыта балахон. Зноў скажа — не яго віна. Ці не зашмат было віна? Ён ледзьве поўзаў, быццам рак, Хаваў чужы i ўласны брак.
Цяпер для ўсіх не навіна, Што зверху сыплецца мана, Заместа манны ў нас яна Усталявалася здаўна. Хто толькі дбае пра сябе, Апошняе з-пад нас грабе, Каб нам хутчэй пайсці на дно...
А берага i не відно.
26/VI—91
Гонар Беларусі
Зямля мая ад Буга i да Сожа, Ты мне за ўсё на свеце даражэй. Няхай цябе усемагутны Божа I нас, i наша поле беражэ.
Народ не будзе болей анямелым, Ніколі нас не ашукае зброд. Пад сцягам бел-чырвона-белым Здабудзе шчасце наш народ.
Мы гаравалі звеку i давеку, А мову i сумленне збераглі, Змагаліся за волю чалавеку Святое беларускае зямлі,
Каб назаўсёды прашчуры i дзеці У нашым светлым доме i ў гасцях Пранеслі гонар Беларусі ў свеце I бел-чырвона-белы сцяг,
Каб узмужнела воля у народзе I расцвіла зямля, як сад. I Беларусь свабодная ўзыходзіць На вечны i пачэсны свой пасад.
24/IX—91
Век

Гляжу на прошлое с боязнью,

Гляжу на будущность с тоской

М. Мермантад
Ну, вось i канчаецца век ашуканства. А што прынясе дваццаць першы? Даўгі, Злачыннае панства, злачыннае п'янства, Цярпенне бясконцай жабрацкай чаргі.
Спакусліва падаюць яблыкі з дрэва, — У свет немаўляты прыходзяць штодня, Начамі сучасным Адамам i Евам Трызняцца Чарнобыль, Афган i Чэчня.
Нам д'ябал бяду за бядой напрарочыў: Сатлелыя косці у танках чадзяць, Нанятых забойцаў здзічэлыя вочы Праз мушкі ў патыліцы нашы глядзяць.