Выбрать главу
Ніхто не прызнаецца ў сённяшнім шале, Што прагне нявіннай крыві i пакут Хлапцоў i дзяўчат, што учора кахалі, А сёння глынае пражэрлівы спрут.
У муках канаюць старыя i дзеці, Знікаюць мільёны ў крывавым віры. Выходзіць, што самымі мірнымі ў свеце Свой век дажываюць лясныя звяры.
Баяцца яны, што ушчэнт даканаем Баброў, ваўчанят i сівога зубра. Калі ж i над нашым зажураным краем Узыдзе шчаслівая зорка Дабра?
Так блізка наступнага веку світанне. Чым стрэне яго мой знявечаны люд? Не, шчасця не будзе нам без пакаяння, Крыві не даруе Гісторыі суд.
Салаўіны плач
Не ўцяміць адразу i што гэта значыць, Чаму салаўі не спяваюць, а плачуць, Не зычаць зязюлі наступных гадоў I не суцяшаюць ні дзетак, ні ўдоў? Напэўна, яны невядомае нацыі, Убачылі гора i жах радыяцыі. Чаму забуялі i чэмер, i блёкат, Чаму юнакі пакаціліся ўпокат I у нябыт адыходзяць навекі? Чаму выміраюць крыніцы i рэкі? Усё ад бяды, ад бяды, да — бяды. Чаму, як шкляныя, звіняць жалуды? Чаму на пялёсткі зрудзелае руты Вясной асядаюць расінкі атруты, Як чорныя воспіны, ўзвеяны пыл Ляціць ад калысак да ранніх магіл? Лісты ападаюць вясной у гаі, I жаласна плачуць у ім салаўі. Не чутна улетку пчалінага звону? Іх ветры загналі ў палынную зону, I дзяцел пакінуў ссівелы гушчар, Бо кожнае дрэва страшней за анчар. Кашчавая хіжымі пальцамі клацае, — Збірае багаты ўраджай радыяцыя. Як здані, блукаюць у полі аратыя, Паціху пытаючы: «Дзе ж вінаватыя?:
30/IV—95
* * *
Пакуль агеньчык не патух, Віецца дальняя дарога, Але штодня вузее круг, A ўперадзе няма нічога.
Пакуль гляджу на белы свет, Пакуль няроўна сэрца б'ецца, A спыніцца, — апошні след I на пяску не застанецца.
Усё прыходзіць без пары, Азмрочвае жалоба святы, Знікаюць лепшыя сябры, I страты памнажаюць страты.
У нейкі дзень календара, Не за далёкімі гарамі, Надыдзе i мая пара Сустрэцца з даўнімі сябрамі.
Апошніх ракавых гадзін Ніхто не ведае ніколі, Калі адзін, зусім адзін Ён знікне, як пясчынка ў полі.
20/11—9/IV—95
ПЕРАКАЗЫ З РОБЕРТА БЁРНСА
Надпіс на папяровых грашах
Я праклінаў шматок паперы, Бо ён суровы быў без меры: Ён разлучыў мяне з каханкай, З шынком, сябрамі, грогу шклянкай.
Ён кідае сумленны люд У голад, у жабрацтва, бруд. Я бачыў, як шчаслівы злодзей Рабуе бедных пры народзе.
Ён мой спрадвеку люты вораг, Яго я струшчыў бы на порах, Але яму — ўсе насцеж дзверы, Бо Урад яму даў шмат паперы.
Каб гэты перажыць падман, Хоць ты ўцякай за акіян.
Надпic на алтары незалежнасці
Хто незалежны, вольны, горды, Сумленны i рашуча цвёрды, Каго натхняе барацьба За волю i за лес раба, Хто ставіць ката на калені Па волi ўласнага сумлення, A ў сэрцы — неастылы жар, Таму вароты — насцеж на алтар.
Адказ вернападданым
Вы верныя трону, нібыта авечкі, Балюеце, ставіце Іраду свечкі, Вас хутка нянавісць народа дагоніць, I хто вас ад кары тады абароніць?
Помнік, пастаўлены Бёрнсам на магіле Роберта Фергюсона
Hi урны няма, ні ўрачыстага слова, Лісты да магілы засыпалі след, I толькі нячэсаны камень суровы Гаворыць: «Шатландыя, тут — твой паэт».
Надпіс на магіле школьнага педанта
«Узяць у пекла, — быў загад, — Tагo, што так вучыў дзяцей, I там, бясспрэчна, з чарцянят Ён навыхоўвае чарцей».
Джонсану