Выбрать главу
Расінкі
Расцвіла канвалія Ў лузе, на юру, I букецік Валі я З росамі збяру. Вочы ледзь замглёныя, Спелая каса, На павекі сонныя Скоціцца раса. На такую мілую Гляну i замру I расінкі стылыя Вуснамі збяру, Нашы сэрцы зверу я, З ласкай пагляджу, У твой сон паверу я I не пабуджу.
28/V—92
* * *
Залочанымі трубамі аргана Гудзе на ветры шчыры бор, Трывожна мне i на душы пагана, Што не знайшоў сябе да гэтых пор.
Жыццё мінае ў пошуках дарэмных, Я ўсё збіраўся нанава пачаць, A быў i заставаўся пад'ярэмным, — На вуснах i душы была пячаць.
Блукаў па чарналессі без звароту, Знікалі назаўжды мае сляды, Трашчалі аканіцы i вароты Пад націскамі лютае бяды.
Я сам хаваўся ад сябе самога, — Здавалася, нягода абміне, Але яе пякельная дарога Вяла няўхільна да мяне.
Змяркаецца, i вечар дагарае, Датлеў у пушчы парадзелы ўбор, Журботную мелодыю іграе На дзікім ветры пасівелы бор.
На сконе веку
Цнатліваю ружоваю дзяўчынкай Ca мною засталася ты навек, Як з-пад прыжмураных павек Паблісквалі іскрынка за іскрынкай, Як пахлі залатыя валасы Даспелымі рамонкамі i мятай, I кожны дзень падобны быў на свята У тыя незабыўныя часы.
На сконе веку ты i я — не тыя, I ўсё даўно не тое на зямлі, I мы з табою некалі былі I грэшныя, i трошачкі святыя. Ранейшага нічога ўжо няма: I лета іншае, i восень, i зіма.
Равесніца
Давай i памаўчым i пасумуем, Дап'ём апошняе віно, I ўсё, што не збылося, падсумуем, I ўсё, што ў вечнасць канула даўно.
Успомнім, чым былі, якімі сталі, Прыкінем, колькі нам яшчэ прайсці Без лозунгаў i «гартавання сталі», Што нас вялі аслеплых па жыцці.
Не па евангеллі, не па карану Вучылі нас дабру i дабраце, I кожны нізавошта пакараны Паверыў, што да волі дабрыдзе.
I дабрылі. Стаміліся, i годзе, Гасподзь, грахі бязгрэшным адпусці На рубяжы наступнага стагоддзя, Хоць да яго наўрад ці нам дайсці.
Без крыўдаў, скаргаў i без злосці Гатоў я абавязкі ўсе злажыць, На юных паглядзець i пазайздросціць, Што ім наканавана доўга жыць,
Магчыма, ў радасці i поўнай згодзе За перавалам новага стагоддзя.
Пакаянне
Табе i мне
Дарагая! Ну, вось мы з табой i сівыя, Дачакаліся ўнукаў, а шчасця чакаем дарма. За акном то дажджы, то завея завые, То пастукае ў дзверы сівая зіма. Мы з табою былі пад захмараным небам, Нам здавалася — шчасця з гарчынкай стае, Як настылае пайкі казённага хлеба, Як усмешкі, як горкай слязінкі твае. Мы чакалі сустрэч, але толькі разлукі Чарадою адна за другою ішлі. Сэрца сэрца шукала, а кволыя рукі Нечакана настылыя рукі знайшлі. Маладосць нечакана ўваходзіла ў сталасць, I з паўслова душа разумела душу. На апошнім вітку нам чагось не ставала... Я i суд над сабой i расправу вяршу, I караю сябе за пралікі i страты I за тое, што ў многім адзін вінаваты. Нас калісьці лічылі шчаслівымі ў свеце: Гасцявалі ў сяброў i збіраліся ў нас. Мы любілі дзяцей, шанавалі нас дзеці, A з гадамі i гэты агеньчык пагас. На апошняй вярсце, на апошнім парозе Сэрца сэрцу патрэбна, рука — саслабелай руцэ, Каб у згодзе прайсці, што яшчэ засталося, Покуль знікнем бясследна ў бяздоннай рацэ. Ты прыйшла на зямлю пад Каляднаю зоркай. Я цябе не збярог. Нас не мілуе лес. Як цяпер ні балюча, ні цяжка, ні горка, Ты ўсё церпіш адна i маўчыш, як Хрыстос. Дай Табе, Усявышні, хоць трошачкі шчасця, Без трывог,і пакут, i бяссонных начэй, Каб яшчэ пратрымацца, каб разам не ўпасці, Покуль дзецям i ўнукам не стане лягчэй. Божа, дай табе сілы да новага веку, Як святому няскоранаму Чалавеку.