Выбрать главу
Што многія датлелі, як агаркі... Пусцеюць душы, i пусцеюць паркі.
12/ V1-93
* * *
Як мне ні горка на душы, Як ні трывожна ў свеце, А сала вей пяе ў глушы Чаромхавага вецця.
Заходзіць сонца за лясы I ўсходзіць, як заўсёды, I ўсё цішэюць галасы Яшчэ жывой прыроды.
Яе пакінулі на здзек I нелюдзі, i людзі. Няўжо i дваццаць першы век Такі злачынны будзе?
Мне кажуць: «Боль не варушы, Пакуль душа жывая». Як добра, што ў лясной глушы Хоць салавей спявае.
Ноч i ціш
Прыпомніў шэпт i пацалункі Ў блакітнай месячнай цішы, I каляровыя карункі I на грудзях, i на душы,
Знарок прыплюшчаныя вочы I ледзь пачутае «Люблю». Я ўпершыню на крылах ночы Спусціўся з неба на зямлю.
На золку бліскалі зарніцы, I хмеліў водар светлых кос, А шчасце першай таямніцы Я праз усё жыццё пранёс.
Праз паўстагоддзя на руінах Здаецца, ў вочы мне глядзіш, I ў непаўторных успамінах — Ты, таямніца, ноч i ціш.
3/IV—92
Адна надзея
Я заўтра ўстану рана-рана I працай смагу наталю, Каб зажыла старая рана, Масты ў мінулае спалю.
Улягу ў марную работу, Хоць i не ведаю, калі Па віражах, праз павароты Я адарвуся ад Зямлі
I палячу ў такія высі, Якіх не бачыў чалавек, Хоць i загадваюць: «Вярніся», Імчуся ў дваццаць першы век,
Бо век, што ўжо даўно на сконе, Прапах крывёй i дзікім злом, Ад нараджэння i па сёння Кляймёны д'яблавым таўром.
Вядзе пякельнымі кругамі З пякельных i бяздонных сфер Аслеплы, з вострымі рагамі Люцыфер люты i цяпер.
A ў рай закрэслена дарога, — Усталяваны гвалт i здзек, Адна надзея што на Бога, Каб блаславіў наступны век.
Усё, што рупіла, старанна Зраблю, каб раны залячыць, Таму i сёння ўстану рана, Каб хоць душою адпачыць.
21/11—94
* * *
Лісты не прыходзяць, няма тэлеграм, Табе дазваніцца ніяк не магчыма, I нават з адчаю не вып'еш сто грам, Каб ты ажыла прад вачыма.
Магчыма, цябе i на свеце няма, A ў памяці быццам — Мадонна святая, Магчыма, сухімі снягамі зіма Ці восень лістамі твой след замятае.
Пакуль я жывы, ты жывеш як жыла, Адданая, прагная i трапяткая. Шкада, што гняздо на дваіх не звіла, Што сёння мяне ўжо ніхто не спаткае.
I я не праводзіў цябе назаўжды У дождж ці ў крутыя марозы. Імкліва бягуць за гадамі гады, Як познія горкія слёзы.
19/11—94
Каляндарны дзень
Колькі дзён яшчэ мне засталося? Быццам i стары, i не стары. Ці пабачу новае калоссе I рабіну ў чырвані зары?
Ці пачую жаўранка на полі I зязюлю шчодрую ў бары? Паспрабую вынік горкай долі Ў новым адшукаць календары:
Прагартаю да канца старонкі, Пагляджу на свой сагнуты цень. Можа, будзе змрочны, можа, звонкі Мой апошні каляндарны дзень. Добра, што не ведаю які, Бо дагэтуль вабяць бальшакі.
20/XII—93
* * *
Гучыць адна i тая ж нота, Нібы парваная струна, I адзінота адзінота, I сум, i востры боль здаўна,
I зайздрасць прашчурам i продка Што i на гэтай жа зямлі Хто доўгі век, а хто кароткі Па-людску некалі жылі
У дабраце i поўнай згодзе Ад першых да апошніх дзён, Бо i ў людзей, як i ў прыродзе, Сумленне — быў адзін закон.
1—2/11—94
* * *