Выбрать главу
Снег завейвае плечы I маю галаву. Да жаданай сустрэчы Я наўрад дажыву.
Праз снягі i завею, Праз начную жуду, Я хутчэй пасівею, Чым да любай дайду.
Толькі ўспомню аб свяце У былыя гады I адчую, што страціў Я цябе назаўжды.
Незваротнаю стратай Пакараў мяне Бог. Мабыць, сам вінаваты, Што цябе не збярог.
2/II—94
Вяртанне
З гадамі Дантэ i Гарацый Мяне хвалююць i часцей Вяртаюць у маё юнацтва, Дзе ўсё сумленней i чысцей.
Дакоры, здзеклівыя кпіны Ў душы пакінулі сляды. I толькі цешаць успаміны Пра незваротныя гады.
3/1—94
Снегапад
Ты помніш за парканам ліпу, Усю з зялёнага святла, Калі без стуку i без скрыпу Неспадзявана ты ўвайшла?
У вузкім i пустым пакоі, Як сон,міналі вечары, I мы не ведалі спакою З табой з зары i да зары.
Гарэлі, быццам вугалёчкі, Іскрынкі незабыўных воч, I карацей тваёй сарочкі Здалася чэрвеньская ноч.
Я ўсё часцей жыву мінулым I азіраюся назад, Калі ўсю ноч з трывожным гула Не заціхае снегапад.
19/XII—93
Блакітная зіма
Прыйдзі непрыкметна сцяжынкай нямою У сінім святле да знаёмых дзвярэй, Цябе я чакаю блакітнай зімою, Прыйдзі i настылае сэрца сагрэй.
Я трачу надзею, а ты нечакана, Калі ні цяпла, ні спакою няма, Зайшла, зачыніла фіранкі старанна, Каб сэрцы дваім не студзіла зіма.
У змроку падыдзеш нячутнай ступою I цёплыя рукі раскінеш шырэй, Мы ў казачным свеце пабудзем з табою, Ты толькі настылае сэрца сагрэй.
Твае пазнікаюць усе таямніцы, А ты пазіраеш дабрэй i дабрэй. Я буду табе на каленях маліцца, Ты толькі настылае сэрца сагрэй.
11/1—94
Каштаны
Мой лес заблытаны i танны: Пра шчасце бачу толькі сны, Жадаю, каб цвілі каштаны I ў мой апошні дзень вясны.
Я ўсё прыпомніў да драбніцы — I дождж, i бэзавую даль, I сіні росчырк навальніцы Над грабянцамі чорных хваль,
Удалечы сагнуты ветразь, Дрыготку вуснаў i кален, Разбуджаных шалёным ветрам Напевы казачных сірэн.
Сваю душу вярэдзіць годзе, Страсаць слязінкі, быццам ртуць, З тых дзён мінула паўстагоддзя, I вось каштаны адцвітуць,
Патушаць свечкі залатыя Ў празрыстым лісці i галлі, Будзённыя, зусім не тыя, Што ў навальніцу расцвілі...
Усё мінае без звароту, Знікае назаўсёды след, Вясёлкі расхінуць вароты Ў нікому не вядомы свет.
2/1—94
Падзяка грому i дажджу
Мы заблудзіліся з табою ў лесе: П'яніў багун i палыновы чад, Каравы дуб над намі вецце звесіў, A сцежкі не відно ні ўперад, ні назад.
Мы думалі, куды цяпер падацца, I раптам хмара, чорная, як дым, Плыла i пачынала загарацца На страх або на радасць маладым.
Ударыў гром, рассечаны маланкай, Што зыркнула, як срэбная змяя, I ты адразу стала паланянкай, I так даўно — тваім палонным я.
За кропляй кропля твар i плечы біла, Наскрозь прамок твой белы сарафан, I да мяне ты ўсё бліжэй туліла Свой трапяткі i захмялелы стан.
Я дзякую дажджу, маланцы, грому, Што ні дарог, ні лесу не відно, Што стала нам утульна, нібы дома, Што сталі мы з табою як адно.
20/XІІ—93
Незваротнае
Пяюць дзяўчаты... Так пяюць, што плачу Па зорных і блакітных вечарах, Па ўсім, што страціў, і па ўсім, што трачу, Па смольных хатах, студнях і дварах, Па песнях на зажынках і дажынках, Па звонкіх падгалосках у палёх, Па бальшаках і расяных сцяжынках, Якіх ніяк уратаваць не змог У некранутай чыстай прыгажосці, Начальнікамі знішчанай дарма. Цяпер не ходзім ні з гасцей, ні ў госці, А там жыла паэзія сама. Пяюць дзяўчаты... Так пяюць, што плачу З бяссілля, што нічога сам не значу, Што жытні дух, ружовы пыл дарог Я толькі ў сэрцы і ў душы збярог.