- Ну было, было. Але ж даўно і няпраўда, - адкручваўся Антон.
- Я табе сур’ёзна рэкамендую пайсці са мною ў “Ясень” і ўдарыць па піўку.
І Антон пайшоў.
Менавіта пасля трэцяга куфля іх гаворка сціхла - здаецца, усё было перагаворана, Генка адышоў у прыбіральню, Антон застаўся адзін. Галаву кружыў лёгкі прыемны хмель, турботы некуды зніклі. Антон перавёў свой позірк з апусцелага куфля на недагрызеную галаву вялізнага ляшча, што нядаўна ўпрыгожваў іх столік-стойку. І раптам яго нібы з-за вугла хто па галаве ляснуў. Не, не ўдарыў фізічна, а неяк як бы знутры скалануў. І пачуўся голас. Ён ішоў не звонку, а гучаў у галаве і станавіўся ўсё выразней. Антон агледзеўся, але піўнушка жыла сваім штодзённым жыццём, мільгацелі куфлі, за суседнім столікам гучна спрачаліся мужыкі, афіцыянтка несла паднос... Раптам з падноса зваліўся куфаль і рассыпаўся тысячай дробных шкельцаў па плітах падлогі кавярні. На шкельцах пераліваліся сонечныя промні, што выслізнулі з-пад лёгкай парцьеры, якая захінала вялікія шкляныя вокны “Ясеня”.
Таямнічы голас прамаўляў: “Разгадка падсвядомых працэсаў ва ўзаемадзеянні нашых Сусветаў. І мост паміж намі - гэта ты. Ты павінен прапанаваць метад кіраванай трансфармацыі, а сябе - у якасці паддоследнага... І тады вы, людзі, будзеце ведаць, што...”
На гэтым сувязь перарвалася. Антон зірнуў на гадзіннік - мінула роўна 5 хвілінаў ад пачатку кантакту. Генка меў рацыю. Толькі пяць хвілінаў. “Што ж было недагаворана?” - варочаліся думкі ў галаве.
Вярнуўся Генка. Убачыўшы ўсхваляванага Антона, ён адразу пра ўсё здагадаўся:
- Было?
- Так. Але мы не дагаварылі.
- Можна паспрабаваць схіліць іх на дадатковы кантакт. Яны любяць, калі на піва “накаціць” гарэлкі. Хадзем на той бок, пасядзім яшчэ ў “Патсдаме”.
Аднак нічога больш не атрымалася. І хоць выпіта было нямала, канктакцёр так і не з’явіўся.
Тым не менш, у агульным плане Антон ужо ведаў, як праводзіць эксперымент. І разумеў, што неабходна ахвяраваць сабой. Дзеля незвычайных ідэй, дзеля развіцця навукі. З такімі думкамі ён праставаў па амаль пустым калідоры інстытута да свайго шэфа.
Ідэя была геніяльная, ды, разам тым, і слабая. Слабасць заключалася ў тым, што малады навуковец нічога канкрэтнага не прапаноўваў. Ён спасылаўся больш на інтуіцыю, бо тое, што мы шукаем у доследах сну, немагчыма апісаць праз свядомае. Ісціна знаходзіцца ў іншай сферы. І сфера гэтая ёсць не што іншае, як падсвядомае.
“Праўда на баку старога Фрэйда!” - з нейкім замілаваннем адзначыў пра сябе Антон ужо каля кабінета Захарава. - “Нейкая няведомая Сутнасць, ці Існае прысутнічала ва ўсіх гэтых доследах. І самае дзіўнае і незвычайнае - я сам,” - ужо зусім упэўнена адзначыў ці не ўслых Антон Дворжык.
Асэнсаванне гэтай канчатковай праўды паступова прывяло да глыбокага пераканання аб выключнасці ягонай місіі: “Паддоследным буду я! Толькі я!”
Без усялякай надзеі Антон пастукаў у дзверы шэфа. Іх размова была нечакана выніковай. Кароткай і на дзіва пазітыўнай. План Антона быў зацверджаны!
“Вось і вер пасля гэтага ў прымхі і забабоны”, - ухмыляўся Антон, успамінаючы ранішняга ката.
Больш за тое! Высветлілася, што шэф і сам думаў вылучыць для доследа некага з іх калектыву і нават думаў пра ягоную кандыдатуру, але не асмеліўся дайсці да актыўных дзеянняў. Усё ж чалавек - гэта самае каштоўнае ў Сусвеце. А сам гэты Сусвет, як казаў Вальтэр, у сваю чаргу - лепшы з усіх Сусветаў, таму ў выніку простых лагічных высноваў няцяжка прадбачыць, да чаго можна дайсці, калі кінуцца ў доследы на злом галавы.
Але пойдзем далей. Усё ж занадта рашучы крок зрабіў Антон, і наступствы не прымусілі сябе доўга чакаць. Вось што запісана ў журнале назіранняў інстытуцкай лабараторыі № 32.
“...Антон Пятровіч Дворжык знаходзіцца ў крэсле-персептоне. На ягоную галаву надзяваюць сігма-шлём. Ён засынае...
Эксперымент пачаўся. Павялічваецца напружанне ў вобласці перакрыжаванай нейрастаксіі. Застаецца толькі некалькі секунд да снакантакту Дворжыка з сігма-полем...”
Раптам запальваецца серыя аварыйных лямпачак. Здарылася нешта надзвычайнае. Яшчэ нядаўна пакорлівыя і нерухомыя стрэлкі прыладаў пачалі бязладна мітусіцца, а з-пад сілавога блока пацянула дымам.
Дворжык стрымгалоў падскочыў уверх, адпіхнуў маладога асістэнта Колю, які кінуўся быў на дапамогу... І пачаў прыглушана, як у гіпнатычным сеансе, гаварыць дзіўнае. Але амаль нічога з ягоных словаў не ўдалося запісаць. Праўда, пасля сеансу з усёй неразбярыхі меркаванняў сведкі ўсё ж сышліся на больш-менш задавальняючай версіі. Гэта адбылося пасля даволі грувасткай метамарфозы, якая раптам здарылася з Антонам. Голас яго пачаў выроўнівацца, афарбаваўся прыгожым барытанальным тэмбрам, і самае цікавае - выглядала на тое, што ён усё бачыць, а не спіць у лабараторным крэсле.