Раптам чорныя начныя хмары разам, нібы па сігнале, закрылі абыякавае месячнае святло, і ён ужо зусім нічога не бачыў. Пайшоў дождж. Дождж быў дробны і цёплы. Прыкметна пацяплела, лагодны спакой апанаваў цела. Яму стала вельмі добра і нічога ўжо не хацелася, а засталася толькі безуладная думка, што трэба некуды ісці, а куды - ён ужо не ведаў, хаця заставалася яшчэ нейкая надзея. Дзеля нечага ён жа прыйшоў сюды. Куды гэта - сюды?
Антон, нібы самнамбула, крочыў і крочыў наперад, хоць тое, што было перад ім, даўно ўжо стала незнаёмым ці, дакладней, нечым іншым. Ён даўно ўжо забыў усе веды пра Нэйсі, і гэтая акалічнасць чамусьці яго не закранула зусім. Толькі адно засталося вядомым: трэба ісці, ісці. Часам нават здавалася, нібы гучыць нечы механічна-жалезны голас, і рэхам у галаве аддаецца:
“Ідзі сюды.. Сюды. Павярні туды... Ідзі, ідзі.”
Невядома, колькі прайшло часу, але Антон адчуў, што дожджык скончыўся. Цяжкія хмары неўзабаве разышліся, распаліся перад светлай прысутнасцю на незвычайна чыстым небе яркага сонца.
І стала незвычайна ціха.
Ад гэтай нясцерпнай цішыні поўня, якая разам з бліскучымі зоркамі таксама была побач з сонцам на небе, здавалася вялізнай і важкай. Яна выглядала нашмат салідней і сур’ёзней за маленькае й вясёлае сонейка, і гэтая неадпаведнасць прадвяшчала хуткую перамогу тых іншых, новых уяўленняў аб сэнсе й бясконцасці жыцця.
Простыя лініі сталі гнуцца, закручвацца ў спіраль, кругі, наадварот, ператварыліся ў квадраты. Лес быў ужо не лес, ён стаў тым інакшым, іншым, і гэтае іншае нешта знікала ў матэматычнай бясконцасці, бо сама рэальнасць даўно знікла. Карагод з’яў у свеце скажонай геаметрыі хутка змяняўся, і нарэшце, як скрозь туман, Антон убачыў Нэйсі.
Час і прастора паволі прыпынілі свой вар’яцкі бег, і ўрэшце ўсё супакоілася. Ні поўні, ні зорак ужо не было. У блакітным зеніце дня лагодна ззяла сонейка. Да самага небасхілу цягнулася раўніна, злёгку прарэзаная акуратнымі лапінамі незвычайнага, магчыма, трапічнага лесу ўперамешку з прагаламі якойсьці нізкай квітнеючай расліннасці. Антон стаяў пасярод вялізнага поля, проста перад ім да самага небасхілу гарэлі чырванню кветкі незвычайнай велічыні. Павярнуў галаву і ўбачыў густы незвычайны лес. Спачатку ён не ўцяміў, што тут не так, у чым незвычайнасць. Але праз імгненне здагадаўся: дрэвы былі сінімі! У галаве яго пранёсся няпэўны ўспамін, што гэта ўжо ён недзе бачыў. “Так! Гэта было ў маіх дзіўных снах!” - мільганула нечаканая думка. Менавіта такі лес ён бачыў у сваіх відзежах з таго няўдалага, але памятнага эксперыменту.
Нэйсі, апранутая ў лёгкую летнюю сукенку, стаяла зусім блізка, яе блакітныя вочы з сумам глядзелі на яго. Разам з тым нешта святочнае адчувалася ў яе абліччы.
- Ну вось. Ты прыйшоў сам, - ледзь чутна сказала яна. - Тады ведай: я гэтага не хацела, ты сам вінаваты. што пайшоў за мной. Ведай тады праўду пра мяне і свае сны. Ведай.
Нешта цяжкае падкаціла да горла Антона, сэрца зашчымела ад прадчування непазбежнага, і яму нават хацелася спыніць Нэйсі, каб больш нічога не чуць і не ведаць таго, што будзе сказана. Але словы ўжо гучалі.
- Паглядзі наўкол. Пэўна, ты бачыў падобнае ў сваіх снах. Дык вось, ведай: гэта і ёсць твой сон. Калі дакладней, сам ты не спіш - у звычайным сэнсе гэтага слова, а знаходзішся ў іншай рэальнасці, у якую, можна сказаць, сам напрасіўся. Згодна з вашай чалавечай логікай, гэты іншы Сусвет можна было б назваць краінай сноў. І я таксама твой сон. Ты, магчыма, успомніш, што гадоў пяць таму я прыходзіла да цябе ў снах. Я любіла прыходзіць да цябе, бо ўжо тады цябе кахала. Але памяць пра той сон амаль сцертая. Гэта неабходная мера бяспекі. У нас ёсць сродак, каб вы, людзі з альтэрнатыўнага нам свету, раніцай памяталі далёка не ўсё, а то і зусім нічога.
- Нэйсі, - прыпыніў незвычайную прамову Антон, - пачакай. Калі гэта не сон, дык як жа ўсё можна сумясціць? Як?
Ён не знаходзіў словаў. Стала ціха.
- Добра, слухай і паспрабуй зразумець. Свет, у якім я жыву, падпарадкаваны іншай логіцы, чым ваш, тут уладараць свае законы, свой парадак. Ён і падобны і не падобны на ваш, але галоўнае - мы непарыўна злучаныя з вашым светам. Ты мог бы яго назваць светам сноў, аднак ён такі ж рэальны для нас, як ваш эўклідаўскі - для вас. На першы погляд, у нас тыя ж людзі, што і ў вас, тыя ж праблемы. Больш за тое, у нас амаль такая ж прырода: лясы і рэкі, вёскі і гарады. Ну, можа быць, толькі лес з сініх дрэваў - нашая адметнасць. Ну падумаеш - сіні лес, дык той бяды!..