Спачатку зеленавокая была далёка, але, пачуўшы ягонае «Падыдзі!», нечакана паслухалася, пайшла да яго. Яшчэ трохі… і яна ўжо побач. Ён глядзеў на яе пышныя валасы, палаючыя вочы, зваблівыя вусны. Абняў. Удыхнуў водар маладога цела. Прашаптаў:
– Не бойся, распранайся, усё добра, усё будзе добра, усё будзе.
Зялёныя вочы прыжмурыліся, і ў гэтым позірку ён прачытаў тую ж нянавісць, што і тады, за першым разам. Не вытрымаў, выбухнуў:
– Скідай шмоцце, сце-р-р-ва, – расцягваў словы. – Зараз жа!
Яна адвяла вочы, расшпіліла верхні гузік кофты. Маўчала.
«Спрытна, – усміхнуўся Хрыпаты. – Што ні кажы, вопыт. Вопыт, як і талент, не прап’еш. Толькі талент даецца ад роду, а за вопыт трэба папацець, панапінацца».
За тры гады службы тут яму нямала давялося папацець і панапінацца, перш чым навучыўся браць сваё адразу. «Вось і гэтая цыцастая зараз запрацуе…»
Яна крыху адступіла, зняла кофту. Адчула, як яго прагавітыя вочы абмацвалі праз ліфчык яе грудзі. Павярнулася спінай:
– Расшпілі.
Паволі, п’янеючы ад асалоды, Хрыпаты ступіў да зеленавокай.
Зэчка раптам размахнулася і шпурнула ў яго кофту. Кофта была ў ліпкай, як клей, слізі. Кофта абярнулася скурай! Праз сілу аддзёршы яе ад твару, ён убачыў перад сабой вялізную чорную змяю. Галава змяі-гадзюкі рухалася. Аддалялася. «Дзякуй Богу!» – выдыхнуў Хрыпаты. Але змяя стаілася, потым павярнула назад. Затрымцела джала.
– Ш-ш-ш-ш… – пачуў начлагера гук, які паралізуе ўсё жывое. Разявіў у жаху рот.
Змяя кінулася. Упілася ў яго вусны. Адарвала кавалак ніжняй губы. Адскочыла. Выплюнула. Запырсканая крывёй, прашыпела:
– Яшчэ пацалуначак? Хочаш-ш? Хо-очаш!
Прачнуўся Хрыпаты ад свайго ж крыку. Першым, як заўсёды, убачыў Фелікса.
– Ізмаіл Віктаравіч, – спытаўся служка спакойна, бы нічога не чуў, – гарбату несці?
– Прыдурак, тупіца! Кожны раз тое самае! Блага мне, ёлупень…
Начлагера не паспеў дагаварыць, як Фелікс знік за дзвярыма.
«Не жылец», – падумаў сам сабе Хрыпаты. Неахвотна ўстаў, падышоў да вядра з вадой. Зачарпнуў у далоні – вада ледзяніла. Расцёр твар. Прахрыпеў:
– У-у-х! Каб цябе разарвала!
Холад ажывіў. Ён успомніў зялёныя вочы – чалавечыя вочы, што ззялі на вялізнай змяінай галаве. Прымроіцца ж такое!
Зноў бязгучна з’явіўся Фелікс. Ён стаяў на парозе з падносам і, не міргаючы, адданым сабакам, глядзеў на гаспадара.
Хрыпаты прысеў за стол ля акна. Махнуў:
– Давай!
Слуга падляцеў, падаў сняданак: хлеб, сала, капусту, пляшку гарэлкі. Наліў.
Выпіўшы шклянку, начлагера амаль зусім ачуняў:
– Ну, што там, расказвай.
– Новенькіх размеркавалі… – пачаў быў Фелікс.
– Ды я не пра гэта, – спыніў яго Хрыпаты.
– А-а… – сумеўся Фелікс. Скеміў, чаго ад яго хочуць, дадаў: – Чарнявую на кухню ўладкаваў. Каб не застудзіла свае чары. У тайзе цяпер, самі ведаеце…
– Добра-добра, досыць, – супакоіўся начлагера. – Ідзі, дай паесці.
Калі Фелікс выйшаў, Хрыпаты наліў яшчэ, хукнуў, выпіў, паглядзеў на ежу, але заядаць не стаў: пасля такога сну нiчога ў горла не лезла. Перад вачыма стаяла чарнявая. Падумаў: «Трэба праведаць», – і, кульнуўшы трэцюю шклянку, зняў з цвіка кіцель.
Нырнуўшы ў пякуча-марозную раніцу, начлагера прайшоў вахту і апынуўся перад пляцам, на якім трэніраваў некаторых «асабліва разумных». Пазаўчора адзін такі грамацей, заходнік, Язэпам звалі, тут і сканаў.
– Вырадак! – успомніўшы, мацюкнуўся Хрыпаты. – Упартае быдла трапілася. Ледзь сам праз яго не сканаў: цэлую гадзіну на гэткай халадзіне.
Праклінаючы грамацея, начлагера перайшоў пляц, абагнуў сталоўку і апынуўся ля дзвярэй на кухню. Увайшоўшы ў падсобку, натрапіў на зеленавокую: тая ля дзвярэй шаравала днішча вялізнага рондаля. Краем вока яна ўгледзела начлага, але галавы не падняла, не спыніла работы, вышкрабала прыгар. Хрыпаты не прывык заставацца незаўважаным – адфутболіў рондаль, зароў:
– Вочкі падымі! – Не ўбачыўшы вочак і не пачуўшы адказу, дадаў: – Устаць, сцерва!
Зеленавокая не выцягнулася, як належала, у струнку, а павольна паднялася і пачала паводле статута:
– Зняволеная…
– Адставіць! – перапыніў Хрыпаты, убачыўшы звычайную рэакцыю на свае словы. – Працуй, не мітусіся. – Але нечакана ступіў да яе, схапіў за падбародак, прасіпеў: – У дзевяць прыйдзеш да мяне. Уцяміла? У дзевяць. Дзевяць нуль пяць буду лічыць спазненнем. Ты ўжо ведаеш, што спазненне ў нас – як непадпарадкаванне, як крок улева або ўправа. Ведаеш? Добра, працуй. І памятай: у дзевяць.
Учора, калі зеленавокая пачула пра смерць Язэпа, яна зразумела: знікла апошняя надзея! Надзея быць побач з мужам. Зразумела і – перастала цвяроза ўспрымаць свой стан. Баязліва-мітуслівыя зэчкі і зэкі, злыя і крыклівыя вертухаі – усё было як сон. І толькі пачуўшы хрып начлагера: «Устаць, сцерва!» – ачулася. Гэтым агідным словам яе ніхто ніколі не зневажаў. Нават у «амерыканцы». Цяпер усе яе думкі былі толькі пра Хрыпатага: яна адпомсціць. І за Язэпа, і за сябе. Яна заб’е яго! Як? Пакуль – не ведае, але заб’е. Абавязана забіць!