Вярнуўшыся са сталоўкі ў барак, у размове зэчак улавіла гуллівую заўвагу, што начлагера ўвечары цвярозы не бывае, і нечакана супакоілася: можа, менавіта гэта ёй і дапаможа. Яна не прапусціць такі шанец. Цяпер яна, здаецца, ведала, што рабіць.
Вертухай прывёў зеленавокую акурат у дзевяць. Галоўны халуй начальніка лагера Фелікс сустрэў іх у сенцах і, з’едліва ўсміхаючыся, дыхнуў на яе забойчай сумессю махоркі і самагону:
– Надта не выпінайся, мне што пакінь. Я ж… – дадаў цішэй, – не начальнік – разлічуся.
Зачыніўшы за ёю дзверы, пстрыкнуў пальцамі і, звяртаючыся да стралка, дадаў:
– А вочы якія, га? Так бы і выразаў на памяць!
«Але, – пачухаў той патыліцу, – ты і на такое здатны».
Калі зеленавокая ўвайшла, начлаг ляжаў на ложку.
«Храпе, кныр», – павесялела. Хваляванне ўляглося, і ўжо амаль з усмешкай паўтарыла пачутую ў лагеры прыказку: «Любіць літара “х” храпучага, хрыпатага, падобнага да храка, начхрэна Храпіна. Нічога, – сказала сама сабе, – сёння ты храпеш апошні раз».
– Свалата! – прамармытаў у сне начлагера і заціх. Зеленавокая прыслухалася. Крокі? Здаецца, сюды ідуць.
Кінулася ў ложак, прытулілася да Хрыпатага.
І ў час. Фелікс вярнуўся праверыць, што там у гаспадара. Ці дастанецца што-кольвек на яго долю? Асцярожна прачыніўшы дзверы, убачыў ідылічны малюнак: парачка злілася ў абдымках. Прабурчэў:
– Ага, гэты пакіне. Ды няхай! Прайдуся па бараках, якую з новенькіх выцягну.
Зеленавокая раз-другі дакранулася да пляча Хрыпатага, зразумела, што той у глыбокай п’янай коме, і ў думках падзякавала Богу: першая частка задачы вырашылася сама сабой. Асцярожна, стараючыся не трывожыць, пачала сцягваць з яго гімнасцёрку.
– З жанчынай зручней мець справу распранутым, – паўтарала на той выпадак, калі ён прачнецца.
Начлагера хроп і голы. Зеленавокая выцягнула з галіфэ рэмень і звязала яму рукі. Пашукала вачыма па сценах, угледзела прызначаную ці не для сушэння бялізны вяроўку і абматала ёю ногі. Падумала, што для такога бугая гэтага будзе замала, і прывязала яго яшчэ і да ложка.
Хрыпаты застагнаў, прачнуўся. Зеленавокая дачакалася здзіўленага «Дзе-э?» і заткнула яму рот яго ж рукавіцай. Начлагера вылупіў вочы – не разумеў, што адбываецца. З дапамогай конаўкі сцюдзёнай вады канчаткова прывяла яго да памяці.
Ён адразу дапяў – звязаны. Ірвануўся, але, быццам прыціснуты нечым цяжкім, ледзь адарваў галаву ад падушкi. Зноў тузануўся, паспрабаваў разарваць путы, замычэў.
«Сцерва! Звязала так, што ні рукою, ні нагою… Ціха, ціха, спакойна, – цверазеў Хрыпаты. – Вырвацца! Галоўнае – вырвацца, выратавацца. Задобрыць суку. Прасіць, маліць, абяцаць… Толькі б вырвацца! – Ён круціў галавой, стагнаў. – Дзе ж Фелікс? Дзе гэты прыдурак? А сцерве я лаханку выверну…»
– Слухай, нелюдзь! – пальцы зеленавокай аплялi горла Хрыпатага. – Калі мяне згвалтавалі ў «амерыканцы» і потым адчула, што нашу дзіця, я паклялася: заб’ю сябе. Заб’ю! Але абавязкова захаплю з сабой такога, як ты, вылюдка. Калі ж надарыўся шанец убачыць мужа, я загадала сабе: чакаць! Трываць і чакаць. Любой цаной дачакацца сустрэчы. Я спазнілася толькі на дзень…
Хрыпаты ўбачыў у яе руцэ нож. «Фелікс, неданосак, не прыбраў», – пранеслася ў галаве. Ён з жахам зразумеў, штo задумала зеленавокая. Зноў ірвануўся, захрыпеў, з рота, з-пад рукавіцы, засачылася пена, але путы не выпускалі, скавалі намёртва.
Яна адцягнула яго адростак і паласнула нажом.
Рукавіца, як пыж са стрэльбы, вылецела з перакошанага ад болю рота, і нечалавечы крык аглушыў зеленавокую. Акрываўленымі рукамі яна схапіла Хрыпатага за горла. Не для таго, каб абарваць гэты крык ці задушыць вылюдка, – хацела бачыць ягоныя вочы.
– Цяпер, нелюдзь, ты ўжо нікому нічога не загадаеш. Жыў жывёлінай, жывёлінай і здохнеш, – прашаптала, не заўважаючы, што Хрыпаты ўжо не хрыпіць.
У калідоры пачуліся крокі, гаворка. Нехта набліжаўся.
«Не спіцца шакалу, – пазнала яна голас галоўнага халуя. – І гэтая гніда квапілася на мяне: “Я – не ён, я разлічуся”». Падбегла да дзвярэй, затаілася: «Не ты – я разлічуся!» У пакой уваліўся Фелікс, і яна кінулася на яго. Нож толькі слізгануў па ўкормленай шыі: вертухай, які забег у пакой услед за Феліксам, адкінуў яе ўбок. Зеленавокая наляцела на рог стала і страціла прытомнасць.