Выбрать главу

Эдуард Акулiн

НЕПРЫЧАЛЕНЫ ЧОВЕН

Падрыхтаванае на падставе: Эдуард Акулін, Непрычалены човен: вершы — Мінск 2003.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2007

Зрэбнае рэха

Рэквіем парэзанаму “Радну”
Хоць не калхідскае руно -- сатканае з суворых нітак -- Ад прадзедаў спакон -- Радно - наш скарб духоўны і нажытак.
І гэты скарб на гвалт, на зьдзек пусьцілі кніжныя вандалы. О як пажадна рэзаў-сек драпежны нож аб Волі мары...
Не ў кінавары , а ў крыві лязо сталёвае кіпела... На часткі -- поўную Любві душу, што ў вершы заляцела.
На прах паперны ў небыцьцё -- Каханьне, Гонар, дух Максіма... Дай Бог вам -- доўгае жыцьцё, сьляпыя служкі Гільяціны!...
Што ёсьць Паэзія?
Што ёсьць Паэзія? -- Жыцьцё, ці думак прах на тле паперным? Гасподні Голас, Адкрыцьцё, ці д’яблаў смутак апраметны?
Што ёсьць паэзія? -- Ныцьцё душы на паперці жыцьцёвай? Ці дабіблейскае быцьцё -- перадусімнасьць сутвы Слова?
Што ёсць Паэзія? -- Зьліцьцё Красы адвечнай і Паэта? Ці ваўкалацкі лёс -- выцьцё над перакуленым Сусьветам?
Што ёсьць Паэзія? Што ёсьць?
Аве, Марыя

Памяці маці

Час прыйшоў за грахі вініцца... Памяць паліць гады на тло. Ды часьцей стала мама сьніцца -- не сама, а яе Сьвятло.
Мне на гэта Сьвятло маліцца -- покуль будзе мой шлях відзён... --Мама, імя тваё сьвяціцца -- хай ад сёньня -- да скону дзён.
Гэта ж ты мяне нарадзіла. Што змагла -- то ў жыцьці дала... Ты і ёсьць для мяне Радзіма. Не прывыкну казаць -- была.
Па Нёмане на плыце
Чэрвень. Чэзлае сонца. Цень ад вясла ў вадзе... Шлях -- як жыцьцё бясконцы па Нёмане на плыце.
Ад зьвіслага вуса Усы -- паўз Прыстаньку, дзе калісь дзядзька Якуб беларусаў вучыў, як патрэбна жыць...
-- Пад бел-чырван-белым сьцягам куды плывяце, хлапцы? -- З грэкаў плывем у варагі... Напраўду? – Ай, малайцы!
Пасьпець
За справамі, хатнім клопатам спрабуем схаваць душу ад неба, і Бог ня ў попыце, -- як летняй парой кажух.
Зьбіраем, будуем, рупімся -- сьпяшаем кудысь пасьпець. А чым за грахі адкупімся? -- з сабой не захопіш медзь...
Люстэрка па даўнім звычаі схавае ад воч радня... А што , як сябе бяскрылаю убачыць у ім душа?..
Патрэбны
Ты камусьці патрэбны на бацькоўскай зямлі, дзе біблейскія вербы зоры ў кроны ўплялі.
Дзе ў нябёсах высокіх -- жураўлінавы шлях, дзе начуюць анёлы на царкоўных крыжах.
Ты камусьці патрэбны. Ты патрэбны камусь... Покуль моліцца небу за цябе Беларусь.
Трыпціх Слова
І
Слова -- мой шлях да Бога. Слова -- мая дарога. Слова -- мой крыж жыцьцёвы. Бог уваскрэс у Слове.
Слова і ёсьць мне Богам -- небам, крыжом, дарогай...
ІІ
Сьлёзы Хрыстовы -- словы. Словы -- Хрыстова кроў. Цьвікамі ў далонях словы -- Бог -- гэта Любоў...
ІІІ
Насеньне Слова ў ральлю душы Бог шчыра сее -- не саграшы... І ў думным жыце урэшце рэшт Бог дасьць - узыдзе валошка-верш.
Лебедзь
Лебедзь -- у сінім небе. Гэта прыйшла зіма. Белай завеяй вецер пух разадзьмуў з крыла...
І над цнатлівай Пціччу, як багародны грэх, лебедзь -- тваім абліччам кружыць біблейскі сьнег.