Прадаюцца заводы, --
ўсё, што льецца і п’ецца...
Памяць, Воля народа --
не прадаецца.
Трактары, самаходы, --
ўсё, што б’ецца і гнецца.
Песня, Мова народа --
не прадаецца.
Дрэвы рознай пароды, --
ўсё, што косіцца, жнецца.
Гонар, Годнасць народа --
не прадаецца.
Купяць нават Чарнобыль --
знойдуць чым заплаціць...
Сьлёзы, гора народа --
не прадаць, не купіць.
Не спрабуй -- не здалееш,
як мазгі не кукож, --
цэньнік свой не наклееш
на Дняпро і на Сож.
На крыжы нашай веры,
што ў глыбінях нябёс, --
не прычэпіш паперу --
“Прадаецца пад знос...”
Як з Бажніцы -- ікону,
як з магілы -- труну, --
так табе без праклёну --
не прадаць Беларусь...
Сам запомні і сыну, --
каб ня стаў халуём --
“Каб ты спрах без Радзімы!” --
перадай мой праклён.
Балада пра Краіну-мару
Мы, беларусы, -- заўжды гатовы
снапамі класьці свае галовы.
Было спакон так і гэтак будзе --
такі народ мы, такія людзі.
Наш час спыніўся між дзьвюх Нямігаў,
дзе кроў і сёньня стаіць па грудзі...
Мы, беларусы, народ ад ліха,
ад Бога -- толькі сьвятыя людзі.
Яны былі ў нас, былі і будуць --
Рагнеда, Янка, Максім, Ларыса...
Мы, беларусы, -- народ аблудлы --
сваёй радзінай не ганарымся.
У нашых душах гуляе вецер...
Каму мы служым? Чые мы дзеці?
На храмах нашых маўчаць званіцы.
Нямая вера -- як нам маліцца?
Як дараваньня прасіць у Бога,
каб Ён вярнуў нам сябе самога.
Хрыстос калісьці хадзіў між намі...
Мы, беларусы, -- Яго прагналі.
З нас, беларусаў, яшчэ спытаюць --
за лёс Страціма, за сімвал Краю.
Чаму у сэрцы з такім адчаем
нас б'е Пагоня -- сячэ мячамі...
Мо Беларусы, мы -- янычары?
Чацьвёрты кожны з нас стаў зямлёю...
Чарнобыль чыніць над намі кару,
Мы, беларусы, сваёй крывёю
сабе здабудзем Краіну-мару.
Краіну-мару, дзе мы ўваскрэсьнем --
як сонца з хмары, як мова -- з песьні.
Краіну-мару сабе здабудзем
мы, Беларусы. Мы -- ёсьць! Мы -- будзем!
Заміж эпітафіі
Калі памру,
сябры наўсьлед спытаюць:
-- Куды, паэце, крочыцьмеш у скрусе?
-- І рад бы ў рай – анёлы не пускаюць.
Мілей, чым рай – мне пекла Беларусі.