Клямка
Клямка на брамцы дзяцінства майго --
так незаўважная плямка.
Як на марозе сарваная ў кроў
скура на вуснах ранка...
Клямка -- язык паказны дзьвярэй.
Клямка -- далонь падворка.
Звычніца клянчыць і чым старэй --
тым адмысловей горка.
Клямцы паклёпнічаць не з рукі.
Клямка сама з паклёпу...
Колькі разоў да яе замкі
слалі сватоў бяз толку.
Клямка у сенцы і пад павець.
Клямка ў чужое шчасьце...
Мара мужчыны -- хутчэй займець
клямку жаночай жарсьці...
Вільчык
Хто з нас скокнуць ня марыў з вільчыка
у дзяцінстве на пару з ветрам?..
Стуль, дзе певень стаяў за пільніка,
дзе хмяліла віном паветра.
Падагнаны скрылём да скрыльчыка,
з клёпак зьлеплены ехаў дах,
як па строме страхі да вільчыка
я ішоў, прыручыўшы страх.
Мудры час ўсьміхаўся ўмілена,
і крыло падстаўляў Анёл.
Мы расьлі і ніжэлі вільчыкі,
і радніўся з блакітам дол.
Хутка сын з вышыні акрыленай
свой зрабіць паспрабуе крок...
Божа літасны, не пакінь яго,
як Ікара, сярод аблок.
Карчма
Як віно бурдзюка мяхі --
разрываюць мяне грахі...
І душа, што была царквой,
мая стала цяпер -- карчмой.
А ў карчме ладзіць чорт імшу,
а ў карчме прадаюць душу.
Хто за срэбра, а хто за кроў,
хто Радзіму, а хто сяброў.
Нехта маці, а хтось жану,
нехта здраду, а хтось віну...
Бо няма у карчме ікон,
бо піўны у карчме амбон...
І сьвятар -- хітры чорт глухі --
адпускае віном грахі.
Позна
Марна анёл-ахоўнік
мне надарваў рукаў --
міма царквы праходжу,
часу няма на Храм.
А у вязьніцы-целе
стала душа старэць.
Б’ецца, як рыба ў пелі,
аб ледзяную цьвердзь.
Ды за бязьвер’я хмарай
сонца ёй не відно.
Позна аб крылах марыць --
цягнуць грахі на дно...
Восень
Восень. Дажджы. Слата.
На скразьняках Сусьвету
выстыў птушыны шлях --
душ пералётнасьветных.
Столькі у іх сьвятла,
столькі тугі крылатай...
Зорыцца Млечны шлях,
нібы царква, на сьвята.
Стрыптыз
У тэатры восеньскага лесу,
дзе няма ні сцэны, ні куліс,
вецер рэпетуе зранку п'есу
з мадэрновай назваю "Стрыптыз".
Аднойчы
Аднойчы мяне ня стане --
як рэха ў сьляпым тумане...
Спачатку забудуць суседзі,
пасьля сябры і калегі
і ў рэшце рэшт -- Каханая..
А дзеці? Няўжо і дзеці,
кім марыў я тут застацца,
таксама мяне забудуць
і не паклічуць з туману.
Ношка
Я нясу на плячах сваіх цемру...
Бацька -- мне, дзед -- яму перадаў.
Гэта цемра -- паўночнае неба,
і знутры -- залатая яна.
У ракуцёўшчыне
У родным краі ёсьць крыніца...
Чыймі сьлязьмі --
нам столькі год не наталіцца? --
скажы, Максім.
Валошкі ў жыце на пагорку
ня тояць страх.
Таму нябёсы -- лёсам горкім, --
хто горды Птах...
Хоць дух Паэтаў з кожным годам --
усё вышэй.
Ды пачуваць сябе Народам --
чамусь цяжэй...
Слова
Даруй мне, Слова,--
я страшны грэшнік,
што ганьбіў мову
бяздарным вершам.
Што сэнс твой боскі
не разгадаў я,
што здрадзіў Лёсу --
Табой ня стаў я.
Каб быць Паэтам --
жыць трэба Словам,
лунаць над сьветам
на крылах мовы.