Я ж не лунаю
у сінім небе,
бо крыл ня маю,
як Страцім-Лебедзь...
Сыс
Забылі Сыса -- як забілі
Паэта у мулкай труне...
Забілі, забілі, забылі --
“І словы - вярыгі мае...”
Забылі Сыса -- як любілі,
як вучні калісьці Хрыста.
Забілі, забілі, забылі --
“І выкрэсьліў Слова я...”
Забылі Сыса -- як малілі:
-- Ня пі болей, Толя, -- памрэш...
Забылі, забылі, забілі --
яго ненапісаны верш.
Забылі Сыса -- як завылі
апоўнач за Гомлем ваўкі.
Забілі, забілі, забылі --
чые між аблок ветракі...
Плашчаніца
Барысу Пятровічу
Мінуў той час, калі
сустрэўшы паміж ночы,
Анёл нам гаварыў:
-- Жывіце -- вочы ў вочы...
Гады, нібы плыты,
да плёса Лёс звалочыў,--
ды памяталі мы --
жыць трэба -- вочы ў вочы.
І ў вечнасьці на дне
праявіцца аднойчы,
як фрэска на радне --
два словы -- вочы ў вочы...
Выбар
Раісе Баравіковай
Такое кароткае лета...
Пасьпець бы прамовіць: -- Кахаю!
А лёс нарадзіцца Паэткай --
Галгофа ў юдавым краі.
І толькі з мінулых вякоў,
якія нам больш не належаць,
параненым крыкам -- дакор:
-- Каханьне альбо Незалежнасьць?
Альбо -- і нічога паміж,
і выбар амаль неадольны...
-- Каханьне... Каханьне -- мой крыж!
Хай іншыя выберуць Волю...
Тут Зніч уваскрос...
Галіне Дзягілевай
У лёхах касьцёла Сымона й Алены,
якім любаваўся калісьці Максім,
Драўляны алтар -- паэтычную сцэну --
ахутаў біблейскага вогнішча дым.
У дыме тым -- яблык надкушаны Евай,
і рэха літаньняў і шоргат крыла...
І песьні, ці лепей сказаць -- песьнясьпевы --
гучаць, як найвышняму Пану хвала.
Тут сьветла ад свечак - ды не з жырандоляў.
Тут сьветла ад сьвечак, што ў душах гараць...
Тут Зьніч уваскрос -- нашай марай аб Волі,
якой ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць!
Спакон
Спакон у славянскім жыце
валтузіліся між сабой
Расія-імператрыца
і польскі галган-кароль.
Пры іх ад цямна да ранку
са сьвечкай на ўсіх вятрах
Радзіма мая -- сялянкай
стаяла у галавах...
Датуль
Датуль Беларусь ня зьгіне,
ня кане ў нябыце-сьне, --
пакуль у нябеснай сіні
заступніца-Ефрасіньня
моліцца за яе.
Жыве!
На парозе тысячагоддзяў,
не скароная ліхаўне,
у Храме -- сваім Народзе --
як спакон -- Беларусь жыве!
З чужога неба
(Пераклады)
З літоўскай
Аідас Марчэнас
Паэт
Гінтантаўтасу Патацкасу
мне крылы пазычыць вецер
анёл мне падорыць ліру
а слугі ўскладуць на плечы
мне золата ладан міру
прайду я патухнуць зоры
у пыл спарахнеюць замкі
абурана бура горы
зраўняе для хіжай славы
сьвятлом надзяліце й хлебам
грашыма і цёплым дахам
і вернецца наўзамен вам
крывёй і гарачым прахам
я хлушу найлепш ад праўды
нашмат прыгажэй чым трэба
я хлушу а гэта значыць
жыву і чакаю хлеба
каханак ад лішняй цноты
віно ад абрыдлай тары
я вызвалю нібы голас
схаваны ў душы гітары
Стасіс Іонаускас
Маляваў кветкі...
Фарбы разбаўляючы зімой,
Пэндзаль акунаючы ў нябёсы,
На мальберце завадзі рачной
Маляваў ён кветкі з сумным лёсам.