* * *
Прадвесьне засьмяялася: -- Пара! –
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам –
гляджу: мой прадзед, і пра-пра, пра-пра –
ідуць за часам, як за плугам.
Губляецца бясконцы караван,
за Чорным Шляхам, за Вялікім лугам,
яны ужо ў тумане – як туман –
усе ўжо йдуць за часам, як за плугам.
Як вол стамлёны, вечнасьць ледзь ступае! –
за Чорным Шляхам, за Вялікім лугам.
Свавольная, як вецер, маладая –
няўжо і я іду ўжо, як за плугам!?
І што ўзару? Засею чым майдан?
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам.
Няўжо і я ў тумане – як туман –
І ўсё ж іду за часам, як за плугам?..
* * *
Зноў тое самае
і зноўку за сваё
стаміўся дух лунаць
між хмар крылата
ня ведаю
Хрыстос
мо дзе і ёсьць
куды ж ня глянь – паўсюль адны Пілаты.
Покуль ляцім…
Сьпяшайма жыць!
Міхасю Скоблу
Па дарозе з Гомеля на Менск
у лісьцёвым залатым тунэлі
хуткасьць набывае новы сэнс,
нібы штрых на сьвежай акварэлі.
Восень, што скалела ад вятроў,
восень, што азябла ад туманаў,
просіцца ў нагрэтае аўто,
нібы прыдарожная путанна...
Восень пашкадуем -- так і быць,
бо і самі сёньня -- пілігрымы.
Між аблок стралой анёл ляціць,--
ледзьве пасьпявае за машынай...
Мова
Выплачу вочы ў снах.
Высушу крыўдай сьлёзы.
Мова мая -- сасна
паміж Нямкамі й Гомлем.
Прыйдзе паэт-юнак
і без якой прычыны
з сэрца яе няўзнак
стане шчапаць лучыну.
Потым сівы скрыпач
скрыпку з душы дастане,
ды заіграе так --
вусьцішна ў сьвеце стане.
Ну а сьляпы сьвятар
сьвечку з крыві - жывіцы
ставіцьме на алтар,
каб на сьвятло маліцца.
Як пералётны птах,
шлях на Радзіму помню,--
покуль шуміць сасна
паміж Нямкамі й Гомлем.
Прарок
Ці быў прарок
у тых, каго няма...
Калі і быў--
даўно пасьпеў зьнябыцца.
Бажок тутэйшы
з зорнага сяйва,
нібы з латка,
гандлюе Мілавіцай.
Няма Народа
і мяне няма...
Над пляцам Волі
ў свастыку з сярпа
спрабуе маладзік
перарадзіцца.
Прыцягненьне
Я -- серабро. Ты -- золата. Павек
не паяднаць нам нашыя стыхіі.
Як срэбра Беларусі -- сьлёзы рэк
з крывёй чачэнскай -- золатам Расіі.
Я -- серабро. Ты -- золата. Наноў
не пераплавіць лёсаў нам ніколі.
Мой срэбны боль -- з імперскіх кайданоў,
твой -- залаты, ён выкаваны з Волі.
Я -- серабро. Ты -- золата. Чаму ж
між намі незямное прыцягненьне...
Такое -- як кахае жонку муж,
бы месяц сонца -- да жыцьцязацьменьня.
Азаімія
Прылягуць вятры
між азяблых аблок,
а за імі й я прылягу...
Азаімія --
заінелы радок,
што з завейнага вынік ранку.
Азаімія --
сноў зазіміны.
Азаімія --
сьнегасьпеў.
Азаімія --
даль задымлена
і зазімлена неўспадзеў.
Прачнуцца вятры
і зьдзівяцца,
а за імі й я -- усьлед.
Азаімія --
песьня зімняя,
мной прыдуманы вершасьвет.
Нанач
Прыкшчуся нанач
да шэптам вымаўленага
слова Радзіма,
што ў Бога вымалена...
Што ў злачасіну
было затулена --
крылом Страціма,
душой матулінай.
Жыцьцё і Сьмерць
Сьмерць за Жыцьцём штодзень
блукае неадступна, --
як надакучны цень,
як неадольны смутак.