Пакрыёма
Выхаплю сон з небыцьця
і з асалодай нязнанай
вуду старую жыцьця
стану надточваць падманам...
Каб пакрыёма злавіць
тое, што ў яве ня стрэціў:
сорам -- распусна любіць,
шчасьце -- бяз страху памерці.
Словы
З высокай цалі
мне словы ўпалі:
“Нябёсы -- Радзіма ветру”...
Пакуль нізаў я радка каралі,--
скразьняк зварухнуў паветра...
З сусьветнай далі
мне словы слалі:
“Нябёсы -- Радзіма птушак”...
Пакуль нізаў я радка каралі,--
з’явілася рыфма -- суша.
Пакуль вы спалі, --
мне словы далі:
“Нябёсы -- Радзіма душаў”...
Анёл-Страцім
Мне прысьніўся Максім Багдановіч --
беларускі Анёл-Страцім
у біблейскім вянку цярновым,
у пражылках густых крыві...
Мовіў ён, і паўночны вецер
яго словы між хмар разьнёс:
--Ні на тым , ні на гэтым сьвеце
не лічыце валошак-сьлёз,
не чытайце чужыя пісьмы,
не давайце сьвятыні псам...
І растаў у нябеснай высі,
там, дзе зьніклі сьляды Хрыста.
Як вярнуць?..
Я забыў, як маліцца Слову…
Для паэта ж маўчаньне – грэх.
І Гасподзь над душой ахову
адазваў да нябесных стрэх.
І зрабіўся мне сьвет нямілым,
нібы д’яблу прадаў душу.
Прамяняў на машыну – крылы,
Млечны шлях – на зьмяю-шашу.
Як успомніць з малітвы cловы?
Як набыць адабраны рай?
Як вярнуць над душой ахову,
крылам – згублены небакрай?..
Балада пра Чорнае ляда
На чорнае ляда ня ходзяць касцы,
няма тут птушыных гнёздаў.
Праклятае месца за тры вярсты
дарогі вакол абходзяць...
Балота, як вока, сярод яго
з чорнай, як ноч, вадою.
Калі апусьціць у ваду багор --
багор, як тапор, патоне.
Калісьці, казалі, тут жыў бірук --
вядун, чарнакніжнік Посах.
Глядзеў, бы ў люстэрка, вядун у ваду --
прадказваць умеў лёсы.
Умеў замаўляць і ўмеў намаўляць...
Умеў, як казаў нехта, --
над чорнай дрыгвою пад поўняй блукаць --
хадзіць па вадзе пехам.
Такая за Посахам слава йшла,
а ён не любіў славы.
Ручнога у хаце трымаў вужа,
што ў поўні любіў плаваць...
Аднойчы да Посаха князь малады
прыехаў з сябрынай п’янай.
--Ты, Посах?
--Так.--Уладар вады?
Прайдзі пасярод багны!
--Прайду, калі князь не збаіцца сам
за мною пайсьці сьледам.
І крок зрабіў, і на хвалю стаў --
патух пад нагой ветах...
Ні князя, ні хмельных сяброў яго
з той ночы ніхто ня бачыў,
і Посах зьнік -- як у вір багор, --
стаў Духам вады няйначай.
За часам і хата ў дрыгву ўрасла --
тырчыць з-пад імха комін...
Ды зрэдзь на вадзе залатога вужа
паблытае хтось з поўняй.
Балада сустрэчы з Купалам
А хто там ідзе?
Янка Купала
Па лістоце апалай
дождж сьляпы церусіў.
Я прыйшоў да Купалы --
дараваньня прасіць.
Дараваньня за тое,
што дагэтуль адказ
на пытаньне сьвятое --
рытарычны аванс.
Бо няма Беларусаў --
колькі іх не шукай,
тых, хто пойдзе хаўрусам
бараніць родны Край
ад ганебнага змусу,
ад чужога ярма...
Нас няма, беларусы!
Не было і няма!
У правалінах твару,
там, дзе вочы цьвілі, --
спахмурнелыя хмары
задуменна плылі.
Воч ня стала ў Купалы
ці ня хоча глядзець
на нашчадкаў-вандалаў --
тых, хто сёньня ідзе...
Па лістоце апалай
дождж асьлеплы блукаў...
Я прыйшоў да Купалы --
ён мяне не чакаў.
Балада праклёну
“Каб ты спрах без радзіны!” --
гэткі страшны праклён --
для прадаўцаў Радзімы,
для іуд-халуёў...