Алег Віктаравіч рашуча і злосна правёў брытвай па шчацэ, змахнуў пену, і паплыла па падбародку чорная стужка крыві.
— Зноў, так і ведаў, дагалюся да раку,— з прыкрасцю прамовіў ён і не вытрымаў, закрычаў: — Пад суд, пад суд за такія справы!
— Каго пад суд? — не зразумеў Мацвей,—' За якія справы?
— За такія... I колькі гектараў тарфянікаў згарэла? — ён беспаспяхова спрабаваў спыніць кроў і адэкалонам, і ёдам.
— Да тысячы паўтары.
Шахрай амаль застагнаў:
— А мой дзед з кумам трыццаць гадоў, да рэвалюцыі яшчэ, судзіліся за паўтары дзесяціны... Ды... Гэта толькі адной бульбай каля трохсот тысяч рублёў. Ды гэта ж наш саўгас ці калгас, які мы толькі думаем будаваць, спалілі... Пазнаю, пазнаю, хто пад суд пайшоў? — Кроў усё яшчэ бегла.
— Ды ніхто, здаецца. Стыхійнае ж бедства...
Стыхійнае бедства Мацвей уплёў, каб паслухаць, што скажа Шахрай. Сам ён так не думаў, не думаў так і Шахрай.
— Пазнаю, пазнаю, стыхійнае бедства. Нічога неверагоднага няма сёння... Залатое дно, павер мне, Мацвей, у нашых палескіх тарфяніках. Жылінскі недарэмна ж, і калі, і колькі той тэхнікі было — лапата, пайшоў у наступ на гэтае дно. Дваццаць пяць тысяч кіламетраў каналаў лапатаю...— I раптам, як хто кухталя яму ў бок сунуў: — I ты сумняваешся, што меліярацыя — залатое дно? — Кроў яму так і не ўдалося спыніць.
— Ды як вам адказаць...
— Шчыра, як я пытаю цябе...
— Шчыра — не. Кожны старшыня калгаса за меліярацыю. Гэта ж раз-два — і ў дамках. Патрэбны нам новыя землі, тыя, што маем, ужо спустошаны. I латка на латцы. Але...
— Што але, працягвай,— Шахрай урэшце спыніў кроў і цяпер ляпіў на радзімку пластыр.