Выбрать главу

— Ды так, дробязі, эмоцыі. Карова з адкусаным языком, і тое ж стыхійнае бедства, і характар наш... натура наша...

— Які характар, якая натура?

— Шырокія мы і багатыя.

— Не разумего,

— А што разумець? Кітаец у кашы на гарбу на гару зямлю цягне, каб граду нейкую займець, японец галінкі, сучкі, кару збірае — і. ўсё да справы. А мы маем вунь колькі гэтых дрэў, і зямлі, і балот, вокам не ахапіць, аж галава кружыцца.

— Усё роўна пе разумею. Гэтаму ж толькі радавацца трэба.

— А я і рады. Толькі галава кружыцца, кажу. Іншым разам не-не дый наведае думка: былі б мы трошкі не такімі багатымі...

— Заносіць цябе, Мацвей. На самым пачатку, бачу, заносіць,— у голасе Шахрая не было асуджэння, а толькі цікавасць, і Мацвей загаварыў больш смела.

— Мо і так, нас усіх заносіць. Гарэлку піць дык піць, каб усім чарцям моташна было, будаваць дык будаваць, а крышыць... Сакера наша мужыцкая — толькі першы раз ёй цюкнуць, з болем, з крыкам адзін палец наважыцца адсекчы. А потым ужо можна і ўсю руку прэч. Не шкада ўжо ні рукі, ні галавы, калі пачалі гваздаць — дык гваздаць, каб на ўвесь свет бачна і чутна было. Сакеры самыя вострыя, цвікі — такіх нідзе ўжо і няма. Я на цаліне быў — я бачыў.

— Адтуль, я думаю, і эмоцыі. Усё ўжо ў цябе?

— А вам што, мала?

— Дастаткова... Цікава, цікава. Я сам аб гэтым неаднойчы думаў. Але ж як, па-твойму, ставіць праблему, калі не па-дзяржаўнаму. Шкада будзе, калі я памыліўся ў табе. Кожнай новай справе патрэбны новыя, маладыя людзі. Усё новае бязлітасна да старога.

— Вы хочаце сказаць — і да зямлі.

— Так, і да зямлі. Мы перакрайвалі адносіны, цяпер прыспеў час перакрайваць зямлю. Таму і свет больш суровы. Ты не знаходзіш?

— Дакрануліся да запаветнага, да недатыкальнага...

— Да запаветнага — так, а наконт недатыкальнасці, прабач мне... Есці, жраць, разумееш, свет хоча. Ты жыў у гэтым суровым свеце, таму я цябе і знайшоў. Так, знайшоў я. Ведаю, рос без бацькоў. Ведаю, быў на цаліне. Ты думаеш, мне гумар твой спадабаўся, акрамя ж гэтага, за табой яшчэ нічога няма. Я першы, пэўна, хто курсавыя твае і дыпломную тваю да канца дачытаў.

— Ну і як?

— Супчик жиденький, но наваристый... Пчаляр.

Мацвей засмяяўся. Ён мімаволі, сам не прыкмячаючы

таго, працягваў усміхацца і цяпер, калі яны пад'язджалі ўжо да Княжбора. Вяртанне яго ў родную вёску нельга было лічыць ні прыемным, ні вельмі жаданым, яно больш было абумоўлена тым, чаму імя: осознанная необходимость. Выклікалі на бюро, спыталі:

— Вымовы ёсць?

— А як жа? — здзівіўся нават наіўнасці такога пытання Мацвей,— I простыя, і строгія... Але з занясеннем — яшчэ не. Чаго няма, таго няма,— члены бюро засмяяліся, а ён хапатліва прыгадваў, дзе і калі саграшыў, і рыхтаваўся яшчэ да адной вымовы, мо і да гэтай — з занясеннем. Што гэта за старшыня калгаса, калі ён не гатовы атрымаць вымову, а грэх на яго душы быў яшчэ свежы, цёпленькі яшчэ. Дзён са тры перад тым, як адбыцца бюро, зазірнуў ён са сваім галоўным інжынерам і сябрам яшчэ па інстытуце Паўлам Рачэўскім на пасеку. Пчаляр пачаставаў іх бражкай, і трэба ж так... Калі не шанцуе, дык ужо не шанцуе, да гэтага варта было сакратару райкома чхнуць у яго бок і ён чуў, а тут... Толькі яны з Паўлам выпілі па два кубкі той бражкі, намерыліся трэці браць, як сам ужо вось ён, тут. Сам быў за рулём, а побач з ім сядзеў яшчэ хтосьці, незнаёмы Мацвею. I гэты незнаёмы пачаў выдзірацца з газіка, быў ён высокі, крыху сутулаваты і кабінетна чысты з твару. I хаця гэтую яго кабінетную ўходжанасць крыху псавалі велікаватыя вушы, Мацвей здагадаўся: начальства, не менш як абласное, а мо і больш высокае. А сакратар райкома з машыны не стаў вылазіць, націснуў на гудок, прачыніў дзверцы:

— Чым займаецеся?

— Трутняў лягчаем,— зашумела, пэўна, ужо ў галаве ў Паўла.

Роўда хацеў быў растлумачыць неяк больш далікатна, чым яны тут займаюцца, але яго апярэдзіў Шахрай, а гэта ён быў з сакратаром райкома.

— I колькі ўжо лягчалі? — сур'ёзна і строга запытаў Шахрай Рачэўскага. Той не саступіў, зыркнуў вокам па тры кубкі, што стаялі з бражкай перад ім:

— А вось ужо да чацвёртага прыступілі.

— I колькі ж часу на гэта патрацілі?

— Ды вось, лічыце, ад раніцы,— плюнуў на тлумачэнні і Роўда, усё роўна гарэць.

— Лайдакі,— незразумела, ці то пазайздросціў ім, ці то асудзіў іх Шахрай.— Мы вось з сакратаром ад суседа вашага. Там за паўгадзіны на нашых вачах амаль тузін парасят выхаласцілі. Трутні...

Вось за гэтых трутняў на бюро і рыхтаваўся панесці кару Мацвей Роўда. I было яму вельмі сумна: свой жа брат старшыня сядзеў перад ім, з'едлівы, зубасты, і гэтая з'едлівасць яго была Мацвею куды больш страшнай, чымсьці тая вымова. Усплывуць на бюро трутні — і хоць у пастухі падавайся, хоць на Камчатку збягай, уплятуць у байкі і паданні, знойдуць пад зямлёй, засмяюць на векі вечныя. I Мацвей ужо чуў гэты іх рогат. Ах, як не хапала яму на тую хвіліну Рачэўскага, ён паказаў бы яму саву смаленую, навучыў бы, як трутняў лягчаць.