Выбрать главу

— Нішто сабе кадр, біты, а за аднаго бітага двух нябітых даюць,— парушыў цішыню, якая здалася Мацвею ўжо вечнай, Хведар Ліпай, той самы сусед, ветэрынар якога быў асам, здольным выхаласціць за паўгадзіны на вачах начальства тузін парасят. Яго, Ліпая, больш за іншых баяўся Мацвей Роўда. Гаспадарка ў Ліпая ўзорная, таму ён ні бога, ні чорта не прызнае. Мінулым годам пабудаваў у калгасе рэстаран. I такі, што ў сталіцы зайздросціць будуць, майстроў, разьбяроў па дрэве выпісаў з Прыбалтыкі, шэф-повара зацёг з міжнароднага поезда вагона-рэстарана. Другога на месцы Ліпая за гэты рэстаран і начальства, і той жа брат старшыня задзяўблі б, зацюкалі, а Ліпаю хоць бы што. Усе да яго з паклонам, руку ловяць, у вочы зірнуць імкнуцца: віншуем, віншуем, Хведар Кандратавіч, прыйдзе Новы год, Першамай, маўляў, не забудзьце пра нас, столік нам, майце на ўвазе. Вось што такое Ліпай. I гэта не дзеля прыгожага слоўца, Зорка Героя ў яго кішэні, і зноў не ў пераносным сэнсе, на самай справе так і ёсць. Зорку гэтую залатую без дай прычыны на свет божы ён не дастае. Вось і цяпер сядзіць ён перад сваім братам старшынёю ціхі, сціплы, пінжачок на ім нейкі куртаты, але варта паглядзець на Ліпая, калі ён наладзіцца па нейкай справе даставальнай, накшталт той, што ў мінулым годзе вертануў. Самавіты і мажны, пры поўным парадзе, да міністра ўваліўся, кангрэсмен, сенатар амерыканскі, а не старшыня калгаса, што на Палессі, і вокамгненна ўвесь парк сваіх камбайнаў абнавіў. Дваццаць камбайнаў купіў адразу. Нікому, акрамя Ліпая, у раёне, ды нават і ў вобласці, не адужаць гэтага. Канец года, грошай ні ў кога за душой ані. рубля, а Ліпай, спатрэбіцца яму, і крэйсер можа купіць. I трутні гэтыя клятыя, калі б ён быў у галоўнай ролі, на карысць бы яму пайшлі. Як піць даць усе кпілі б не з яго, старшыні калгаса, з сакратара і гэтага, кабінетнага, пацяшаліся б. Во, маўляў, сказануў, во ўрэзаў. А яму, Роўду, шыю намыляць і паголяць, і галоўным цырульнікам будзе той жа Ліпай.

Але ўсё атрымалася не так і зусім нечакана для Мацвея.

— У Княжборы сваім даўно быў, ты ж княжборскі? — спытаў яго сакратар райкома.

— Княжборскі, гадоў сем-восем назад быў там,— шчыра адказаў Мацвей, не разумеючы, навошта гэта сакратару, але цалкам разлічваючы на яго літасць, як здаючыся яму, А скажы, Мацвей Антонавіч,— гэта падаў голас Шахрай,— ці не з таго ты самага Княжбора, у якім калісь валоў сеялі?

Ну, пачалося, Мацвей успрыняў гэтае пытанне як пераходнае да галоўнай тэмы, княжборскі фальклор ён ведаў добра, хоць і мінула восем гадоў, калі апошні раз сустракаўся са сваімі землякамі. Было такое з яго аднавяскоўцамі, з княжборскімі мужыкамі, якіх толькі казак пра іх не расказваюць. У Балгарыі, гавораць, усё было ў Габраве, ну, а тут — у Княжборы. Вырашылі і пастанавілі княжборскія мужыкі, каб кожны меў сваіх валоў і каб раслі яны хутка, як расце трава ў полі, як жыта ці бульба, паабразалі валам хвасты і пасадзілі ў зямлю. I паліваць кінуліся. Да сённяшняга часу, гавораць, паліваюць і чакаюць, чакаюць, калі волікі з зямлі прарастуць і ў ярмо іх можна ставіць. Так што закід зразумеў ён і палёгку нават адчуў, пазбавіўся суму:

— А вы што, тых волікаў на ўлік ужо ўзялі, уключылі ў план мясанарыхтовак?

— Гарачы, гарачы,— ухваліў Ліпай,— плюнь на яго — пара ідзе.

— Уключылі. I трутняў уключылі. Дарэчы, ты іх ужо ўсіх выхаласціў, можна іх і на сяўбу?

Адчувалася, што словы гэтыя сакратарскія не дайшлі да членаў бюро, не разумелі яны сакратара, таму што нічога не ведалі з апошніх падзей, пяўцямна круцілі галовамі, чакалі тлумачэнняў. Толькі Ліпай, здаецца, ужо нешта цяміў, як певень на седале, сядзеў на крэсле, лыпаў вачыма то на сакратара, то на Шахрая, то на Мацвея. Мацвей зніякавеў і маліў адно: хутчэй усё тут скончылася б; супакоіўся і не адводзіў вачэй ад Шахрая.

— Каму і калі перадаваць справы? — як бы збоку, пачуў ён уласны голас і хацеў ужо адвесці вочы ад Шахрая, ды не здолеў. Яны як бы сышліся, сашчапіліся позіркам, выпрабоўвалі адзін аднаго, гнулі, ламалі, але ні адзін не меў перавагі. Мацвей пад выпрабавальным яго вокам нібыта зашпіліўся на ўсе гузікі і, не міргнуўшы і вокам, гатовы быў рушыць па яго вочы, прайсці скрозь іх, крочыць на вуліцу, і не праз дзверы, а так вось, не збочваючы, праз акно. Але тут на твары Шахрая нешта зварухнулася. Шахрай падміргнуў яму. Мацвею падалося, што ён памыліўся: гэта было неверагодна. Але памылкі не было. Шахрай усміхаўся, ён рагатаў, толькі рогат быў унутры яго і чутны быў толькі Мацвею.