Выбрать главу

— Я табе яшчэ прыгадаю трутняў.— Тут таксама не было пэўнасці — прагучалі ўсім гэтыя словы, вымавіў іх Шахрай ці гэта толькі прымроілася Мацвею.

— Я думаю, усё, таварышы, ясна. Кандыдатура таварыша Роўды не выклікае сумненняў. А таму пытанне аб асвабаджэнні яго ад былой пасады ставім на галасаванне.— Шахрай звяртаўся ўжо да членаў бюро і не глядзеў больш на Мацвея, нібыта таго і не існавала. I Мацвей адчуў, што сапраўды яго ўжо няма тут. Ён адмаўляўся верыць сваім вушам: з-за нейкіх трутняў і пытанне аб звальненні, забыўся, што сам жа прасіў звольніць яго... Але ж гэта было несур'ёзна.

А Шахрай між тым працягваў:

— Як бачыце, таварыш Роўда і не адмаўляецца. Як ад камуніста, мы ад яго і не чакалі іншага. Балоты ведае па Княжборы, так што будзем галасаваць. Бюро рэкамендуе вас, таварыш Роўда, начальнікам БМУ меліярацыі.

— Але ж я не меліяратар,— пасля ўсяго, што тут адбылося, Мацвей быў ужо не здольны на здзіўленне, але такога павароту ён не чакаў.— Я супраць... У сваю гаспадарку, калі вы не разумееце жарту, я згодзен нават пастухом...

— Жартаваць будзем потым, таварыш Роўда, у іншым месцы. А зараз тут, як бачыце, бюро, і бюро дае вам партыйнае даручэнне. Колькі гадоў вы ўжо ў партыі?

— Я нічога не петру ў меліярацыі, я не ведаю...

— Не ведаеш — навучым, не ўмееш — пакажам, не хочаш — вымусім. Мы вас не на пасеку бражку піць пасылаем. Статут апошні раз калі чыталі?

Вось так усё там і адбылося. А мо й не так, а мо й не там. Калі так, калі там — проста, вельмі проста ўсё, толькі ці разумна. А ці бывае проста ўсё ў людзей, у кожнага ж свой падыход да жыцця, пачатак і канец, нараджэнне і смерць, яны ж не падпарадкаваны ні загаду, ні прадпісанню...

Зямля, Палессе, расчыніліся перад Мацвеем і Шахраем, як у першы дзень свайго стварэння. Княжбор і княжборцы толькі ніткай дарогі прашылі зямлю, звязаліся ёю з белым светам, але ж нітка гэтая была вельмі нетрывалая, хаця яе спрабавалі ўмацаваць немцы, фашысты, калі прыйшла сюды вайна. Княжбор у той час з усіх сродкаў перамяшчэння ведаў толькі калёсы. Але там, дзе праходзілі вол і конь, гразлі аўтамабіль і танк. Немцы рукамі княжборцаў зрабілі гаць, гаць па свой нямецкі лад — дуб, ясень, хвою паклалі ўпоперак дарогі. Дуб, ясень, хвоя — дваццаць кіламетраў, падскоквай на кожным метры, на кожным слове. Здавалася, што сама жахлівая памяць аб мінулым кінулася пад колы іх машыны, страшная памяць аб тым, як бедавалі колісь тут людзі. 1 сонечны поўдзень на гэтай дрогкай дарозе быў поўны дакору. I само сонца скакала на небе, як п'янае, кулялася, надала ў балота і ўставала чорным у барве іскраў, што сыпаліся з вачэй Мацвея і Шахрая.

Але яны абодва мужна трывалі, Шахрай быў у панцыры, у брані сваёй варожасці да балота і дарогі. Упершыню праблукаўшы тыдзень па Палессі, здолеў закаваць сябе ў тую ж самую браню і Мацвей. Ён сам з Княжбора, здавалася, ведаў аб ім усё, з галавы вылецела толькі вось гэтая гаць, мо таму, што ніколі не даводзілася ездзіць на машыне. Усё больш пехатою, на сваіх двух. А на сваіх двух ніколі не дрогка.

Не вытрымаў вадзіцель:

— Калі ж скончыцца гэты здзек, душу ўжо нудзіць. Машыну шкада.

— Ужо трошкі засталося, зараз выскачым,— паабяцаў Мацвей і сурочыў. Парвалася і тая нетрывалая нітка, якая вяла іх да Княжбора. Газік упёрся ў размыты паводкай масток.

— Прыехалі...— вылаяўся Шахрай.

— Справа, здаецца, аб'езд,— і Мацвей з вадзіцелем, не адчуваючы знямелага цела, прайшліся па гэтым аб'ездзе.

— Тут не на машыне, а ў пасталах добра было б,— сказаў вадзіцель, калі яны зноў выйшлі на дарогу.

— Уключай раздатку, выдзірайся сам, а мы пешшу,— і Шахрай не ўседзеў больш у газіку.

— Мо пачакаем, пакуль праскочыць аб'езд, дапаможам, калі што? — Мацвею было няёмка перад шафёрам, якога яны пакідалі аднаго, нібыта гэта ён, Мацвей, знарок разбурыў той мосцік. Але Шахрай адмахнуўся ад яго:

— Залезе, закапаецца, мы яму не дапаможам. Прышлём трактар. Рушылі.

I яны рушылі. I адразу за мосцікам, за аб'ездам, Мацвей адчуў, што пачаўся ўжо Княжбор, хаця яго і не відаць, і не чуваць было. Не відаць было і загонаў, дзялянак, мільганула толькі між чорных вольх, шэрых дубоў, асветленых сонцам бяроз прасла, мільганула і згубілася, знікла, каб праз крок-два выбегчы да самай дарогі: дзень добры, блудны сын, гэта твая бацькаўшчына, вось яе пачатак. Княжбор гэтым праслам пазначыў свае ўладанні, свае межы. I гэта нічога, што шэрыя і чорныя ад часу, ветру і дажджоў жэрдкі даўно ўжо спарахнелі і паламаны нават. Галоўнае — жэрдка працягнута і слупкі стаяць, лазою перавітыя, нераўня, канечне, яны тым, пагранічным слупам. Але ўсё ж уладарны герб Княжбора нябачна ёсць і на іх, прыкладзена была да іх сялянская рука, і яна перасцерагае: не чапай, не пераступі з благой думкаю, гэта наша, гэта мы. Тут мы жылі, жывём і будзем жыць вечна. I яшчэ адным знакам гэтага іх жыцця была пазначана зямля — могілкамі, павязана сцежкамі, абкружана сцяжынкамі, ледзь прыкметнымі, што пратоптаны зусім нядаўна, і глыбокімі, даўнімі, выбітымі, сходжанымі да белага пяску. I гэтыя сцежкі і сцяжынкі, могілкі ўголас уводзілі ў вушы Мацвею: Княжбор, Княжбор, Княжбор.