Выбрать главу

I як бы яшчэ раз сцвярджаючы гэта, Мацвей адразу ж за могілкамі ўбачыў валоў, што лена валюхаліся па схаваным за кустамі полі, пачуў голас, які падганяў іх:

— Цоб, цоб-цабе, ваўкарэзіны.

Мацвей з Шахраем падышлі да поля. Аркадзь Барздыка —Мацвей пазнаў яго адразу — абганяў бульбу.

— Дзень добры, бог помач вам! — бадзёра павітаўся з Барздыкам Шахрай. Мацвей таксама хацеў сказаць нешта добрае, але перахапіла голас.

— Дзень добры, начальнікі,— панура і неахвотна азваўся Барздыка, мімаходам зыркнуў толькі на Шахрая, як усё роўна і не стаяў побач з ім ён, Мацвей. I Мацвей разгубіўся і пакрыўдзіўся, нібыта ён ехаў толькі дзеля таго, каб сустрэцца з Барздыкам. I той сустрэў яго, але прызнаць не пажадаў. Але крыўда і разгубленасць зніклі імгненна, як і з'явіліся: над'ехаў да іх і спыніўся газік. I Мацвей зразумеў, што ён адвык ад Княжбора. Не Барздыка забыў аб ім, а таму і не прызнаў: ён забыўся пра Барздыку, свайго аднавяскоўца.

Княжборцу, а асабліва Барздыку, кожны чалавек, кожны гараджанін, які вось так вольна крочыць у такі гарачы час па дарозе — начальнік, а калі ў яго яшчэ партфель ці, горш таго, ён яшчэ і пры машыне — вялікі начальнік. I аб чым яму гаварыць з гэтым начальнікам — каб хлебам, сенам ці дрывамі дапамог, не дапаможа. Ці ж варта тады зубы выскаляць, языком мянціць, марна траціць час. Вунь якое ў яго поле, пакуль сонца не зойдзе, трэба ж управіцца з ім, абагнаць кардоплю. I стаіць ён зараз перад імі, начальнікамі, як валы яго стаяць, глядзяць у зямлю, жуюць жвачку, чакаюць каманды паганятага. Панукне ён іх, напнуць яны хрыбціны, худыя і ў гноі яшчэ зімовым азадкі, крануцца і пабрыдуць. Барздыка, Мацвей разумее гэта, знарок не глядзіць на яго, і на Шахрая не глядзіць, утаропіўся ў зялёныя шаты маўклівых дубоў. На голле дубоў ужо сіненька прыпадае вечар, змрок спаўзае з голля, макавак дрэў і хутка-хутка прыпадзе да каранёў, упадзе на траву — і настане вечар. А вечарам у Барздыкі новы клопат: мо ён і цяпер чуе, як рохкае ў сырым закутку парсюк, мо ён чуе, як стогнуць валы, напрацаваліся, просяцца ўжо ў хлеў. А самога Барздыку недзе пад лавай ці пад павеццю чакаюць яшчэ сякера, піла: пакуль вада не сышла, пакуль вада блытае сляды, трэба і дубок які-ніякі па дровы ці слупкі заваліць і да хаты на лодцы па вадзе прыгнаць. А там ужо, глядзіш, і світаць пачне, ночы вясной кароткія. А раніцай зноў за тое ж самае, што не дароблена ўчора, і ўвесь дзень, што кола, паспявай толькі круціцца. Дзецям сваё, жонцы сваё, а яшчэ ж і калгасу яго трэба аддаць. Усюды і ўсім ён павінен. Аніводнай вольнай хвілінкі, на тым свеце толькі адпачне.

— Што гэта вы робіце, чым займаецеся? — Шахраю хочацца пагаварыць з Барздыкам.

— Ай, начальнік, хіба ж ты не бачыш...

— Бачу, многа ў цябе зямлі?

Гэтае пытанне выводзіць са здранцвення Барздыку. Бог яго ведае над чым ці над кім гэты начальнік начальствуе, а пра зямлю пустой гаворкі не мае быць. Барздыка, канечне, не верыць, што яму прырэжуць той зямлі. I Мацвей адчувае, як Барздыка напружваецца.

— А што? — удае ён сябе за глухога.

— Колькі, пытаю, зямлі ў цябе?

— А вось,— непаразумела разводзіць рукамі Аркадзь Барздыка, ці то паказвае толькі на гэтую дзялянку, ці то ўбірае ў свае рукі зямлю, колькі вока можа ахапіць.

— I гэта ўсяго? — не разумее яго хітрыкаў Шахрай.

— Да не, яшчэ трошкі ёсць.

— I колькі ж трошкі?

— Трошкі.

— Ну колькі трошкі: дзесяць, сорак сотак, гектар? Колькі ў сярэднім княжборскі мужык мае зямлі?

— Трошкі... дзесяць, сорак сотак, гектар у сярэднім.

— Не разумею,— круціць галавой Шахрай.— Дык дзесяць сотак ці гектар у сярэднім?

Барздыка ўмольна пазірае на Роўду, хоць усё яшчэ не прызнаецца ў тым, што ведае яго, просіцца вачыма падказаць, што гаварыць, як выкруціцца. Калоцяцца яго душа і сэрца, не паважыцца ён ніяк ні праўду сказаць, ні звесці гаворку на яго, Мацвея Роўду. Звесці можна, толькі вялікае пытанне, ці пагодзіцца з гэтым Роўда, ці захоча ён з ім вадзіць знаёмства. Ён жа чуў дзесь, што гэты Дзям'янаў парастак таксама ў начальніках ходзіць, і цяпер, калі стаіць і не адгукваецца на яго мальбу, не варта і яму ў радню набівацца. Яго справа такая: загадалі ісці — ідзе, стой — стой. А тут нешта ні тпру ні ну, хоць стой, хоць падай.