— Ай, начальнік, ну чаго ты да мяне прычапіўся? У сярэднім, у сярэднім. Колькі ў каго гною хапае, столькі і зямлі ў сярэднім.— Спрытна выкручваецца Барздыка, вылузваецца. Але Шахраю няймецца, пакуль яны ішлі пешкі. з Мацвеем, ён дазволіў сабо паслабіцца, мо й пасумаваць, пашкадаваць каго. Але цяпер ён зноў закаваны ў браню, перад ім штосьці непаразумелае, як бы працяг тых самых балот, праз якія яны ішлі і ехалі тыдзень, з якімі ён павінен змагацца, дзеля дабрабыту гэтага ж негаваркога з хітрыкамі селяніна. А Барздыку такая гаворка ўжо даспадобы. Гной не зямля, гпою ў яго хапае, пра яго ён можа і з начальнікам пагаварыць — што гэты начальнік цяміць аб яго гноі.
— Гною хапае, хапае, колькі худоба дае ды вы яшчэ дабавіце, столькі і будзе, увесь наш.
— А колькі яна дае, колькі жывёлы ў цябе?
Такі паварот зноў, адчуваецца па ўсім, непрыемны Барздыку. Якое ж мноства па свеце рэчаў, пра якія не хацелася гаварыць Барздыку з начальствам. Барздыка непрыязна глядзіць, але не на Шахрая, а па яго, Мацвея Роўду: ці не фінагента навёў на вёску гэты Дзям'янаў парастак?
— Ды волікі во...
— I ўсё?
— Ну, кароўка.
— Не прыбядняйся, не прыбядняйся, і яшчэ там штосьці ў хляве тваім мычыць.
— Ну быцок мыціць...
Роўда не ўстрымаўся, зарагатаў: дапёк Шахрай усё ж Барздыку, зацокаў ажно, а княжборцы калі яшчэ цокаць перасталі. Да таго ж Барздыкі наогул ніколі не цокалі. З цоканнем — гэта іх, дзям'янаўская гаворка. «Быцком» сваім Барздыка ўжо прама звяртаецца да яго, і Мацвей не адмаўляецца ад зямляцтва:
— А да быцка цёлацка, так, Аркадзь Прахоравіч?
— Та-ак. А да быцка цялуска,— ашчэрвае жоўтыя зубы Барздыка.— З прыездам вас, Мацвей Антонавіч, рады, рады.
— А да цялускі кабанцік?
— А да цялускі кабанцік, так, так яно.
— А да кабанціка парасяткі?
— I парасяткі гной даюць.
— Ды гусак з паўсотні.
— Трыццаць гусак... А што, Савецкая ўлада супраць?
— Не супраць, але ж каб столькі,— не вытрымаў усё ж Шахрай,— хоць раскулачвай.
— Нно, цоб-цабе... Ты, начальнік, па машыне, а я на воліках... Пайшлі, воўк вас дзяры.
I валы пайшлі, без крыўды на пугу і крык, унурыўшы галовы. I толькі зрэдку варушылі вушамі ды пакручвалі хвастамі, адганяючы з'яд, рыпела ярмо, сквірчэла, як сала на патэльні, зямля. Сквірчэнне гэтае і рып паступова затухалі, глухлі, пакуль зусім не патанулі ў цішы дубоў і поля.
Яны стаялі на рагу гэтага поля, глядзелі ў спіну аратаму. Шахрай зрэдку моршчыўся, калі валы збіваліся з нагі, і, пакуль бралі яе, ярмо ажно верашчала. Роўду было няёмка за свайго вяскоўца і за Шахрая, перад вяскоўцам было няёмка. I наогул яму было няўтульна на роднай княжборскай зямлі. Ён вусцішна маўчаў, разумеючы, што нельга зараз чапаць Шахрая, але ўсё ж не ўтрымаўся, калупнуў Шахрая, такая ўжо парода іх, дзям'янаўская. Сыпануў солі на хвост Шахраю.
— Чаго ж вы не спыталі, Алег Віктаравіч, пра волікаў, якіх ён садзіў у зямлю, хвасты абразаў, як соль сеяў?
— Гэты волікаў садзіць і соль сеяць не будзе.
— Чаму не будзе, ён і ёсць галоўны салясей у Княж- боры,— зноў не ўстрымаўся, пакінуў за сабою апошняе слова Мацвей. Ён помсціў Шахраю і за бюро, і за трутняў, і за Барздыку. За ўвесь Княжбор, што ў асобе Барздыкі так няветліва сустрэў іх, жыў па-свойму, па сваіх законах, якія не супалі з законамі Шахрая, а дзесь і з яго, Мацвея Роўды, законамі. Т садзіліся яны з Шахраем у машыну моўчкі, і нейкі час ехалі моўчкі, кожны ў сабе.
Нічога ў цябе землякі,— першым усё ж парушыў маўчанне Шахрай.
— Што вы ведаеце аб маіх земляках? У яго ж сямёра па лаўках, а мы яго гусак, кабанчыка лічыць пачалі. У калгаса гектар зямлі адхапіў... А пра тое мы не думаем, што не ён пры калгасе, а калгас пры ім. Сто — дзвесце гектараў ворнай зямлі — вось і ўвесь калгас.
— А ён з гэтай сотні-другой цэлы гектар адламаў.
— Адламаў... Зубамі выгрыз. Трактар, калі б яго так паганяць, і той бы здох. А без волікаў пагібель яму. I дзед мой пару трымае. Павінен трымаць. I кожны так у Княжборы.
Мацвей, здаецца яму, памятае і ведае цяпер усё аб сваім Княжборы, пра людзей, што жывуць тут, пра самога сябе, нібыта ніколі не пакідаў яго, нібыта дух яго, цень, пазбаўлены цела, з дня на дзень лунаў над гэтымі балотамі і полем, хадзіў па хатах, усё бачыў, усё чуў, убачыў і адчуў і яго ў гэтым газіку, спусціўся да яго, увайшоў у яго, зліўся з ім і перадаў яму ўсё, што сам бачыў і ведаў, разгроб тыя наносы, тое смецце, што затлуміла галаву, агаліў пульсуючую жывую яго памяць. I ён бачыў гэтую сваю ачышчаную памяць, чуў, як яна прыбойна дыхае ў ім, хаця і скавана яго целам, яго сумам, прысутнасцю Шахрая, скавана яшчэ і асцярожнасцю, жыццёвай абачлівасцю, няведаннем таго, як атрымаецца ў яго тут, што ён знойдзе, а што згубіць тут.