Выбрать главу

— Табе ўжо час знікаць,— сказала яна, звяртаючыся да таго, хто сядзеў на табурэце, з кім гаварыла кожную ноч вось ужо дваццаць гадоў. Дваццаць гадоў яна ведала пра сваё вар'яцтва і не здольная была перамагчы яго толькі ноччу, калі не было з кім перакінуцца словам. Калі ж наставаў дзень, усё гэта было не да галавы, выпадала вольная хвіліна — можна было пасядзець, адпачыць і каля акна, не адчуваючы адзіноты, заняць галаву і вочы той я?а дарогай. За здзічэлымі грушамі, за травой яе ніхто не бачыў, а яна бачыла ўсіх: і сваіх, і чужых, хто ішоў з вёскі, хто ішоў у вёску. А ноччу што разгледзіш за акном. Дый глядзець у тое акно было міла, пакуль была жывая дачка. I пра дачку яна падумала таксама, як і пра мужыка: з сумам і болем, але як бы не з яе сумам, не з яе болем. Светлымі былі гэтыя сум і боль — мінулымі, адбалелымі, а праз адбалелае і радаснымі, нібыта і дачкі ў яе не было ці яна ніколі ў яе не памірала. Ненене толькі ўсё жыццё марыла пра яе, марыла аб падтрымцы сабе, аб тых уцешных клопатах, якія будуць у яе. А калі з'явіліся гэтыя падтрымка і ўцеха, не прыпяла, не прыкмеціла за сваім клопатам. Жала жыта разам з жанкамі, жала цяжка, праз сілу заносіла серп, праз сілу несла жывот, як баялася ўкалоць яго аб пожню, парушыць нешта, і раптам адчула палёгку. Пайшло нешта гарачае па целе, нібыта жыццё яе пачало выцякаць гэтым гарачым з цела. Яна паранілася ад нечаканасці сярпом, убачыла на руцэ кроў, і ёй стала млосна ад гэтай крыві.

— Ой, жанкі, ой...— паспела яна яшчэ крыкнуць і пачуць свой крык, не адрываючы вачэй ад рукі, што аплывала крывёю. А далей ужо нічога не памятае. Паваліліся, пападалі снапы, што так добра былі складзены на полі, такія цёплыя на сонцы, цёплым сонцам палілося з гэтых снапоў жыта, засыпала яе, заліло чырванню, зрабілася солана і горка ў роце. I ўсё.

I далей усё так, як праз сон. Дачка расла сама па сабе. Чорненькая, таму што ўдалася ў яе, маці, і ад таго, што ўвесь час корпалася ў зямлі, залазіла ў пясок па самыя вушы — Ненене больш за ўсё і на памяці гэты слядок, адбітак дзіцячага цела на зямлі, калі яна выхоплівала яе з пяску — дачка зрэдку летам давала знаць пра сябе, ціхім віскам патрабуючы есці, узімку ж замаўкала на печы зусім. Ненене і рада была б прыгарнуцца да дачкі, прыціснуць яе да сябе, напесціць, палашчыць, але калі тое было песціць і лашчыць. Часу і то не заўсёды хапала толькі на тое, каб падумаць пра ласку, адчуць яе ў сабе, а далей усё памірала ў ёй, мярцвела, яна душыла пяшчоту, таму што блізка-блізка былі слёзы: вочы натыкаліся на гэтыя слядкі дзіцячага цела па вільготным спрасаваным пяску. Дзве ўпадзінкі ад дзіцячых гладкіх палоек, дзве зморшчынкі ад ног-стручкоў, збоку слядкі пальцаў, кіпцюрыкаў-скрабушак і цёплая, зацярушаная пяском галоўка дачкі ў яе далонях. I цёплае дакорлівае сонца пад дачкой і маці.

Ні на кога не наракала, нікога не кляла — так жылі ўсе. Так раслі ўсе — што гарох пры дарозе, хто ні ідзе, той і ўшчыпне. Неўпрыкметку падымаліся на ногі, атрасаліся ад пяску, адмываліся ад лета, ад дзяцінства, бралі торбачку і па жоўтым лісці, пажухлых травах, скрозь паветра, горкае ад дыму запаленага бульбоўніку, спяшаліся да школы, да вучобы, да працы. Неўпрыкметку рабіліся дарослымі ці ўпоравень з дарослымі. Рукамі, што былі яшчэ ў чарніле, бралі лён, сушылі, мачылі яго, калі ўжо прыпадалі халады, калі лёд ужо прыкіпаў да берага, у Вясковым возеры. Ох, лён той, лён, у песнях толькі пра яго хораша: «На гары лён, на гары лён, белы кужаль...» А даставаўся ён... Вясковае пры беразе — што шкло. А ты босая на гэтым лёдзе, спадніцу падаткнеш, каб было потым чым ногі абсушыць, выцерці. А дачка каля цябе, памочніца. Выпадала нейчым дзецям, якія пры бацьках, выпадала і шчасце, дабіваліся даведак, пакідалі вёску, беглі ў горад, выходзілі ў людзі, прытыкаліся рабіць ці то на чыгунцы, на пуцях, ці то на якой будоўлі. Сваёй дачцэ яна таксама выплакала даведку. Праз гэтую даведку яна і на той свет пайшла. Ох, недарэмна гавораць: у багатага сам чорт дзяцей калыша, а беднаму...

Непрыкметна вырасла дачка, непрыкметна і пакінула яе, нечакана, як і мужык. З'ехала ў горад, на вучобу. Навучылася. Горад звёў у сырую зямельку. Знайшоўся там чалавек, ваенны, афіцэр. Пакарыстаўся і пакінуў, ды не адну. З гора, у роспачы і налажыла яна на сябе рукі. Вось з таго часу, ноччу, упершыню Ненене і пачала сваю гутарку з тым, каго ўжо даўно не было. Усё за долю сваю спаўна выказала. I ўцягнулася плакацца і жаліцца. Жыць ёй стала крышку лягчэй. З яго дапамогай зусім не цяжка было ёй адмовіцца і ад дапамогі «братоў і сясцёр-баптыстаў». Яны ўжо зусім былі. пратапталі сцежку да яе хаты, ледзь-ледзь змеркнецца — пад рукі і да сябе, на маленні. Добрыя людзі, нічога не скажаш, памяркоўныя, і прыбрана ўсё ў іх, і прэсвітэр адукаваны, памяркоўны. Яны ўжо ёй і па гаспадарцы дапамагаць пачалі, прыйшлі плот ставіць. I мо паставілі б, выгарадзілі яе. Але тут дзядок, адзін з братоў, не так ужо каб і зусім дзядок, ад маленняў сваіх хутчэй састарэў, узяўся расказваць Ненене соп свой. Нібыта сасніў ён, як ад яго хаты да хаты Ненене перакінулася: пітка, пітка ад брата да сястры. I пачаў ён тую нітку цягнуць, але выцягнуў чамусьці не яе, Ненене, а мужыка.