БІЯГРАФІЧНЫЯ ЗВЕСТКІ
Абуховіч Піліп Казімір (?-1656) - смаленскі ваявода, знаўца старажытных моваў і адзін з лепшых прамоўцаў у Рэчы Паспалітай. Паходзіў з роду мазырскай шляхты, якая асела на Наваградчыне. З 1648 г. - маршалак кола рыцарскага, затым - пісар Вялікага Княства Літоўскага. У 1653 г. за вялікія заслугі перад Айчынай кароль і вялікі князь прызначыў яго ваяводам у Смаленск. Пасля капітуляцыі Смаленска ў верасні 1654 г. Абуховіч быў абвінавачаны ў здрадзе, у змове з непрыяцелем. Вясной 1655 г. ён мусіў адказваць за «здраду» перад судом на Варшаўскім сойме. Дзякуючы заступніцтву караля і Сапегаў разгляд справы быў адкладзены, і Абуховіч атрымаў магчымасць паслужыць Айчыне. Ён браў удзел у пераможнай бітве са шведамі пад Варшавай, а затым, узначаліўшы полк з дывізіі Паўла Сапегі, прыйшоў пад Берасце, аднак тут захварэў і 6 верасня 1656 г. памёр. Толькі надзвычайны сойм у 1658 г. разглядзеў справу Абуховіча і цалкам зняў віну за страту Смаленска з яго ды іншых абаронцаў фартэцыі.
Аляксей Міхайлавіч (1629-1676) - цар Маскоўскай дзяржавы (з 1645 г.), сын Міхаіла Раманава. Узмацняў цэнтралізацыю ўлады, для чаго ўтварыў мноства новых прыказаў, у тым ліку Прыказ тайных спраў, сцвярджаў абсалютысцкую сістэму кіравання дзяржавай, неабмежаванасць улады манарха. Пры ім была рэарганізаваная і даведзеная да надзвычай вялізнай колькасці армія. Амаль усё цараванне Аляксея Міхайлавіча Маскоўская дзяржава вяла войны, далучала новыя тэрыторыі, актыўна каланізавала Сібір і Далёкі Ўсход. Цару давялося душыць шматлікія паўстанні ў сваёй дзяржаве - у 1648 і 1662 гг. у Маскве, у 1650 - у Пскове і Ноўгарадзе, у 1670-1671 - сялянскую вайну пад кіраўніцтвам Сцяпана Разіна.
Аскірка Самуль (1600-блізу 1675) - мазырскі земскі суддзя, палкоўнік войска Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у інтэрвенцыйнай вайне супраць Маскоўскага царства па пачатку ХVІІ ст., затым - у Хоцімскай выправе 1621 г., у баях са шведамі ў Інфлянтах, у кампаніях Януша Радзівіла супраць казакаў у 1649-1651 гг. Пад час вайны Аляксея Міхайлавіча кіраваў фармаваннямі шляхецкага рушання і ўзброенымі аддзеламі беларускага сялянства. У 1660 г. абараняў поўдзень Беларусі ад казацкіх нападаў, пазней блакаваў маскоўскую залогу ў Старым Быхаве, а ў 1662 г. разам з Сурынам і Мараўскім граміў палкі царскіх ваяводаў пад Чавусамі. У 1671 г. фундаваў кляштар Бенедыктынаў у Слуцку.
Ваза Ян Казімір (1609-1672) - кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1648-1668 гг., сын караля Жыгімонта ІІІ (у Вялікім Княстве - Жыгімонта ІV), апошні прадстаўнік шведскай дынастыі Вазаў на пасадзе Рэчы Паспалітай. Выхаваны езуітамі і ў маладосці нейкі час нават уваходзіў у іхны ордэн. Падарожнічаў з бацькам па Эўропе, потым з братам Уладыславам (будучым каралём і вялікім князем Уладыславам ІV) удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай, разам з аўстрыйцамі ваяваў супраць французаў. Абраны манархам, пераняў пасля брата не толькі пасад, але і жонку - каралеву Марыю Людвіку. Памёр у Неверсе. Пахаваны на Вавелі.
Гасеўскі Вінцэнт Корвін (1628-1662) - падскарбі і палявы гетман Вялікага Княства Літоўскага, сын смаленскага ваяводы Аляксандра Гасеўскага і Евы з роду Пацаў. Адукацыю атрымаў у Віленскай езуіцкай акадэміі, затым вучыўся ў Рыме і Вене, а вярнуўшыся на радзіму, прысвяціў сябе палітычнай кар'еры. Служыў у войску Януша Радзівіла, калі той вёў барацьбу з казакамі, у 1651 г. заняў пасаду генерала артылерыі, а праз год - падскарбія, і ў 1654 г. атрымаў булаву палявога гетмана. З 1655 г. з'яўляўся прыхільнікам прымірэння Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швецыі. Увосень 1658 г. у бітве з царскім войскам пад Вільняй трапіў у палон і тры гады правёў у няволі ў Маскве. Быў вернуты па абмене палоннымі, а 29 лістапада 1662 г. злачынна забіты жаўнерамі сканфедэраванага войска пад Астрыном у Лідскім павеце.
Залатарэнка Іван (?-1655) - нежынскі казацкі палкоўнік, наказны гетман Запарожскага войска ў 1654-1655 гг., якому Багдан Хмяльніцкі даручыў кіраваць 20-тысячнай групоўкай казакаў у Беларусі. Дапамагаючы царскім ваяводам, Залатарэнка захапіў Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў, Прапойск, Бабруйск, Глуск, Свіслач, Койданаў ды іншыя гарады. Жыхары панічна баяліся ягонага войска дзеля жорсткага гвалту, які чынілі казакі. Восенню 1655 г. Залатарэнка загінуў пад час аблогі Старога Быхава.
Кміціч Самуль (?-1692) - стражнік Вялікага Княства Літоўскага, палкоўнік. Паходзіў з варшанскай шляхты. Быў сярод афіцэраў, якія ўзбунтаваліся супраць Януша Радзівіла і стварылі вайсковую канфедэрацыю ў Вербалове (1655 г.). Удзельнічаў у вайне са шведамі, дзе вызначыўся асаблівым гераізмам. Увосень 1658 г. прывёў вайсковае злучэнне (12 харугваў) на Віцебшчыну для падтрымкі сялянска-шляхецкага партызанскага руху. Удзельнічаў у бітве пад Палонкай (1660 г.) і пераследзе Хаванскага, у бітве пад Кушлікамі (1661 г.). На чале палка ў 1663 г. хадзіў на Смаленшчыну, у наступным - пад Рослаў і Бранск, а ў 1665 г. граміў Хаванскага пад Полацкам. Напрыканцы вайны стаяў з палком на поўначы Беларусі, блакуючы маскоўскую залогу ў Полацку. Пасля Андрусава стала жыў на Варшаншчыне. Меў маёнткі Невадніцу ў Гарадзенскім, Краснае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Варшанскім паветах. Да канца веку браў самы актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны.