Аляксей КУЛАКОЎСКІ
НЕЗАБЫЎНАЕ РЭХА
Апавяданне
Заціхла к позняму вечару рэчка Лабжынка, яе ўжо нават i не відно, калі глядзець збоку. На лузе пацямнела і нібы прытаілася ў чаканні благатворнай расы густая трава. I раса, пэўна, будзе, вялікая будзе раса, бо дзень сёння быў цёплы, пагодлівы. Ужо цяпер над рэчкай пачынае ўзнімацца шыза-белы туман i вызначаць на лузе ўсе свавольныя звілінкі, якія робіць тут рака. Чароўная шыза-белая лента ўецца па лузе, па вербалозніку i рассцілаецца далёка-далёка, аж да сам ага небасхілу. Каля яе зрэдку падаюць свае поўдрымотныя галасы кулікі, сяды-тады скрыпуча абзавецца драч. А самы канец ленты раптам пачынае чырванець. Чырвань гэтая хутка пашыраецца i што далей, то ўсё больш радзее, пераходзіць у барвовасць, а потым у светлую жаўцізну. Гэта ўзыходзіць месяц. Хутка ён залье сваім святлом луг, лясок непадалёку ад рэчкі, густыя ўпрыцемку, нібы злітыя, кусты вербалозніку.
Сёння — самы вялікі дзень у годзе, дваццаць другое чэрвеня. Увесь дзень тут, каля рэчкі, было многа людзей, многа гоману, песень, весялосці. У ляску на зялёнай паляначцы праходзіла Свята песні, арганізаванае райкомам комсамола. Гэта так усе гаварылі: райкомам комсамола, а на самай справе ўсё арганізавала Надзя, загадчык аддзела па рабоце сярод вучнёўскай моладзі і піонераў. Першы сакратар, як даведаўся, што яго хочуць паслаць на вучобу, умыў ад усяго рукі, а другі засеў перад зарочнай сэсіяй за падручнікі. На свята Надзя запрасіла прадстаўнікоў суседняга райкома комсамола. Прыехаў на матацыкле першы сакратар Нікалай Ванесаў і з ім Маша, даўно знаёмая Надзі дзяўчына, інструктар абкома комсамола.
Песні спяваліся звонка, на ўсе грудзі, i зладжана, як ніколі. Надзя дырыжыравала зводным хорам чатырох школ, а Маша, паправіўшы з дарогі светлыя локаны, стала ў рад са старшакласніцамі і неяк адразу нібы злілася з імі: гэткае-ж у яе белае, з тугім паяском плацце, гэткія-ж свежа загарэлыя рукі. I сама яна невялікая ростам, стройная, з пяшчотным, як у дзіцяці, падбародкам. Нікалай таксама прыстаў да мужчынскай трупы. Сярод школьных спевакоў ён вылучаўся большай абветранасцю твару (язда на матацыкле дала сваё) i ледзь не блішчастай чарнатой густых валасоў.
Надзя, дырыжыруючы, спявала, яна i дырыжыравала больш голасам, чым рукамі. Рукі ў яе хадзілі няўпэўнена, асабліва ў тыя хвіліны, калі яна думала пра гэта. А голас у Надзі асаблівы. Ён і моцны і ў той-жа час лірычны, прыгожага тэмбру. Удзельнікі хору яго чуюць, а ў ансамблі ён не выбіваецца. I яшчэ вочы памагаюць Надзі дырыжыраваць, карыя, выразныя вочы. Калі дзе пачуецца хоць самая маленькая нязладжанасць, Надзя глядзіць туды і глядзіць так, што харысты адразу-ж папраўляюцца. Часта насцярожаны позірк дырыжора спыняўся i там, дзе яшчэ толькі намячалася шчылінка ў галасах. Спыняўся ён i на Машы, але зусім не для таго, каб паправіць яе. Маша спяваць умела і дзесяткі песень ведала на памяць. Карыя і блакітныя вочы сустракаліся, мабыць, толькі для таго, каб адчуць адзінства ўрачыстасці, каб абодва галасы набывалі яшчэ большы прастор, яшчэ прыгажэйшае гучанне. I калі ўсхваляваны погляд Надзі міжвольна пераходзіў на смуглявы твар Нікалая, у голасе яе з'яўлялася нейкае адметнае дрыжанне, твар палаў радасцю і верхнія ноты гучалі так прыгожа i ўрачыста, што кожнаму, хто стаяў у гэты час збоку, хацелася паслухаць Надзю адну.
Пасля песень гулялі ў розныя гульні, а на змярканні, калі малодшыя школьнікі пайшлі дадому, расклалі касцёр. Каля кастра ўсе дарослыя сталі дзецьмі: скакалі цераз агонь, бегалі навыперадкі. Маша на ўвесь лясок залівалася вясёлым смехам i кожную хвіліну выдумляла што-небудзь новае ў гульнях. Завадатарам яна была найлепшым: усё ў яе выходзіла лёгка i проста. Кожны яе жэст хацелася паўтарыць, а кожнае слова прыбаўляла весялосці. Неяк вельмі смяшліва і зусім па свойму яна ўжывала слова «абы што»: «сказала абы што», «з’ела абы што», «села на абы што».
— Выдумай яшчэ абы што! — часта прасіў яе Нікалай Ванесаў.
Потым агонь стаў памаленьку затухаць, галля больш не падкідалі, бо тут мала яго было, — лясок маладзенькі, пасляваенны. Усе трошкі стаміліся ад гульняў, трошкі здаволіліся. Нікалай Ванесаў завёў матацыкл і пачаў вучыць хлопцаў ездзіць, дзяўчаты пайшлі на рэчку, а Надзя з Машай засталіся каля агню. Рэдкі дымок ішоў ад вуголляў, плыў па траве і знікаў каля рэчкі. Нехта раптам крыкнуў каля рэчкі, і Надзя ўсхапілася, пачала прыслухоўвацца.
— Чаго ты? — спытала Маша.
На рэчцы засмяяліся, тады і Надзя, усміхнуўшыся, села.
— Тут у нас у мінулым годзе тапіліся некаторыя.