Выбрать главу
Пра душу успомнілі, панове? Што вы хочаце з яе спытаць — Вамі ж, вамі, душ уладарамі, Безьліч раз цынічна згвалтаванай, Збэшчанай, растурзанай, зьнявечанай, Змучанай, прыбітай, здратаванай, Між хлусьнёй і праўдаю раздвоенай, А нарэшце і расчвартаванай На крыжы... О, так, на тым жа самым... Што ж цяпер вам тэрба ад яе, Што нарэшце ўспомнілі? Панове?
1991, люты

* * *

Які ганебны пераход Ад велічы і чыннасьці — Да чорнай роспачы згрызот, Да нэндзы і нішчымнасьці.
Хлусілі з пэўнасьцю такой — Што ў рот глядзелі многія. Цяпер — з працягнутай рукой Стаім, як старцы ўбогія.
Жывём-жуём — куды ўжо горш! Любому рады донару, Як бы няма ў нас ні на грош Ні годнасьці, ні гонару.
Куды ні глянь — разбой і гвалт, Разгул драпежнай хцівасьці, Апораў людскасьці абвал, Агонія цярплівасьці.
Дык што ж мы, братцы, за народ? Што з намі ў сьвеце сталася? Калі пазбудземся нягод? Паўстанем з заняпаласьці?
1991, сакавік

* * *

Кажаш: годзе, годзе ў вершах публіцыстыкі. Годзе кіпнем палемічным поўніць словы. Хай там ладзяць баль газетныя нячысьцікі, А ў паэтаў — час адхланьня вечаровы.
Час памарыць, адпачыць, пільней прыгледзіцца Да зіхоткіх, вечных зор над галавою. Мо з каўша свайго Вялікая Мядзьведзіца На душу ліне касьмічнага спакою, —
I адыдуць, адпадуць усе надзённыя I трывогі, і турботы, і згрызоты... Ах, мой братка! Хоць паэты — людзі цёмныя I далёка не глядзяць за гарызонты, —
А не могуць во сядзець маўкліва-стоена — Так, як мыш пад памялом, што і не шасьне... Ты даруй ім: гэта ў іх ад продкаў-воінаў Кроў такая — не мышыная, на шчасьце.
1991, сакавік

ПАЛЕМІЧНАЕ

Васпан! Здаецца, вы, хоць і не храбра, Праўдзе служылі ў былыя гады? Што ж вы мяняеце Бога на д'ябла, Не прадчуваючы ўласнай бяды?
Д'ябал на тое і д'ябал, што здольны Думкі заблытаць і крылы зьвязаць. Д'яблу паверыўшы, вернік не вольны Шчырае слова народу сказаць.
Д'ябал падмовіць і вас адракчыся Ад векавечных народных сьвятынь, Як адракліся ўжо тысячы тысяч, Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым.
Што ж прымушае вас гэтак заядла I безразважліва кідацца ў бой Не за гаротніка-брата — за д'ябла З хітрай ухмылкаю, з сытай губой?
Люду сумленнаму жыць на радзіме Горай і горай. Народ — у бядзе! Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы? Брацкую вернасць шукаеце дзе?
Вы — за свабоду? Чыю і якую? Тую, што здымуць нам з меркі чужой? Знайце ж: зарана нячысьцік сьвяткуе Верх-перамогу над нашай душой!
Знайце: жывучы народ наш і з пекла Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух! Ну, а паколькі душа ў вас асьлепла — Вашых у гэтым не будзе заслуг.
1991, сакавік

ЦІ АЧНЕМСЯ?

Чужое, разбойнае, хамскае Гвалтуе, дратуе, таўчэ, А роднае, свойскае, наскае Бязмоўна ярмо валачэ.
Пачварнае, дзікае, жорсткае Крычыць, верашчыць і трашчыць, А добрае, людскае, боскае Замоўкла і цяжка маўчыць.
Бяздарнае, брыдкае, бруднае Сквярэцца, дзярэцца, хрыпіць, А чыстае, сьветлае, мудрае Няйначай заснула і спіць.
Дык, можа, ачнёмся, таварышы? Апомнімся, братцы-сябры? Ці будзем, аб вольнасьці марачы, Канаць на бацькоўскім двары?
1991, сакавік

ЗДАНЬНЁ НА БАЦЬКАУШЧЫНЕ

З Краснай горкі сьвятой, Як раней яна звалася, Я гляджу на лясы, Што не бачыў даўно: I на той, Адкуль сонца заўсёды ўздымалася, I на той, За які асядала яно.