Мы — з той вайны. Мы чэсна ваявалі.
Хай не героі, ды спазналі мукі.
Зашто ж вы нам у душы наплявалі —
Вы, нашы дзеці родныя і ўнукі?..»
1991, жнівень
* * *
У беспрасьветны час
Зьнявер'я і шаленства,
Калі цяжар абраз
Гняце душу з маленства, —
Паверыць лёгка ў зло,
А вы ў дабро паверце!
Абразы не было —
I па найстрогай мерцы,
Душы сваёй крыло
Даю на адсячэньне:
Абразы не было
Для сьвята адраджэньня!
Абразы не было.
Адкуль жа столькі гневу?
Пакуль не адняло —
Цягну далоні к небу.
Пасьведчы, Бацька Бог:
Хоць і круты не ў меру —
Абразіць я не мог
Сваю любоў і веру.
Абразы не было.
Калі няпраўда гэта —
Хай тут жа стлее ў тло
Зямны пасад паэта!
Пабеліць стынь чало
I цені ў зрэнках згуснуць —
«Абразы не было...» —
Нячутна сыдзе з вуснаў.
1991, верасень
ПЕРАСЬЦЯРОГА
Беларусы!
Ды не верце ж вы
Новаяўленым ілжэпрарокам:
Умярцьвяць яны наш дух жывы —
I давер наш вылезе нам бокам!
Залатое пасьвячы цяля
На лугах цяністага падпольля,
Злыдні хочуць, каб уся зямля
Стала іхняй, — і зямля, і воля.
I зямля, і воля, і душа! —
Лёсу трыадзіная апора.
Завалодаўшы душой сьпярша,
Волю і зямлю прысвояць скора.
I тады ўжо — на вятрах чужых —
Нам павек гібець у прыніжэньні.
Не шукайце ж праўды-рады ў тых,
У каго тапырацца кішэні!
Ні на кроплю ім не верце вы —
Гэтым пафасным ілжэпрарокам:
Умярцьвяць яны наш дух жывы —
I давер наш вылезе нам бокам!
1990—1991
КОЛЬЦЫ
СЬПЯРША
Сьпярша прывучаць вуха, вока
Да чужамоўя, а тады...
Тады ўжо будзе недалёка
Да непапраўнае бяды —
Калі па кроплі, як атрутай,
Чужым напоўніцца душа
I ўжо не ўспомніць у пакутах,
Якой была яна сьпярша.
1991, жнівень
ЦЯПЕР!
Цяпер! Цяпер! Цяпер — і толькі!
Або — або, народзе мой!
Або — цяпер, нязломна-стойкі,
У рукі лёс ты возьмеш свой,
Або — і ў далі найдалёкай,
З ярмом, узьдзетым на каўнер,
Ты будзеш жыць, як раб і лёкай...
Таму — цяпер! Цяпер! Цяпер!
1991, верасень
НА СЬМЕХ...
На сьмех браты мяне ўздымаюць,
Што я таксама захацеў
Павагу мець, якую маюць
Яны. Крычаць: «Ты звар'яцеў!
Хадзіць і дыхаць незалежна?
Ды гэта ж бунт і страшны грэх!..»
Браты! I праўда, будзе сьмешна,
Як сьвет падыме вас на сьмех.
1991, верасень
ВЫ, ШТО ПАЧАЛІ...
Вы, што пачалі ўжо зарыфмоўваць
Новае вяльможнае імя,
Да нябёс узносіць пышнай мовай,
У надзеі, што незадарма,
Помніце пра лёс неблаславёны
Тых няшчасных, што да вас жылі
I таксама ўладароў імёны
Рыфмаваць аднойчы пачалі.
1991, верасень
У ЗОЛЬ I СТЫНЬ
У золь і стынь гібелі людзі —
На будаўніцтве, на сяўбе,
А зоркі з золата на грудзі
Чаплялі выхапні сабе,
А плён іх кралі дармаеды
З нутром цынічным і пустым...
Адсюль — усе няшчасьці-беды
I ў шчырых душах — золь і стынь.
1991, верасень
I ДАБ'Е...
I даб'е цябе наіўнасьць.
I даб'е цябе насьмерць.
Дзе падступнасьць, дзе нявіннасьць —
Ты не здольны зразумець.