Выбрать главу
Непрыкметна абязьвечыць, Крылы-мары абарве, Абяскровіць, абязьверыць. Абясьсіліць і... даб'е!
1991, верасень

З ДАЎНІХ СШЫТКАЎ

* * *

Краю мой! Я не знаю, Як трэба пісаць пра цябе. Але ведаю-знаю, Як трэба табой даражыць. Знаю: мне Без тваіх даляглядаў У вечнай журбе — Ні спяваць, Ні кахаць, Ні аб будучым марыць, Ні жыць!
1965

* * *

Як цяжка, Як душна Ад фальшу і бруду! Душа — як на катарзе, Хоць і не ў ссылцы. I бачу — Па злобнай чыноўнай Ухмылцы, — Што катаргі гэтай Я век не адбуду.
1971

КАЛІ Я ЖЫЎ?

Падказка для нашчадкаў

Калі я жыў? Адказ на гэта Зусім не цяжка будзе даць, Бо ёсьць дакладная прыкмета, З усіх найверная, відаць.
О, невясёлыя гады Майго жыцьця! Я жыў тады, Калі вучылі ў мове рускай У нас і горад і сяло, I на ангельскай, на французкай, I на іспанскай — аж гуло, На выкапнёвай стара-прускай, На мове інкаў і этрускаў Таксама хораша ішло, I толькі роднай беларускай У школах месца не было.
Ну, а калі не вучыць школа I гоніць мову за парог — То як жа ёй гучаць наўкола, Ды так, каб сьвет прывеціць мог?
Калі пануюць запраданцы, Што прадаюць свой родны край За чужаземныя акрайцы, — Ад іх спагады не чакай.
Даруе ўсё іх суд суровы — Забойства, кражу, гвалт і зьдзек, Адно любоў да роднай мовы Вам не даруецца павек.
Такі — мой час! Такім і ўзойдзе Ён у гісторыю зямлі, Дзе нашай мовай у стагодзьдзях Калісь пісалі каралі.
1975

* * *

Каменьні ляцяць на дарогу. Аднойчы якісь не міне. Каму я паплачуся? Богу? Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду Кладуць і кладуць на чало. Каму я паскарджуся? Д'яблу? Яшчэ нехапала чаго!
Есьць добрыя людзі — я ім бы Паплакаўся трохі, але ж — У іх над галовамі німбы Уласных накут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай Цяжар свой на іх ускладаць. Дык што ж застаецца, Радзіма? Ты можаш параду мне даць?
I чую я голас, надобны На голас матулі маёй: «Будзь дужы, будзь мужны і добры. Не бойся натхнёных хлусьнёй.
Адрынь іх суды-перасуды. I чорнай не вер варажбе. Хай свеціць заўсёды і ўсюды Маё блаславеньне табе!»
1985