Выбрать главу

Вірынея не хавала свайго задавальнення. Валадарка Лясоніі правяла Карыну ў адну са сваіх спальняў і прапанавала ёй мяккую пасцель. Праўда, пасцель нехта разаслаў абыяк, і навалачку на падушку чамусьці нацягнулі на левы бок, але такой бяды — Карына хутка зрабіла ўсё як належыць і заснула моцным сном, які звычайна заўсёды бывае пасля доўгай дарогі і нялёгкай працы.

Нараніцу дзяўчынка перш-наперш накіравалася на кухню і вырашыла сама прыгатаваць сняданак, не вельмі спадзеючыся на гультаяватых кухарак, якія, пэўна, яшчэ спалі.

Не прайшло і гадзіны, як па ўсім палацы паплыў прыемны пах смачнага сняданку. Першай ад яго прачнулася Вірынея і доўга не магла даўмецца, што так дзіўна — аж слінкі цякуць — пахне.

Затым прачнуліся кухаркі. Яны хоць і былі гультаяватымі і самі ніколі не гатавалі нічога радобнага, аднак адразу здагадаліся, што гэта пахнуць смажаная бульба і грыбны суп. Проста ў начных сарочках і пантоплях кухаркі кінуліся на кухню. Услед за імі з'явілася Вірынея.

Карына запрасіла Яе Вялікасць за стол і паставіла перад ёй сняданак. Вірынея зачэрпнула лыжку грыбнога супу, паспытала і нават заплюшчыла вочы ад задавальнення.

— Ах, як смачна! — нарэшце сказала яна.

— Калі б мы не былі гультайкамі,— уздыхнулі кухаркі,— мы маглі б кожны дзень гатаваць смачныя стравы.

— А вы ўмееце? — здзівілася Карына.

— Вядома, умеем! — у адзін голас адказалі кухаркі.

— Па-мойму, можна хаця б раз у некалькі дзён гатаваць смачныя стравы і пры гэтым заставацца гультайкамі,— пасля кароткай паузы сказала Карына.— Так, Ваша Вялікасць? — звярнулася яна да Вірынеі.

— Я лічу, што іх проста неабходна гатаваць,— кіўнула Валадарка Лясоніі, аплятаючы грыбны суп за абедзве шчакі.

Як след падмацаваўшыся і сама, Карына ўспомніла, што сёння яшчэ не мылася, і спытала ў ад ной з кухарак, прыгожай доўгавалосай дзяўчыны, ці ёсць у палацы ванны пакой.

— Ёсць,— адказала маладая кухарка.— Праўда, ім ніхто ніколі не карыстаецца.

"Ну, у гэтым я амаль не сумнявалася",— падумала Карына, а ўголас прамовіла:

— Галоўнае, каб у ім была вада.

— Вада ў ім павінна быць,— супакоіла Карыну кухарка і адвяла яе ў ванны пакой, большую частку якога займала чыгунная ванна. Для маленькіх лясонаў яе памеры былі вельмі нават унушальныя, але калі б Карына вырашыла пакупацца, то дзяўчынцы давялося б сядзець у ёй сагнуўшы калені.

Карына пакруціла кранік і падставіла пад яго палец.

— Ой, вада нават цёплая! — радасна ўсклікнула яна.

— Гэта ад сонца,— патлумачыла маладая кухарка.— Вада з зямлі паступае ў бочку, якая знаходзіцца на даху. У ёй яна за дзень награецца так, што за ноч не паспявае астываць.

Карына старанна памыла твар і рукі і пашукала вачыма ручнік, але яго ў ванным пакоі не аказалася.

"Вядома,— падумала дзяўчынка,— адкуль ён будзе, калі тут ніхто не мыецца. Давядзецца так сохнуць".

Карына паглядзела на кухарку: няўжо яна ніколі не мыецца? I няўжо яна гатуе ежу бруднымі рукамі?

Але і твар, і рукі дзяўчыны падаліся ёй бездакорна чыстымі. Як і яе блакітная сукенка — праўда, у некалькіх месцах залатаная.

"Значыць, Вірынея перабольшвала, калі гаварыла, што ўсе яе слугі такія ж неахайныя, як і яна,— вырашыла Карына.— Бедная, яна так трасецца за свой трон, што гатова ахвяраваць усім, абы ніхто не падумаў, быццам яна не самая вялікая гультайка ў гэтай краіне!"

Карына вырашыла зноў пабачыцца з Валадаркай Лясоніі. Следам за ёй з ваннага пакоя выйшла і маладая кухарка. У гэты момант міма іх да выхада з палаца важна прайшоўся маленькі дзядок у чорным фраку і з папкай у руках.

— А што гэта ў яго ў роце? — здзіўлена спытала Карына.

— Соска,— абыякава адказала кухарка.

— Соска? — Карына ледзь стрымалася, каб не засмяяцца.

— Ну, вядома,— сказала кухарка такім тонам, быццам усе дзядулі ў Лясоніі смакталі соскі.— Гэта Галоўны Захавальнік Дзяржаўных Таямніц,— панізіўшы голас, патлумачыла яна.— Ён заўсёды, пакідаючы свой дом, бярэ з сабою соску, якую мае права вынуць з рота толькі тады, калі размаўляе з Яе Вялікасцю.

— Чаму? — спытала Карына.

— Каб выпадкова не выдаць каму-небудзь якую-небудзь дзяржаўную таямніцу.

Следам за Галоўным Захавальнікам Дзяржаўных Таямніц з троннай залы выйшаў яшчэ адзін маленькі дзядок — таксама ў чорным фраку і з папкай пад пахай. Твар яго быў задумлівы і змрочны. Праходзячы міма Карыны і кухаркі, дзядок раздражнёна вымавіў:

— Падумаць толькі! Ёй захацелася новую сукенку! Што пра яе падумаюць падданыя?!