Выбрать главу

— Што ж, давайце яго сюды.

Мітрох са шкадаваннем аддаў Вірынеі залаты посах.

— Ваша Вялікасць, вы абяцалі вярнуць яго майму сябру,— занепакоілася Карына.

— Хм, але цяпер гэта ўжо мой падарунак,— задумліва сказала Вірынея, з цікавасцю разглядаючы залаты посах.

— Але ж ён украдзены! — нагадала Карына.

— Не ведаю, ці маеш права ты цяпер патрабаваць яго назад,— паморшчылася Валадарка Лясоніі.— Пакуль ён быў проста ўкрадзенай рэччу, то, безумоўна, належаў твайму сябру. Але цяпер, калі стаў падарункам, ён як бы ўжо і не яму належыць, а мне.

У голасе Яе Вялікасці з'яўлялася ўсё больш упэўненасці, і Карына зразумела, што цяпер, калі чароўным побахам завалодала Вірынея, вярнуць яго Ліну будзе значна цяжэй, чым калі б ён знаходзіўся ў руках маленькіх злодзеяў.

I тут Карыне прыйшла ў галаву выратавальная ідэя.

Дзяўчынка знарок цяжка ўздыхнула і сказала:

— А мой сябар вельмі даражыў ім, бо посах мае чароўную сілу.

Заўважыўшы на твары валадаркі Лясоніі насцярогу, Карына паспешна дадала:

— Напрыклад, ён можа ператварыць Ваш драўляны трон у трон з чыстага золата.

("Я яшчэ ніколі так не махлявала",— падумала яна.)

— А ты ведаеш, як ім карыстацца? — нецярпліва спытала Вірынея.

— О, гэта вельмі проста! — усклікнула Карына, з цяжкасцю хаваючы свае хваляванне.— Дазвольце, Ваша Вялікасць, я пакажу Вам.

I яна працягнула руку.

Вірынея некалькі хвілін сядзела нерухома, быццам западозрыла нядобрае. Яе вялікія вочы бегалі сюды-туды — Валадарка Лясоніі пра нешта напружана думала.

Карына ўжо хацела апусціць руку, але тут Вірынея ўздыхнула і сказала:

— Добра, паглядзім, што ў цябе атрымаецца. Яна паднялася з трона і перадала посах Карыне. Дзяўчынцы толькі гэта і трэба было. Яна абвяла развітальным позіркам тронную залу і сказала, звяртаючыся да Вірынеі:

— Дзякуй Вам, Ваша Вялікасць!

I павярнула колца на чароўным посаху.

У гэты момант Вірынея раскрыла рот, каб нешта сказаць Карыне, ды так і застыла, не ў сілах вымавіць хоць слова — на тым месцы, дзе толькі што стаяла дзяўчынка, нікога не было.

14. ПЕРШЫ I АДЗІНЫ АСТРАНОМ-ГЕОГРАФ ЯЕ ВЯЛІКАСЦІ

Усё адбылося так хутка, што Карына нават не паспела нічога зразумець — у вачах на імгненне стала цёмна, і быццам бы нейкая невядомая сіла рэзка падняла яе ў паветра і тут жа апусціла назад.

— Ай! — усклікнула дзяўчынка.

— Ай! — пачулася зусім побач.

Гэта спалохана крыкнуў Лін, перад якім невядома адкуль і як з'явілася Карына.

Разам з Лінам каля яго доміка стаялі Граня і двое незнаемых Карыне далінцаў — па іх шырокіх ратах было няцяжка здагадацца, што гэта бацькі маленькага скарбніка.

— Ты вярнулася! — узрадаваўся Лін, які яшчэ хвіліну таму няўцешна сумаваў, дакараючы сябе за тое, што пакінуў без нагляду чароўны посах.

Карына падрабязна расказала, як ёй давялося пабываць у Лясоніі.

— Дзякуй, дзіцятка,— пяшчотна прамовіла Лінава Маці, пазіраючы на Карыну знізу ўверх, паколькі была ёй толькі да пояса.— А мы, прызнацца, падумалі, што гэта ты...— маленькая жанчына хацела сказаць "украла", але перадумала і сказала: — узяла чароўны посах.

— Я ж гаварыў вам, што яна не здатная на гэта! — умяшаўся Граня.— А вы мне не верылі.

Маленькая жанчына ўздыхнула, а Лінаў Бацька, які таксама адчуваў сваю няёмкасць перад дзяўчынкаю, паспяшаўся перамяніць тэму.

— Табе абавязкова трэба пайсці разам з намі да Урсулы,— сказаў ён.— Яна павінна ведаць, хто дапамог нам вярнуць ёй чароўны посах.

Праз некалькі хвілін скарбнікі і Карына з Гранем выйшлі на сцежку, якая вяла да палаца валадаркі Далініі. Чароўны посах нёс Лін, горда трымаючы яго ў руках, быццам дрэўка сцяга.

Палац знаходзіўся пасярод невялікага гарадка з маленькімі прыгожымі дамамі і зялёным скверыкам на галоўнай плошчы. Як і належыць палацу, у якім жыве Валадарка краіны, ён выдзяляўся сярод іншых пабудоў асаблівай раскошай і хараством. Сцены яго былі аздоблены ізумрудамі, перад парадным уваходам стаялі калоны, пакрытыя чыстым золатам, шкло ў вокнах пералівалася на сонцы рознакаляровымі блікамі.

Галоўны Вартаўнік палаца, даведаўшыся пра мэту прыходу дзіўнай кампаніі, у якой было двое іншаземцаў, правёў усіх у вялікую залу і загадаў чакаць. Падлога, сцены, столь — усё ў зале зіхацела і пералівалася рознымі колерамі, аж сляпіла вочы.

Праз хвіліну Галоўны Вартаўнік вярнуўся і запрасіў скарбнікаў прайсці следам за ім. Карына і Граня засталіся адны. Юныя падарожнікі паволі хадзілі па зале і дзівіліся то вялікімі карцінамі, якія паўсюль віселі на сценах, то вялікімі люстрамі, што звісалі з высокай столі.