Выбрать главу

Раптам з дзвярэй, за якімі нядаўна зніклі Галоўны Вартаўнік і скарбнікі, хутка выйшаў маленькі чалавечак паважнага ўзросту з глобусам у руцэ. Пазіраючы сабе пад ногі, ён наскочыў на Карыну і ад нечаканасці выпусціў з рук глобус.

— Ах, прабачце! — прамармытаў чалавечак, ускінуўшы рукі.— Я так задумаўся, што не заўважыў вас.

Карына падняла глобус і працягнула чалавечку.

— Дзякуй, дзякуй,— некалькі разоў паўтарыў той, беражліва прымаючы шар, размаляваны ў розныя колеры.

— Вы, напэўна, мясцовы настаўнік? — пацікавілася Карына.

— Настаўнік? Што вы! Я Першы і Адзіны Астраном-Географ Яе Вялікасці,— прадставіўся дзядок.

— Чаму Першы і Адзіны? — здзіўлена спытала Карына.

— Першы, таму што да мяне ніхто не займаў гэтую высокую пасаду,— растлумачыў вучоны.— А Адзіны, таму што ў нашай краіне няма іншых астраномаў і географаў. А гэта,— чалавечак паказаў на глобус,— гэта наша планета! Я вылічыў! Я правёў матэматычныя разлікі і вылічыў, што наша планета мае форму шара! Уяўляеце?

— Уяўляю,— кіўнула Карына, ледзьве хаваючы усмешку, а Граня толькі хмыкнуў, з цікавасцю разглядаючы дзядка.

— Вы мяне разумееце! Ніхто мяне дагэтуль не разумеў, ніхто мне не верыў, усе мяне называлі дзіваком, які на старасці з'ехаў з глузду, а вы... Вы разумееце мяне, вы верыце мне, я гэта бачу па вашых вачах!

— Але чаму я не павінна вам верыць? — паціснула плячыма Карына.— Вы ж не сказалі нічога...

— Вось! Вашы словы — гэта гаючая вада, якая вяртае мне душэўныя сілы! — усклікнуў Першы і Адзіны Астраном-Географ, перабіваючы дзяўчынку.— Але ўсе лічаць, што наша планета не можа быць круглай!

— Якое глупства! — засмяялася Карына.— Ды ў нас кожнаму школьніку вядома, што Зямля мае форму шара, праўда, крыху сплюснутага.

— Як? — расчаравана прамовіў дзядок.— У вас гэта вядома кожнаму школьніку?

— Даўно,— кіўнула Карына.

— Вы хочаце сказаць, што я не першы, хто вылічыў, што наша планета не плоская?! — не мог паверыць Першы і Адзіны Астраном-Географ.

— На жаль,— сказала Карына.— Яшчэ да нашай эры грэчаскія філосафы і астраномы былі перакананы, што Зямля круглая. Мала таго, ужо тады грэчаскі вучоны Эратасфен вылічыў даўжыню акружнасці зямнога шара, а вялікі астраном Пталемей у пачатку нашай эры даводзіў, што наша планета — шар, заключаны ў яшчэ большы шар нябеснага зводу.

Карына цікавілася астраноміяй, ведала шмат з таго, чаго яшчэ не расказвалі на уроках, і была рада, што ў яе з'явілася магчымасць лішні раз паказаць сваю дасведчанасць.

Не толькі Першы і Адзіны Астраном-Географ, але нават Граня слухаў яе разявіўшы рот.

— Да нашай эры... Эрата... Эратасфен... Даўжыня акружнасці...— слабым голасам паўтарыў дзядок.— А я лічыў, што зрабіў адкрыццё, і мае імя... Ах, як я памыліўся!.. А мне да таго ж ніхто не верыць...

— Не адчайвайцеся,— паспрабавала суцешыць далінца Карына.— У нас таксама не адразу ўсе паверылі, што Зямля круглая. За такія перакананні некаторых вучоных нават спальвалі на кастры.

— Спальвалі на кастры? — спалохана перапытаў дзядок, але тут жа схамянуўся і горда расправіў плечы.— Ісціну нельга спаліць на кастры. Вось, глядзіце,— ён пакруціў глобус.— Бачыце, я нанёс на яго ўсе вядомыя навуцы краіны. Вось ваша краіна, пазнаяце?

— Карына ўважліва паглядзела на тое месца, куды паказваў Першы і Адзіны Астраном-Географ і дзе вялікімі літарамі было напісана:

"КРАІНА ВЕЛІКАНАЎ".

Абрысы Краіны Веліканаў, афарбаваныя ў чырвоны колер, зусім не нагадвалі абрысы Беларусі ці суседніх з ёй краінаў, якія можна знайсці на школьных картах. Але дзяўчынка не хацела яшчэ больш засмучаць Астранома-Географа і сказала:

— Быццам бы так, падобная.

Тут яе позірк упаў на суседнія з Краінай Веліканаў дзяржавы.

"ДАЛІНІЯ" — прачытала Карына надпіс на вялікай, амаль такой жа, як і "яе" краіна, тэрыторыі, зафарбаванай у блакітны колер.

А побач, у заходнім накірунку, знаходзілася ў два разы меншая тэрыторыя зялёнага колеру.

"ЛЯСОНІЯ" — сведчыў надпіс. Яшчэ далей на захад размяшчалася краіна, зафарбаваная ў шэры колер.

"КРАІНА ВЕДЗЬМАЎ" — было пазначана на ёй.

15. ПАДАРУНАК УРСУЛЫ

У гэты момант дзверы, каля якіх стаялі Карына і Астраном-Географ Лясоніі, расчыніліся, на парозе з'явіўся Галоўны Вартаўнік і ўрачыста прамовіў:

— Гасцей з Краіны Веліканаў Яе Вялікасць кліча да сябе.