Дзяўчынка дастала з кішэні сваю кветку, якая, быццам попел, тут жа рассыпалася на далоні. Раптам наляцеў вецер і ў адно імгненне развеяў і тое, што засталося ад кветкі.
— А дзе твая? — спытала Карына ў Грані, са шкадаваннем пазіраючы на сваю пустую далонь.
— Згубіў,— прамармытаў Граня.— Адно ж не вельмі яна і патрэбная была. Мы і без яе трапілі ў Краіну Ведзьмаў.
Падарожнікі абуліся і рушылі да лесу, які падступаўся амаль да самай рэчкі. У лесе было ціха і змрочна. Густыя лапы высокіх дрэў спляталіся, хаваючы ад вачэй неба. Жорсткі папаратнік хвастаў па нагах, дастаючы да самых каленяў.
— Трэба шукаць сцежку,— сказала Карына.— У кожным лесе павінны быць сцежкі.
— А можа, мы першыя, каго занясло сюды,— зморшчыўся Граня.
— Затое будзе што расказачь дома,— не губляла аптымізму Карына.
— Ага, калі нам яшчэ павераць,— ухмыльнуўся Граня.— I калі мы не заблудзімся тут.
— Тады давай разыдземся ў розныя бакі,— прапанавала Карына.— Так мы хутчэй знойдзем калі не сцежку, то хаця б паляну, на якой можна адпачыць.
I падарожнікі рушылі ў глыб лесу, час ад часу перагукваючыся, быццам грыбнікі. Але колькі яны ні блукалі між дрэў, сцежкі нідзе не было — нібыта па гэтым лесе, і праўда, ніхто да іх не хадзіў.
Раптам нібы з-пад зямлі перад Карынаю з'явілася бабулька ў падраных, ношаных-пераношаных лахманах. Бабульчын твар быў сухі і выцягнуты, а на падбародку тырчэлі два доўгія сівыя валаскі.
— Што, прыгажуня, шукаеш у гэтым лесе? — спытала яна, хітра прыжмурыўшы маленькія вочы.
— Мы шукаем валадарку Краіны Ведзьмаў,— прастадушна адказала Карына, узрадаваная тым, што нарэшце ў лесе трапілася жывая душа.
Бабулька зіркнула па баках, заўважыла Граню і нядобра ўсміхнулася.
— Ну, што ж, я дапамагу вам,— прамармытала яна, і, дзіва, там, дзе толькі што быў густы папаратнік, раптам з'явілася добра вытаптаная сцежка.
— Ідзіце за мной,— сказала бабулька і, шоргаючы чаравікамі з завостранымі наскамі, пасунулася па сцежцы.
Карына пачакала Граню, і яны няспешна пайшлі следам за дзіўнай бабулькай.
Спачатку сцежка вяла прама, а пасля рэзка павярнула ўправа і ўперлася ў замшэлую, пахіленую хатку. Дах яе прагніў, а на коміне вароны звілі гняздо. Крывыя дзверы былі падпёртыя кіем.
— Вы, мусіць, стаміліся,— сказала падарожнікам бабулька.— То заходзьце ў хату, крыху адпачняце, а я, кхі-кхі,— закашлялася старая,— пачастую вас смачным абедам.
Яна адперла дзверы, паставіла кій каля сцяны і першай пераступіла парог. Але як толькі бабулька знікла за парогам, Граня схапіў кій і падпёр ім дзверы.
— Ты што?! — спалохана ўсклікнула Карына.— Што ты робіш?
— Уцякайма хутчэй! — крыкнуў хлопчык.— Я пазнаў яе!
— Каго ты пазнаў? — не магла зразумець Карына.
У гэты момант бабулька з усяе моцы загрукала ў дзверы.
— Адапрыце, падшыванцы! — грозна загадала яна.— Адапрыце, а то я ператвару вас у нікчэмных мышэй!
— Як бы не так! — выгукнуў Граня, але, на ўсялякі выпадак, усё ж адступіў ад парога.— Будзеш сядзець там датуль, пакуль не здымеш чары з маёй рукі!
— Ты хочаш сказаць, што гэта тая самая Ведзьма? — здзіўлена спытала Карына.
— Ага,— кіўнуў Граня.— Я пазнаў яе.
— Вось я табе зараз здыму чары! — прыгразіла Ведзьма.— Пачакай, толькі выберуся.
За дзвярыма стала ціха, і раптам з шумам расчынілася маленькае акенца, у якім паказалася галава Ведзьмы.
— Ага-а! — закрычала галава.— Ну, пачакайце ж, галубчыкі!
Сказаўшы гэта, Ведзьма высунулася з акна па пояс і, узняўшы руку, пагрозліва прамовіла заклінанне:
— Шыма-дыма-шах!
Карына і Граня адчулі, як зямля пад імі здрыганулася, а залатыя ніткі, завязаныя Урсулай, апяклі запясце.
— Што такое? — усклікнула Ведзьма, калі ўбачыла, што яе чары не падзейнічалі.— Што такое? Вы павінны былі ператварыцца ў мышэй!
I яна пачала вылазіць праз акно, пакрэктваючы і папыхваючы.
— Уцякайма! — крыкнуў Граня.
Падарожнікі рынуліся назад па сцежцы, якая прывяла іх да Ведзьмінай хаткі. Але не паспелі яны адбегчыся і некалькі метраў, як сцежка раптам знікла — пад нагамі і вакол быў усё той жа калючы і высокі папаратнік. Ды Карына і Граня ўжо не зважалі на гэта і беглі, пакуль зусім не выбіліся з сіл.
17. ЗАЛАТЫ ПАВУК
— Так мы можам апынуцца яшчэ ў якой-небудзь краіне,— цяжка дыхаючы, сказаў Граня.— I што гэта за лес, у якім то з'яўляюцца, то прападаюць сцежкі!
— А вось і яшчэ адна,— разгублена сказала Карына.