Выбрать главу

I праўда, у некалькіх кроках ад іх ляжала віхлястая сцяжынка, хоць, здавалася, яшчэ хвіліну таму яе тут не было.

— Адкуль яна ўзялася? — недаўменна спытала дзяўчынка.

— Відаць, мы яе проста адразу не заўважылі,— не вельмі ўпэўнена прамовіў Граня.— Цікава толькі, куды яна вядзе?

— Куды б яна ні вяла,— уздыхнула Карына,— па ёй усё ж лягчэй ісці, чым па гэтым папаратніку, тым больш, мы ўсё роўна не ведаем, у якім баку жыве Валадарка Краіны Ведзьмаў.

Падарожнікі выбраліся на сцяжынку.

— Хоць бы знакі якія паставілі,— прабубніў Граня.

— Ага,— насмешліва падхапіла Карына.— "Налева пойдзеш — валадарку Краіны Ведзьмаў знойдзеш, направа пойдзеш..." Глянь! — раптам усклікнула яна і паказала рукой на каменны дом, які стаяў на палянцы метрах у ста ад іх — сцяжынка вяла проста да яго.

Падарожнікі моўчкі наблізіліся да дома і пераглянуліся ў нерашучасці. Затым Карына працягнула руку да цяжкіх дубовых дзвярэй, каб пастукацца. Але не паспела яна дакрануцца да іх, як дзверы нехаця, з працяглым і пагрозлівым скрыпам расчыніліся.

Карына і Граня асцярожна ступілі за парог і апынуліся ў вялікім змрочным пакоі, пасярод якога ляжаў доўгавалосы хлопец, звязаны па руках і нагах вяроўкамі. Вакол хлопца на падлозе былі раскіданы залатыя камяні.

— Дапамажыце! — прыўзняўшы галаву, дрыготкім голасам папрасіў Доўгавалосы.

Карына і Граня патапталіся на месцы і нясмела падышлі бліжэй да небаракі.

— Дапамажыце,— паўтарыў той, але ўжо больш настойліва.— Хутчэй, чаго вы стаіце! Не марудзьце!

Падарожнікі пераглянуліся і, апусціўшыся на калені, пачалі паспешліва развязваць Доўгавалосага. Спачатку ў іх нічога не атрымлівалася — вузлы былі заціснуты вельмі моцна, а Граня да таго ж мог працаваць толькі ад ной рукой.

— Што гэта за вяроўкі такія? — не вытрымаў ён.— Нейкія слізкія, фу...

— Гэта павуціна,— уздыхнуў Доўгавалосы.

— Такая тоўстая? — аж здрыганулася Карына.— Які ж тады сам павук?

Але хлопец нібы не пачуў пытання, адно падганяў:

— Хутчэй, хутчэй!

Раптам Карына звярнула ўвагу на левую руку Доўгавалосага — на безыменным пальцы быў пярсцёнак з крышталікам, у якім пагойдвалася рыбіна вока. Дзяўчынка адразу ж успомніла словы знахаркі, што Ведзьма можа ператварацца ў каго заўгодна, але яе заўсёды можна пазнаць па такім пярсцёнку. Карына разгубілася: няўжо гэты хлопец на самай справе ведзьма? Але хто і навошта яго звязаў?

Яна зірнула на Граню: чаму ён не звяртае ўвагі на пярсцёнак? Забыўся пра знахарчына папярэджанне?

Як толькі яны развязалі Доўгавалосага, той адразу падхапіўся на ногі і сказаў:

— Добра, што вы зайшлі ў гэты дом. Я ляжаў тут двое сутак і ўжо не спадзяваўся, што нехта дапаможа мне выбрацца адсюль. Вось залатыя камяні, вазьміце колькі хочаце.

— А хто вас...— пачаў Граня, але Карына перабіла яго.

— Дзякуй, нам не трэба золата,— паспешна адмовілася яна.

— Што значыць "не трэба"? — занепакоіўся хлопец.— Яшчэ ніхто ніколі ад яго не адмаўляўся! Золата — гэта... гэта такое багацце, якое вам і не снілася!

— Нічога нам не трэба,— упарта паўтарыла Карына і ўзяла Граню за руку.

Калі не трэба вам, то спатрэбіцца вашым бацькам. Яны-то вам дзякуй не скажуць, калі дазнаюцца, што вы адмовіліся ад такога багацця.

Але Карына ўжо цягнула Граню да парога. I толькі каля самых дзвярэй спынілася і, азірнуўшыся, насцярожана спытала ў Доўгавалосага:

— Скажыце, а хто вас так звязаў?

— О, лепш вам не сустракацца з ім! — папярэдзіў Доўгавалосы.— Залаты Павук не любіць чужынцаў.

— Залаты Павук? — у адзін голас усклікнулі Карына і Граня.

— Так, ён гаспадар гэтага лесу,— кіўнуў хлопец.— I калі даведаецца, што вы трапілі ў яго ўладанні, не пакіне вас жывымі. Спачатку ён апляце вас сваей павуцінай — слізкай і тоўстай. Затым пачне высмоктваць з вас кроў, але не ўсю адразу, а... Ціха! — Доўгавалосы прыклаў палец да вуснаў.— Здаецца, ён вяртаецца! Ён вяртаецца!

I хлопец з перакошаным ад страху тварам выскачыў з каменнага дому. Падарожнікі кінуліся за ім, але ён як скрозь зямлю праваліўся.

— Што будзем рабіць? — дрыготкім голасам спытаў Граня.— У які бок уцякаць?

— Пачакай,— ціха сказала Карына,— здаецца, гэта быў ніякі не хлопец.

— А хто?

— Гэта была Ведзьма. Я бачыла ў яе на пальцы пярсцёнак з крышталікам, у якім плавала рыбіна вока. Так што, можа, ніякага Залатога Павука тут і няма, Ведзьма ўсё выдумала.

Але толькі Карына прамовіла гэтыя словы, як у гушчары пачулася нечае цяжкае сапенне. У наступнае імгненне з-за кустоў вылезла страшная пачвара — велізарны Павук, спіна якога зіхацела золатам.