Выбрать главу

— Залаты Павук! — жахнуўся Граня.

Яны не сталі марудзіць і кінуліся наўцёк. Залаты Павук аказаўся не такі хуткі і праз некалькі хвілін застаўся далёка ззаду.

18. ДЗІЎНЫ ЗАМАК

— А ты казала, што ніякага Залатога Павука ў гэтым лесе няма,— нагадаў Граня, калі яны, зняможаныя ўцёкамі, схаваліся пад кашлатай елкай.

— Мне здаецца, усё гэта хітрыкі Ведзьмы,— сказала Карына.

— I Залаты Павук? — засумняваўся Граня.

— I Залаты Павук,— кіўнула Карына.— Нездарма ён з'явіўся пасля таго, як знік той... хлопец. Відаць, Ведзьма не вельмі хоча, каб мы дайшлі да валадаркі гэтай краіны. Разумееш?

— Я толькі разумею, што хто б там ні быў, Павук ці Ведзьма, але калі ён нас дагоніць, ні табе, ні мне мала не падасца,— ухмыльнуўся Граня.

— Затое цяпер можна спадзявацца, што Валадарка гэтай краіны нам усё ж дапаможа, раз Ведзьма перашкаджае сустрэцца з ёй.

— Ага, толькі тую валадарку яшчэ знайсці трэба! Я не здзіўлюся, калі ў наступны раз Ведзьма ператворыцца ў якога-небудзь лятучага мядзведзя. Ад яго не вельмі ўцячэш! Глянь,— Граня паказаў на зараснікі малінніку,— колькі тут маліны. Не хочаш пакаштаваць?

— А раптам яна атручаная? — засумнявалася Карына.

— Баязліўка!

Граня не мог не скарыстаць магчымасць, каб хоць тут паказаць свае геройства, і першы адправіў у рот цэлую жменю ягад.

— Смачная! — радасна ўсклікнуў ён.

Праз імгненне падарожнікі ўжо рвалі ягады ў чатыры рукі, пакуль уволю не наеліся маліны, надзіва буйнай і салодкай.

Тым часам насунуўся вечар, і ў лесе стала зусім цёмна. Карына і Граня вырашылі пераначаваць пад разлапістай елкай. Яны стаміліся так, што заснулі адразу ж, і прачнуліся толькі тады, калі зусім развіднела.

Падарожнікі зноў паелі салодкай маліны і рушылі далей.

Хутка яны патрапілі на сцежку, шырокую і добра ўтаптаную,— ісці стала лягчэй і весялей.

Раптам Карына і Граня ўбачылі вельмі мурзатую дзяўчынку гадоў васьмі з рыжымі раскудлачанымі валасамі. Яна сядзела пад дрэвам і ела сыраежку, адкусваючы ад грыба па каліву.

— Ты не скажаш, як нам знайсці валадарку Краіны Ведзьмаў? — звярнулася да яе Карына.

— А што там шукаць,— не перастаючы жаваць, адказала тая грубым недзіцячым голасам.— Ідзіце так, як ішлі, і гэтая дарога прывядзе вас да яе палаца.

Падарожнікі падзякавалі Рыжай Дзяўчынцы, але як толькі крыху адышліся, Карына задумліва прамовіла:

— Дзіўны ў яе голас — як у старой. I пярсцёнак... Ты бачыў на яе руцэ пярсцёнак з рыбіным вокам? — трывожна спытала яна ў Грані.

— Бачыў! А можа, гэта была малая ведзьма? Знахарка гаварыла, што ўсе ведзьмы носяць пярсцёнкі з рыбіным вокам.

Сцяжынка некалькі разоў паварочвала то ўлева, то управа, пакуль перад падарожнікамі, як і абяцала Рыжая Дзяўчынка, не паўстаў вялікі дом. Праўда, зусім не велічны, як гэта звычайна бывае з апартаментамі казачных валадароў. Бярвенні былі складзены так, што сям-там у сценах засталіся шчыліны.

Толькі падарожнікі наблізіліся да дома, як з яго шырокіх дзвярэй выйшла маладая жанчына, маленькая, вастраносая, у доўгай чорнай сукенцы і старых чаравіках з завостранымі наскамі — ну, зусім як у Ведзьмы, што заяўлялася ў іх горад.

— Хто вы такія і што вас прывяло да мяне, валадаркі Краіны Ведзьмаў? — строга спытала яна.

Карына і Граня пераглянуліся: ці сапраўды перад імі тая, за каго сябе выдае? Відаць, іхнюю насцярожанасць заўважыла жанчына.

— Можаце не адказваць. Я — Валадарка Краіны Ведзьмаў, я — чараўніца, таму і так бачу, што ў цябе,— яна тыкнула пальцам, паказваючы на Граню,— баліць рука. I ты прыйшоў да мяне, каб я зняла з яе чары. Хіба не так?

— Так! — збянтэжыўся Граня. Цяпер ужо ён не сумняваўся, што перад ім сапраўды Валадарка Краіны Ведзьмаў.

— Але чаму прыйшла ты сюды? — звярнулася Вастраносая да Карыны.

— Я таксама прыйшла прасіць у Вас дапамогі,— сказала Карына.— Адна Ведзьма зрабіла так, што ў майго брата раптам пачала балець нага, і цяпер ён не можа хадзіць.

— Хм,— хітравата ўсміхнулася жанчына,— з ведзьмамі часам такое здараецца. Любяць яны пасваволіць.

Твар жанчыны раптам пасуровеў.

— Але не трэба на іх нагаворваць! Ты,— звярнулася яна да Грані,— не паднёс Ведзьме сумку, а твой брат,— Вастраносая халоднымі вачыма паглядзела на Карыну,— не саступіў Ведзьме месца ў аўтобусе. Хіба не так?

Карына і Граня маўчалі, апусціўшы галовы.

— Так,— адказала за іх чараўніца і ўхмыльнулася.— Але вам пашанцавала: я добрая Валадарка, і мне няцяжка зняць з яе чары.