Прымацаваўшы нагу да тулава, Пластмасавы Чалавечак прытопнуў і сказаў:
— От і добра. Да горада як-небудзь дабяруся. А вы куды ідзяце?
Карына паціснула плячыма:
— Я сама не ведаю, што цяпер рабіць. Відаць, мне застаецца спадзявацца толькі на дапамогу валадаркі вашай краіны. Вы не падкажаце, як мне яе знайсці?
— О, гэта якраз недалёка адсюль,— сказаў Пластмасавы Чалавечак.— Толькі раз ужо мы з вамі сустрэліся, у мяне да вас будзе адна просьба. Калі вам удасца трапіць у замак Неанілы... Разумееце, нас, простых цацак, туды не пускаюць. I толькі вы можаце...— Пластмасавы Чалавечак хваляваўся, таму рабіў частыя паузы.— Разумееце, яе канструктары... Некалі яны былі такімі ж, як і мы, звычайнымі пластмасавымі цацкамі. Але, заняўшы высокія пасады пры двары Яе Вялікасці, яны, карыстаючыся наіўнасцю і дабрынёй нашай феі, захапілі амаль усю ўладу ў краіне. Можа, нас гэта і не вельмі б хвалявала, каб... Ну, карацей, вы самі бачыце, што яны прыдумалі не вельмі ўдалыя мадэлі цацачных людзей, якія фея Неаніла пасля ажыўляе. У дамах, якія яны праектуюць, альбо працякаюць дахі, альбо не расчыняюцца дзверы. У іх машын часта адвальваюцца колы, а іх цягнікі часта сыходзяць з рэек. На шчасце, пасажыры з-за гэтага не вельмі церпяць, бо ўсе яны пластмасавыя. Самае ж нязручнае для нас — усе гэтыя гайкі і балты, на якіх трымаюцца нашы ногі, рукі і галовы.
— Але аб чым я павінна папрасіць фею Неанілу? — нецярпліва спытала Карына.
— Разумееце, у нашай краіне ёсць і іншыя канструктары. Яны жывуць за тым узгоркам, на якім стаіць мой дом. Мы даўно сябруем, таму я ведаю, што гавару. Яны, праўда, самавукі, не заканчвалі ніякіх акадэмій, але затое змаглі прыдумаць зусім новую мадэль пластмасавых людзей — больш даўгавечную і рухомую і без ніводнага болціка. Калі ласка, раскажыце феі пра іх.
— А што, гэтыя канструктары-самавукі таксама не маюць доступу ў замак? — спытала Карына.
— Ну, вядома! — усклікнуў Пластмасавы Чалавечак.— Прыдворныя каструктары нізавошта не дапусцяць іх да феі. На нас яны зарабляюць вялікія грошы. А тое, што прапануюць мае сябры, патрабуе значна меншых затрат на вытворчасць пластмасавых людзей. Да таго ж, калі б фея даведалася, што прыдворныя канструктары невукі, махляры і абібокі, яна, хутчэй за ўсё, іх выгнала б. Вось чаму яны робяць усё, каб у замак не трапілі мае сябры.
— Добра,— паабяцала Карына,— калі я сустрэнуся з феяй Неанілай, я абавязкова раскажу ёй пра вашых сяброў. Але, мне здаецца, будзе лепш, калі яны самі растлумачаць ёй, чым іх мадэлі пластмасавых людзей лепшыя. Таму перадайце ім, каб яны чакалі каля замка, пакуль фея іх не пакліча да сябе.
— Ах, я проста не ведаю, як вам дзякаваць! — усклікнуў Пластмасавы Чалавечак.
— Вы мне таксама дапаможаце, калі пакажаце дарогу да замка,— сказала Карына.
— Яна перад вамі,— раскінуў рукі Пластмасавы Чалавечак.— Вы якраз ішлі ў бок замка.
Карына развіталася з Пластмасавым Чалавечкам, а ён усё стаяў і махаў ёй услед, пакуль дзяўчынка не схавалася за узгоркам.
23. НЕАНІЛА АБЯЦАЕ ДАПАМОГУ
Каля варотаў замка стаялі два пластмасавыя афіцэры з пластмасавымі стрэльбамі на плячы.
— Стой! Ты да каго? — звярнуўся да Карыны адзін з іх, у званні капітана, зрабіўшы некалькі крокаў насустрач,— зрэшты, не зусім упэўненых, як-ніяк, дзяўчынка была ў некалькі разоў вышэйшая за кожнага з іх.
— Да феі Неанілы,— спакойна адказала Карына, паблажліва ўсміхаючыся і перасільваючы жаданне ўзяць афіцэра за плечы і падняць, каб лепш разгледзець.
Спакойны тон і паблажлівая усмешка яшчэ больш азадачылі афіцэраў.
— Каб патрапіць на аўдыенцыю да феі Неанілы, патрэбны спецыяльны дазвол,— сказаў Капітан.
— А хто мае права выдаць такі дазвол?
— Фея Неаніла.
— Хм,— задумалася Карына. Раптам яна хітра прыжмурыла вочы і ўпэўнена сказала: — Значыць, вы павінны прапусціць мяне, каб я магла ўзяць у феі Неанілы дазвол на аўдыенцыю.
I, не чакаючы, пакуль афіцэры вырашаць, як ім паводзіць сябе з ёю далей, увайшла ў замак і апынулася ў вялікім прыгожым садзе, у якім раслі розныя фруктовыя дрэвы. Між дрэў раскінуліся кветнікі. Паўсюль стаялі лавачкі. У глыбіні саду на арэлях гушкалася дзяўчынка гадоў сямі з прыгожым белым бантам у светлых валасах, у белай клёшнай сукенцы з карункамі на варатнічку і кароткіх рукавах.
"Я і не ведала, што ў фей бываюць дзеці",— падумала Карына і накіравалася да дзяўчынкі.
— Прывітанне,— сказала яна ўсміхнуўшыся. Дзяўчынка падазрона паглядзела на няпрошаную госцю і спытала:
— Ты хто?