— Я не ведаю... — разгубілася дзяўчынка.— Данік гаварыў мне пра бабульку ў аўтобусе. Ён думаў, што гэта вы, таму і не захацеў ісці да вас.
I яна расказала ўсё, што даведалася ад брата пра яго сустрэчу з дзіўнай бабулькай. I чым далей яна расказвала, тым больш змрочным станавіўся твар знахаркі.
— Ясна! Гэта была ведзьма! — сказала знахарка, як толькі Карына закончыла расказваць.— Альбо яна не паслухалася Ганесты, альбо Ганеста пачала патураць гэтым ліхадзейкам.
— А хто такая Ганеста? — здзіўлена спытала Карына.
— Хм,— скрывілася знахарка,— Ганеста — уладарка Краіны Ведзьмаў.
— А хіба ёсць такая краіна?
— Ёсць,— уздыхнула бабулька.— I калі твой брат хоча, як раней, бегаць і скакаць на абедзвюх нагах, яму трэба ісці туды, да самой Ганесты. Толькі яна можа зняць з яго чары.
— А калі я пайду замест яго? — не задумваючыся, спытала Карына.
Знахарка недаўменна паглядзела на дзяўчынку.
— Не думай, што гэта так проста: пайшла, папрасіла — і твой брат здаровы. Ганеста — ведзьма, і гора таму, хто не спадабаецца ёй ці не дагодзіць чым.
— А як да яе трапіць? — не зважаючы на апошнія словы знахаркі, спытала Карына.
— Гэта можна зрабіць толькі ў ноч на Івана Купалу, калі зацвіце папараць. Сарваўшы кветку, трэба выйсці на лясную сцежку, якая ў адзін бок вядзе на поўдзень, а ў другі — на поўнач, павярнуцца тварам на поўдзень, пацерці павекі пялёсткам кветкі папараці і з заплюшчанымі вачыма ісці па сцежцы, пакуль кветка ў руках не засохне.
— А хіба папараць цвіце? — спытала Карына.
Але знахарка нібы не пачула, узяла са стала чыгунок з зёлкамі і панесла на прыпечак.
Карына не стала перапытваць, падзякавала бабульцы і пайшла да дзвярэй. На парозе раптам азірнулася і спытала:
— А навошта ведзьмы носяць пярсцёнак з рыбіным вокам?
— Гэтае вока дапамагае знаходзіць сцежку ў сваю краіну ў любую пару года,— не азіраючыся, растлумачыла знахарка.— I помні, ведзьмы могуць ператварацца ў каго хочаш, нават у птушак і звяроў. Але ты іх заўсёды пазнаеш па гэтым пярсцёнку з рыбіным вокам.
3. У ПОШУКАХ ПАПАРАЦЬ-КВЕТКІ
Пра тое, што была ў знахаркі, Карына не прызналася ні Даніку, ні маці.
А калі прыйшоў час шукаць папараць-кветку, яна сказала брату:
— Ты ж ведаеш, вы з мамаю для мяне самыя дарагія людзі ў свеце. I я хачу, каб ты быў здаровы, і зраблю для гэтага ўсё, што змагу. Толькі не хвалюйся, калі раптам нешта здарыцца... Так і павінна быць, і ўрэшце ўсё скончыцца добра.
— Што здарыцца? — здзіўлена перапытаў Данік, але Карына ўжо выйшла з пакоя і, абуўшы лёгкія белыя туфелькі, з хвіліну пастаяла каля дзвярэй, слухаючы, як на кухні шуміць вада — маці мыла посуд.
Карына не ўмела і не хацела махляваць, а сказаць праўду, куды яна сабралася, было б яшчэ горш — маці яе нізавошта б не пусціла поначы ў лес, ды і не паверыла б ні ў якую Краіну Ведзьмаў.
"Прабач, мамачка,— у думках папрасіла Карына.— Але нічога лепшага мы з табой усё роўна б не прыдумалі".
Чым бліжэй дзяўчынка падыходзіла да лесу, тым страшней ёй рабілася. Месяц хоць і вісеў на небе, свяціў быццам пад прымусам і толькі і чакаў, калі можна будзе сігануць за далягляд.
"А раптам я не знайду папараць-кветку? — думала Карына, прыспешваючы крок.— I потым, бабулька сказала, у Краіне Ведзьмаў апынешся, калі засохне кветка,— гэта ж колькі трэба ісці? I як даведацца, што сцежка вядзе на поўдзень, а не на захад? — Карына спынілася і паглядзела на месяц.— Вось хто мне дапаможа! — здагадалася яна.— I мурашкі. Яны заўсёды будуюць свае домікі з паўднёвага боку дрэў. I ўсё ж трэба зайсці да бабулькі — можа, яна яшчэ што параіць".
У вокнах знахарчынай хаткі было цёмна. Карына пастукала ў дзверы, але за імі ніхто не адазваўся. Дзяўчынка паспрабавала адчыніць іх, аднак на гэты раз дзверы не паддаліся.
Уздыхнуўшы, Карына пайшла ў глыб лесу. Доўга блукала па ім, пакуль нарэшце ў цямнечы не ўбачыла папараць. Але дарэмна яна шукала паміж вялікіх лістоў чароўныя кветкі — іх не было.
"Значыць, усё гэта няпраўда,— засмуцілася дзяўчынка.— Дарэмна я паверыла знахарцы. Кожны школьнік ведае, што папараць не цвіце".
Яна стомлена апусцілася на зямлю. Як быць далей? Вяртацца дадому альбо працягваць пошукі? Раптам месяц схаваўся за воблака, і ў той жа момант Карыне здалося, што дрэвы вакол яе, нібы жывыя, пачалі паволі рухацца, набліжацца адно да ад наго, сплятаючыся галінамі.
Карына ад страху заплюшчыла вочы, а калі расплюшчыла іх, убачыла многа прыгожых жоўтых кветак — гэта зацвіла папараць! Дрэвы ўжо стаялі нерухома, і месяц вылез з-за воблака і, здавалася, пазіраў уніз са здзіўленнем і недаверам. Карына асцярожна сарвала адну кветку, агледзелася па баках і ўбачыла непадалёку, каля высокай сасны, вялікі мурашнік. Куды цяжэй аказалася знайсці сцяжынку, якая б вяла на поўдзень. У гэтым лесе быццам зусім не стала сцежак. Карына кідалася то ў адзін бок, то ў другі — паспрабуй тут угадай, куды бегчы!