Убачыўшы верталёт, Граня недаверліва пакасіўся на Карыну:
— Слухай, а ты ўпэўнена, што разбудзіла мяне?
— Усё залежыць ад таго, што ты бачыш перад сабой — верталёт ці аладкі,— засмяялася дзяўчынка.
Калі яны падышлі да верталёта, Граня разгублена сказаў:
— Дык ён жа пластмасавы!
— Пачакай, ты яшчэ не так здзівішся, калі ўбачыш пілота,— паабяцала Карына.
Праз хвіліну верталёт падняўся ў паветра і зрабіў круты разварот. У той жа момант рака ўспыхнула блакітным полымем і знікла. Там, дзе яна толькі што цякла, з'явіліся дрэвы. Між імі стаяла старая Аўга і трасла кулаком у бок верталёта, які хутка знікаў з яе вачэй.
26. ВЯРТАННЕ
— Вось ён які, твой сябар,— сказала Неаніла, з цікавасцю разглядаючы Граню, калі дзеці вылезлі з верталёта.— Ростам такі ж, як і я.
— Мой тата ў школе таксама кепска рос,— буркнуў Граня.— Затое цяпер ён самы высокі ў нашай сям'і.
— Хіба гэта так важна? — узняла бровы Неаніла, пасля звярнулася да Карыны:
— Я рада, што ты знайшла свайго сябра. Думаю, цяпер вы хутка трапіце дадому, бо ў маёй краіне ёсць дарога, якая вядзе проста ў Краіну Людзей. Але спачатку я хацела б, каб вы ў мяне павячэралі.
Карына і Граня не сталі адмаўляцца ад запрашэння і разам з маленькай феяй накіраваліся да альтанкі, у якой на століку ўжо стаялі талеркі з апетытнымі кавалачкамі смажанага мяса, гароднінай і садавінай.
Калі яны павячэралі, Неаніла правяла Карыну і Граню да варотаў замка і паказала на адну з дарог:
— Па гэтай дарозе трапіць у вашу краіну значна прасцей, чым вярнуцца назад. Таму падумайце, перш чым развітацца: можа, пагасцюеце ў мяне хаця б некалькі дзён?
Дзякуй, але нас ужо дома даўно чакаюць і хвалююцца,— уздыхнула Карына, якой, папраўдзе, вельмі хацелася пагасціць у Неанілы.
У гэты момант да іх падбег Галоўны Канструктар.
— Ваша Вялікасць! — звярнуўся ён да феі, узняўшы рукі.— Гэтыя канструктары-самавукі мяне зусім не слухаюцца! Яны разбіраюць у Вашым садзе чыгунку і хочуць будаваць новую! Але хіба можа ў самавукаў нешта атрымацца?! Вось пабачыце, Ваша Вялікасць...
— Ах, прабач, ты мне надакучыў,— перабіла яго маленькая фея, дастала з кішэні бліскучы пруцік і дакранулася ім да Галоўнага Канструктара.
— Ай! — усклікнуў Галоўны Канструктар і паваліўся на зямлю.
Неаніла яшчэ раз дакранулася да яго чароўным пруцікам, і Галоўны Канструктар зрабіўся зусім маленькім. Фея падняла яго, пакруціла ў руках і працягнула Карыне:
— Вазьмі на памяць. Цяпер гэта звычайная пластмасавая цацка.
— Дзякуй,— сказала Карына. Затым дастала з кішэні маленькае люстэрка.— А гэта Табе на памяць.
Калі замак застаўся далека ззаду, Карына задумліва прамовіла:
— Ёй, відаць, тут так адзінока.
— Калі б я ўмеў чараваць гэтак жа, як яна, мне б ніколі не было адзінока. Я знайшоў бы чым заняцца,— летуценна прамовіў Граня.
Карына уздыхнула, але нічога не сказала. Наперадзе паказаўся лес.
— Во будзе цікава, калі мы зноў апынемся ў ведзьмаў! — прамармытаў Граня.
Карына маўчала. У яе вачах было столькі суму, што, здавалася, яна вось-вось заплача.
Лес сустрэў іх цішынёй і змрокам. Сонца ўжо схавалася за даляглядам, і на небе вісеў бледны, яшчэ белаваты месяц.
— Паглядзі! — раптам усклікнула Карына і паказала Граню руку. Залатая нітка, завязаная Урсулай на яе запясці, ператварылася ў звычайную шаўковую.
Граня зірнуў на сваю руку і ўбачыў такую ж шаўковую нітку.
— Цяпер ведзьмы могуць ператварыць нас у каго заўгодна,— занепакоіўся ён.
— Толькі наўрад ці яны стануць тут нас шукаць. Асабліва Аўга, пасля таго як Ганеста забрала ў яе пярсцёнак,— супакоіла Граню Карына.
Хутка дарога вывела іх на ўзлесак, за якім пачыналася поле. За полем шматлікімі агнямі свяціліся вокны і вуліцы вячэрняга горада.
— Слухай, гэта ж Мінск! — радасна закрычаў Граня.— Мінск! Мы дома!
Карына спынілася, дастала з кішэні пластмасавага чалавечка і некалькі хвілін трымала яго на раскрытай далоні, быццам чакала, што ён вось-вось замахае рукамі і пачне крычаць: "Адпусціце мяне! Я Галоўны Канструктар Яе Вялікасці феі Неанілы! Вы не маеце права насіць мяне ў кішэні!"
Але пластмасавы чалавечак маўчаў.
Тады Карына сціснула яго ў далоні і кінулася даганяць Граню. Хутка яны зноў ішлі побач.
Граня нешта сказаў дзяўчынцы, і яна звонка засмяялася. Гэты смех падхапіла рэха і панесла назад — ляснымі сцежкамі, таямнічымі і нябачнымі, што вядуць у дзіўныя і загадкавыя краіны, якія не знойдзеш на карце.