Выбрать главу

ПРА МАЛПАЧКУ ЧЫТУ І ЯЕ СЯБРОЎ

ЯК МАЛПАЧКА СТАЛА ПАДАРУНКАМ, I ШТО З ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ

Гэта быў самы звычайны дзень, падобны на ўсе іншыя нічым не прыкметныя дні, у якія зусім не верыцца ў што-небудзь неверагоднае. Адным словам, такі ж звычайны, як і сённяшні. Паглядзі ў акно: хіба за ім не ўсё тое, абыклае, што ты бачыў ужо тысячу разоў? Тыя ж дамы, дрэвы, дарога... Нават верабей на галінцы клёна — ну, прыгледзься, гэта ж той самы верабей, які прылятае сюды кожны божы дзень.

Праўда, тады была сярэдзіна красавіка, якраз пятнаццатае чысло, а сонца толькі-толькі расчухвалася за даляглядам, незадаволенае, што трэба ўставаць на некалькі хвілін раней, чым учора. Але што ў гэтым незвычайнага, такога, каб можна было падумаць: ах, ну і дзянёк, пэўна, сёння здарыцца нешта неверагоднае!

Ніхто так не падумаў. Нават той, хто бачыў, як польска-беларускую мяжу пераехаў легкавы аўтамабіль з амерыканскімі нумарамі і тут жа спыніўся. З яго выйшаў высокі пан гадоў сямідзесяці і ўсклікнуў: "Ах, зямля маіх продкаў!" I нават праслязіўся. Затым зноў сеў за руль і паехаў далей, паўтараючы: "Ах! Ох!" Праўда, невядома, на гэты раз прычынай яго "ахаў" і "охаў" былі беларускія краявіды ці калдобіны прасёлачнай дарогі, на якую пан неўзабаве звярнуў.

I ўсё ж, менавіта ў той дзень, дакладней, у тую раніцу пятнаццатага красавіка, адбылося адно неверагоднае здарэнне. Хочаце ведаць якое? Тады паспяшаемся за амерыканцам — яго машына яшчэ не прызвычаілася да беларускіх дарог і спуджана тармазіла перад кожнай калдобінай, як перад прорвай.

Але, па праўдзе кажучы, не машына павінна нас цікавіць, а тое, што хвастом цягнулася за ёю, пагрукваючы, падскокваючы і правальваючыся ў ямкі, якія, вядома ж, ніхто знарок тут не выкопваў — а раз іх ніхто не выкопваў, то іх не было каму і засыпаць.

Хвастом на самай справе быў прычэп, дакладней, невялікі драўляны домік на чатырох колах — з вокнамі, дзвярыма і нават трубой на даху. Усярэдзіне доміка мелася ўсё неабходнае для пражывання ў ім: стол, крэсла, канала, печка, халадзільнік, шафа, тэлевізар — і гэта, калі не лічыць усялякіх прыемных, а часам і вельмі неабходных дробязей. Па дакументах домік належаў амерыканскаму пану, але жыла ў ім і карысталася ўсімі яго выгодамі Малпачка па імені Чыта. Гэта была маладая мартышка з рудой шавялюрай і доўгім хвастом.

У тую раніцу пятнаццатага красавіка Чыта прачнулася ад таго, што канапа, на якой яна спала, ні з таго ні з сяго вырашыла яе скінуць. Яна нахілялася то ў адзін бок, то ў другі, то раптам падкідала Малпачку ўгору.

Чыта прадзерла вочы і не адразу зразумела, што гэта не канапа яе ўзбунтавалася — проста домік усё яшчэ некуды ехаў, як і тады, калі яна клалася спаць.

Чыта супакоілася — яна любіла падарожжы. Малпачка датэпала да халадзільніка, дастала банан, вярнулася на канапу і пачала марыць, куды б ёй хацелася трапіць на гэты раз. На бераг мора? Ах, не! Там так шумна, і ні адной малпы, адны людзі, няма з кім словам перакінуцца. У горы? Хопіць, была ўжо аднойчы і ледзь не прастудзілася. Вось каб у якія-небудзь джунглі. Там і дрэваў шмат, і ёсць з кім пагаварыць.

Малпачка і не падазравала, што паўгода таму яе гаспадар атрымаў ліст з Беларусі ад свайго траюраднага брата, пра якога ведаў толькі з бацькавых слоў. I вось цяпер ён ехаў па зямлі сваіх продкаў, расчулены да слёз, ехаў у госці да траюраднага брата і вёз у падарунак... яе, Малпачку Чыту, разам з домікам на чатырох колах і ўсімі яго выгодамі. Сцены і дах доміка нехта размаляваў, не шкадуючы фарбаў. Атрымалася дзіўная карціна: проста на вершалінах зялёных пальмаў стаялі вялізныя сподкі з рознымі фруктамі — бананамі, апельсінамі, абрыкосамі. Над імі плылі воблакі мудрагелістай формы. Зрэшты, калі прыгледзецца, усе яны крыху нагадвалі маленькіх малпачкаў.

Спачатку машына трэслася між палёў, пасля нырнула ў лес — гэта пачыналася Белавежская пушча.

Чыта паспела з'есці тры бананы (як вядома, лепш за ўсё марыцца, калі ясі бананы ці яшчэ якую-небудзь смакату) і сабралася ісці па чацвёрты, але тут домік страсянуўся так, што ў вокнах зазвінелі шыбы, і спыніўся.

Чыта падышла да акна і адхінула фіранкі. За акном раслі дрэвы, на якіх пачалі прабівацца маладыя лісточкі. Дрэў было многа. Цэлы лес.

"Ага, мы ўсё ж прыехалі ў джунглі! — падумала Чыта.— Пахвальна, пахвальна".

Зразумела, цяпер ёй было не да бананаў. Бананамі абарыгенаў не здзівіш. А Чыце вельмі хацелася паказаць мясцовым малпам (а заадно і ўсім астатнім лясным жыхарам), што яна не раўня ім — жыве ў вялікім горадзе, у сваім доме, глядзіць тэлевізар, аб'ездзіла ўвесь свет, а тут — праездам.