Выбрать главу

Нават Зубр адарваўся ад газеты і пакруціў галавой:

— Ну, гэта ўжо занадта!

Ціха! Ціха! — узняла рукі Малпачка. Яна дачакалася, пакуль усе супакояцца, і прадоўжыла: — О'кэй. Па-вашаму, атрымліваецца, калі, напрыклад, Зубр зачэпіцца за які корч і ўпадзе, вінаватым будзе хто заўгодна, толькі не ён сам? Ці, можа, калі Вавёрка намокне пад дажджом, бо не захоча хавацца ў дупле, вінаватым будзе дождж, а не Вавёрка? Ну і парадачкі ў вас!

— Я, вядома, чуў, быццам амерыканскія законы вельмі добрыя, але караць Зайца за тое, што на яго упала шышка... Гэта, па-мойму, несправядліва,— задумліва заўважыў Бусел.

— А хто сказаў, што яго трэба караць? — спытала Чыта.— Я хіба гаварыла, што яго трэба караць? Ён сам сябе пакараў, калі шышка... Куды табе трапіла шышка? — звярнулася яна да Зайца.

— У галаву,— буркнуў той.

— Калі яна бацнула яму па галаве і, можа, нават набіла шышку... Хм, пахвальна: шышка набіла шышку — цікава атрымліваецца. Ну, вось,— прадоўжыла яна пасля паузы,— кожны атрымаў па справядлівасці. Значыць, на гэтым суд можна завяршыць.

Жыхары пушчы пачалі разыходзіцца. Ліса падышла да Зайца, яе прыжмураныя вочы блішчэлі ад злосці.

— Можа, паперка, якую ты мне даў, і добрая плата за капялюшык,— сказала Ліса,— але я не задаволюся, пакуль не трэсну табе па карку.

I не чакаючы, пакуль Заяц скеміць, як ратавацца, стукнула яго так, што касы аж перакуліўся.

— Стойце! — закрычала Чыта.— Усе вярніцеся на свае месцы! Толькі што на вашых вачах Ліса пакрыўдзіла Зайца. Яна павінна быць пакарана, і не менш, чым на пяць долараў. Пасяджэнне суда працягваецца!

Ліса палезла ў сумачку і дастала пяцідоларавую купюру. Па яе вачах было відаць, што ёй не вельмі шкада развітвацца з гэтай паперкай і што яна зусім не раскайваецца за свой учынак.

ЯК ЗАЯЦ ХАЦЕЎ НАВУЧЫЦЦА ЧЫТАЦЬ

Аднойчы раніцай Заяц прыйшоў да Малпачкі і з парога папрасіў:

— Чыта, навучы мяне чытаць!

— Цябе? Чытаць? — здзівілася Малпачка.— А навошта? Можа, ты атрымаў ліст ад далёкага сваяка і хочаш ведаць, што ён піша? Думаеш, раптам сваяк адклаў для цябе кругленькую суму, я адгадала?

— Ніякага ліста я не атрымаў,— паціснуў плячыма Заяц.

— А што тады?

— Я хачу навучыцца проста так, на ўсялякі выпадак. А то Зубр умее, Бусел умее, нават Вавёрка нешта пэкае пад нос, а я... Чым я горшы за яе?

— Хм, пахвальна,— сказала Чыта.— Але навучыцца чытаць вельмі няпроста. I на гэта патрэбна шмат часу.

— А я сёння якраз нічым не заняты,— паведаміў Заяц.— Магу вучыцца хоць да вечара.

— Хоць да вечара! — перадражніла Чыта.— Нават я вучылася чытаць два месяцы! Месяц па-англійску і месяц па-беларуску, дзякуючы майму гаспадару, які выпісваў беларускія газеты. А табе давядзецца папыхцець не менш, чым чатыры месяцы.

— Чатыры месяцы! — усклікнуў Заяц.— У мяне не будзе столькі вольнага часу. Вось каб зімою, тады іншая справа. А цяпер ніяк не атрымаецца. Спачатку трэба дасеяць агарод, пасля давядзецца яго палоць, пасля... Паслухай, а калі я буду вельмі-вельмі старацца, я здолею навучыцца чытаць за месяц?

— Ніколі! — упэўнена прамовіла Чыта.

— Ну... ну, а за два?

— Не думаю,— ухмыльнулася Малпачка.

— Няўжо так складана навучыцца чытаць?

— Вядома, складана. Спачатку трэба вывучыць усе літары.

— А я ўжо ведаю ўсе літары! Аднойчы Вавёрка малявала іх на пяску, і я запомніў. Толькі,— уздыхнуў Заяц,— мне ніяк не ўдаецца скласці з іх хоць адно слова.

— Ты ведаеш усе літары? — здзівілася Чыта.

— Ведаю,— з гонарам паўтарыў Заяц.— Я ведаю літару "а", літару "э", літару "у", літару "о"... I яшчэ некалькі, толькі я забыўся, як яны называюцца. Усяго дзесяць, не менш.

— Дзесяць? Усяго дзесяць? — перапытала Чыта.— Але ж літар значна больш!

— Праўда? — у голасе Зайца адчуваўся недавер.— А навошта іх так многа? Хіба дзесяці недастаткова?

— Вядома, не,— сказала Чыта,— таму што розныя словы пішуцца рознымі літарамі.

— А хіба нельга розныя словы пісаць аднымі і тымі літарамі? — задумліва спытаў Заяц.

— Не, з адных і тых жа літар атрымліваюцца адны і тыя ж словы,— цярпліва патлумачыла Чыта.

— Шкада,— уздыхнуў Заяц.— Слоў так многа! Значыць, і літар павінна быць... О, мне іх нізавошта не запомніць!

— Я ж гаварыла,— хмыкнула Чыта,— навучыцца чытаць вельмі няпроста. Нават я...

— А мне так хацелася навучыцца чытаць,— не слухаючы Малпачку, жаласна сказаў Заяц.— Хаця б якое-небудзь адно слова.

— Ну, навучыцца чытаць адно слова не праблема,— абнадзеіла касога Чыта.— Для гэтага нават не трэба ведаць усе літары.