Выбрать главу

ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ ЗАЙЦА

Аднойчы Заяц паволі клэпаў па лесе, задумліва пазіраючы сабе пад ногі. Выгляд у яго быў пануры, і Вавёрка, якая сядзела на парозе свайго дупла, заўважыла гэта здалёк. Яна хуценька спусцілася на дол.

— I далека ты выбраўся?

Заяц спыніўся і моўчкі паціснуў плячыма.

— Нейкі ты сумны. Што-небудзь здарылася?

— Скажы, Вавёрка, у цябе бывае дзень нараджэння? — пачухаўшы патыліцу, спытаў Заяц.

— Вядома. Я тады пяку салодкія пірагі з арэхамі і вару малінавы кампот.

— А ў мяне вось не бывае. Я ведаю, што, раз я некалі нарадзіўся, ён павінен быць, але не ведаю, у які дзень. Можа, у пятніцу, а можа, у сераду. Можа, у ліпені, а можа, у жніўні. А мо і зусім у студзені. Лепш, вядома, у ліпені. Папраўдзе, дзень нараджэння не вельмі мне і патрэбны, але часам хочацца ведаць, ці многа пражыў.

— А ты хіба не ведаеш, колькі табе гадоў? — здзівілася Вавёрка.

— Не,— уздыхнуў Заяц.— Можа, пяць, а можа, сто. Самае крыўднае, калі мой дзень нараджэння сёння. Ён прыйшоў, а я нават не здагадваюся пра гэта.

— Мне здаецца,— крыху падумаўшы, сказала Вавёрка,— дзень нараджэння можна спраўляць у любы дзень.

— У любы? — недаверліва перапытаў Заяц.

— У любы,— паўтарыла Вавёрка.— Ва ўсялякім разе, я дакладна помню, што летась свой дзень нараджэння спраўляла ў нядзелю, а пазалетась у суботу. Галоўнае, святкаваць пажадана не часцей і не радзей аднаго разу ў год, каб не зблытацца, колькі табе споўнілася.

— Ты хочаш сказаць, я свой магу спраўляць хоць сёння?

— Ну, не ведаю...— задумліва прамовіла Вавёрка.— Разумееш, калі прыходзіць дзень нараджэння, ты сябе адчуваеш незвычайна.

— А незвычайна гэта як?

— Ну, не так, як у іншыя дні. Па-святочнаму. Ты ўсяму радуешся, быццам першы раз бачыш. I ўсё здаецца такім... такім прыгожым, добрым... такім...

Пачакай, пачакай,— перабіў Заяц.— Здаецца, я пачынаю адчуваць сябе незвычайна! Нядаўна яшчэ не адчуваў, а цяпер адчуваю. Відаць, мой дзень нараджэння толькі-толькі наступіў.

— Тады віншую! — сказала Вавёрка.— Віншую цябе з днём нараджэння і жадаю... жадаю шчасця і доўгіх гадоў жыцця! — урачыста закончыла яна.

— Дзякую! — расхваляваўся Заяц.— Усё ж здорава, калі ў цябе ёсць дзень нараджэння!

Праз некалькі хвілін ён ужо стаяў пад бярозай, на галінцы якой гайдалася Сарока.

— Віншую цябе, Заяц, з днём нараджэння! — крыкнула зверху Сарока.— А я гляджу і думаю: сёння Заяц нейкі незвычайны. Нейкі...

— Ты, сапраўды, заўважыла? — радасна ўсклікнуў Заяц.— Значыць, я не памыліўся?

— Ну, табе лепш ведаць, памыліўся ці не,— развяла крыламі Сарока.

— А ты нічога не хочаш мне пажадаць? — з нецярпеннем спытаў Заяц.

— Ну, што ж, я жадаю табе... жадаю шчасця і... пражыць яшчэ многа-многа доўгіх гадоў.

— А ты не магла б пажадаць чаго-небудзь іншага? — папрасіў Заяц.

— Хіба табе не спадабалася мае пажаданне? — пакрыўдзілася Сарока.

— Спадабалася, але шчасця і многа-многа доўгіх гадоў мне толькі што пажадала Вавёрка.

— Хм, прабач, я не ведала. Тады я жадаю табе ніколі не хварэць.

— Дзякуй, тваё пажаданне якраз дарэчы, а то ўвесну я заўсёды прастуджваюся,— задаволена сказаў Заяц.

Зубр пажадаў Зайцу набрацца розуму столькі, колькі памесціцца ў яго галаве.

— А гэта многа? — пацікавіўся Заяц.

— Вядома, многа,— кіўнуў Зубр.— Пра столькі розуму можна толькі марыць.

— I ўсёткі шкада, што мая галава меншая за тваю,— уздыхнуў Заяц.— Тады б у ёй магло памясціцца яшчэ больш розуму.

Ліса пажадала Зайцу сабраць сёлета вялікі ўраджай морквы і капусты, на што Заяц заўважыў:

— Тады, калі ласка, заадно пажадай, каб морква была сакавітая, а не сухая, як летась, а капусту не патачылі вусені.

Бусел, якога Заяц доўга расшукваў па лесе, чамусьці адразу пачаў гаварыць пра свой дзень нараджэння.

— Я таксама буду хутка спраўляць. А ўяві сабе, каб я нарадзіўся зімой, што было б?

Заяц не ўявіў — сёння яму было ўсё роўна, калі нарадзіўся Бусел.

— Мне ж тады ўсе свае дні нараджэння давялося б сустракаць за мяжой, у Афрыцы.

Заяц ніколі не быў у Афрыцы, таму не ведаў, добра гэта ці кепска — тое, пра што гаворыць Бусел.

— Ну і ну,— на ўсялякі выпадак сказаў ён тонам, які можна было зразумець як заўгодна, і тут жа спытаў: — А ты мне нічога не пажадаеш?

— Ну, чаму ж? Я жадаю табе новых сяброў! — узнёсла прамовіў Бусел.