Выбрать главу

— А... а дзе я іх вазьму? — задумаўся Заяц.

— Ну, не ведаю,— разгубіўся Бусел.— Можа, ты іх калі-небудзь сустрэнеш... Нечакана. Як Малпачку.

— Дарэчы, Малпачка мне яшчэ нічога не жадала,— успомніў Заяц.— Толькі...— зноў задумаўся ён.— Разумееш, калі я сустрэну новага сябра, які аб'явіцца ў нашым лесе, ён жа стане таксама і сябрам і для ўсіх вас!

— Ну і што? — спытаў Бусел.

— Але ж сёння мой дзень нараджэння, і ты павінен жадаць мне, а не Вавёрцы, Зубру ці... ці сабе.

— Добра, я прыдумаю што-небудзь іншае,— уздыхнуў Бусел.

— Не трэба,— махнуў рукой Заяц.— Што мне, хіба шкала — хай мае сябры будуць і вашымі сябрамі!

Апошняй, каго наведаў імяніннік, была Малпачка.

— I колькі табе стукнула? — адразу дзелавіта пацікавілася Чыта.

— Не ведаю,— паціснуў плячыма Заяц,— у мяне сёння першы раз дзень нараджэння.

— Значыць, табе споўніўся год,— без ценю сумнення ў голасе сказала Чыта.— Усё вельмі проста. I ў гэты слаўны для цябе дзень я жадаю табе, каб споўнілася ўсё, што ты сам сабе пажадаеш.

— Усё-ўсё? — перапытаў Заяц.

— Ну, вядома.

— Здорава! Колькі ж я цяпер магу сабе ўсяго нажадаць?!

— А яшчэ,— прадоўжыла Чыта,— у нашай краіне імянінніку разам з пажаданнямі прынята што-небудзь дарыць.

Яна палезла ў шуфляду стала і дастала цёмныя акуляры — іх у яе было некалькі.

— Вось, насі.

— Няўжо гэта мне? Сапраўдныя акуляры! — усклікнуў Заяц.

Раптам па яго твары прабег цень лёгкага суму.

— Ты сказала, разам з пажаданнямі? Як шкада, што ні Вавёрка, ні Ліса, ні Зубр, ні Бусел, ні Сарока пра гэта не ведалі. Ну, нічога, на наступны свой дзень нараджэння я іх абавязкова папярэджу перад тым, як яны пачнуць мяне віншаваць.

ЯК У МАЛПАЧКІ З'ЯВІЎСЯ СВОЙ АГАРОД

Чыта выйшла з доміка і ўселася на ганку. Выраз твару ў яе быў не раўнуючы як у старажытнага матэматыка Піфагора, калі той абдумваў сваю славутую тэарэму. Але Чыта ніколі не чула ні пра Піфагора, ні пра яго тэарэму, таму нават і не здагадвалася, каго ў гэты момант нагадвала.

Калі б Чыта пасядзела так яшчэ з паўгадзіны, магчыма, і яна зрабіла б якое-небудзь вялікае адкрыццё, і яно праславіла б Малпачку на ўвесь свет, але тут прыляцела Сарока. Сарока тым больш не чула ні пра Шфагора, ні пра яго тэарэму. Відаць, таму і твар Малпачкі ёй здаўся не так разумным, як проста сумным.

— Ты чаго галаву павесіла? — затрашчала яна.— Усе радуюцца, што неба распагодзілася, што хутка лета, адна ты як нежывая.

Чыта ўзняла вочы на Сароку і спытала:

— У вашым лесе растуць бананы?

— Чаго няма, таго няма, хоць лета, хоць зіма,— адказала Сарока.— Клёны ёсць, дубы ёсць, сосны ёсць, елкі ёсць,— стала яна пералічваць,— а вось бананаў няма.

— I апельсіны не растуць? — ужо без ніякай надзеі ў голасе спытала Чыта.

— Чаго няма, таго няма. Асіны ёсць, ясені ёсць, грабы ёсць, бярозы ёсць...

— Спрабавала я лісце вашых бяроз — ніякага смаку,— зморшчылася Малпачка.

— Вядома, бярозавай кашай сыты не будзеш,— пагадзілася Сарока.— А я гляджу, што ты зблажэлаўся. Трэба табе агарод свой пасадзіць, а то прападзеш. Зямлі тут хапае: бяры — не хачу...

— Агарод? Каб я цэлымі днямі, як Заяц, корпалася ў зямлі? Нізашто!

— Хм, прызнацца, я таксама ні разу не трымала ні матыкі, ні грабель. Але колькі мне, старой сароцы, трэба? Скарыначку хлеба на дзень, і ўвесь мой наедак. А калі да яе кубачак чаю — о, больш нічога і не пажадаю!

— Скарыначку хлеба! — усклікнула Чыта.— Калі я трапіла сюды, у мяне быў поўны халадзільнік бананаў, апельсінаў, яек, арэхаў! А цяпер ён пусты, хоць сама ў яго залазь!

— Ну, арэхаў ты і ў нашым лесе можаш назбіраць,— разважліва сказала Сарока.— А вось каб заўсёды мець свежыя яйкі, трэба, як Ліса, курэй разводзіць, а іх зернем трэба карміць.

А каб зернем карміць, трэба спачатку ячмень пасеяць. Значыць, без свайго агарод а ўсё роўна не абысціся.

— Толькі не гэта! — заматляла галавой Чыта.— З раніцы да вечара нешта садзі, сей, палівай, праполвай...

— I не кажы,— падхапіла Сарока.— Тут пакуль скарыначку хлеба знойдзеш, паўсвета аблётаеш, сем патоў сцячэ, а восьмы вочы залье. А колькі мне, старой сароцы...

— Паслухай,— перабіла Чыта,— а што, калі мне паспрабаваць мяняцца з Зайцам ці Лісою?

— Чым? — спытала Сарока.

— Ну, я Лісе, напрыклад, магу даць што-небудзь са свайго гардэробу, Зайцу што-небудзь з мэблі, а яны мне ўзамен яйкі, яблыкі, моркву, капусту...

— Так можна зусім застацца без гардэробу і мэблі. А то і без сваіх харомаў,— мудра заўважыла Сарока.— Чым тады будзеш мяняцца?