Выбрать главу

Чыта на гэта нічога не адказала, а яе твар зноў зрабіўся такі, як у Піфагора, калі той абдумваў сваю славутую тэарэму.

Вестка пра тое, што Чыта галадае, хутка разнеслася па ўсёй пушчы. У той жа дзень Зубр, Бусел, Заяц, Ліса, Вавёрка і Сарока сабраліся на палянцы, каб вырашыць, як дапамагчы Малпачцы.

— У мяне засталося крыху леташняй морквы,— сказаў Заяц.— Як-небудзь да новага ўраджаю датрываю.

— А ў мяне ёсць арэхі,— прызналася Вавёрка.— Я чула, яна любіць арэхі.

— А ў мяне куры нядаўна пачалі несціся,— паведаміла Ліса.

— У мяне быццам была скарыначка хлеба,— неахвотна прамовіла Сарока.— Не ведаю, праўда, дзе. Я сёння паўсюль яе шукала — ледзь крыло не зламала. Яна была такая маленькая, што не адразу і знойдзеш...

— Стойце, стойце,— перабіў Сароку Зубр.— Гэта не выйсце. Трэба думаць не толькі пра сённяшні, але і пра заўтрашні дзень.

— Правільна,— сказала Сарока.— Заўтра і ў нас саміх можа не быць і крошкі хлеба. Хто нам што дасць, хто нам дапаможа? Ва ўсялякім разе, не Чыта. У яе ў самой пустое карыта!

— Памаўчы! — раўнуў Зубр.— I пры чым тут карыта! Сама ты ніколі не прападзеш, бо нюхам чуеш, калі ў каго на другім канцы пушчы што-небудзь варыцца, парыцца ці пячэцца, і не ўпусціш, каб не сцягнуць чаго.

— Калі ў вас нічога не будзе варыцца, парыцца і пячыся, то і мне не будзе чаго сцягваць,— пакрыўджана прабубніла сабе пад нос Сарока.

— Малпачцы трэба дапамагчы пасадзіць агарод,— прадоўжыў Зубр.

— Ха, агарод! — насмешліва фыркнула Сарока.— Ды яна, колькі жыве, палец аб палец не стукнула, такая няўдаліца. А тут цэлы агарод на яе галаву зваліцца! Ды ён праз тыдзень зарасце пустазеллем!

— Да працы прывыкнуць трэба, тады яна не будзе ў цяжар. Аднаму вялікую работу заўсёды нялегка пачынаць, а вось калі гуртам...

— Ведаю, ведаю,— перабіла яго Сарока,— гуртам усё рабіць лягчэй...

Чыта глядзела тэлевізар, калі ў дзверы пастукалі. Каля доміка яе чакалі Зубр, Бусел, Заяц, Вавёрка, Ліса і Сарока.

— Мы тут прынеслі табе гасцінцаў,— сказала Ліса і працягнула Малпачцы кошык, даверху напоўнены морквай, капустай, яйкамі і арэхамі.

— Гэта ўсё мне?! — здзівілася Чыта, асцярожна беручы кошык.

— Табе, табе,— кіўнуў Зубр.— Ты ў нас нядаўна, нашых харчоў яшчэ не каштавала. А раптам спадабаюцца?

— Яшчэ і пытаецца — дзіва што спадабаюцца! — прабубніла Сарока.— На дармаўшчыну столькі ўсяго перапала! З такімі запасамі я б цэлы год гора не знала!

Чыта выбрала ў кошыку самую вялікую морквіну і захрумстала ёю з такім апетытам, быццам ніколі не ела нічога смачнейшага.

— А мы тут паглядзелі, аказваецца, за тваім домікам можна зямлю пад агарод пусціць. Пад невялікі, праўда, але колькі табе ад ной трэба,— як бы між іншым сказаў Зубр.

— Мне? Агарод? Нізашто! — аплятаючы другую морквіну, запярэчыла Малпачка.— Ды я не ведаю, што на ім рабіць, ды я не ведаю, за які канец рыдлёўку трымаць, ды яе ў мяне і не было ніколі.

— А я вось якраз захапіў рыдлёўку з сабою,— паспешна сказаў Заяц.— I магу памагчы табе ўскапаць агарод.

— Ускапаць! — чмыхнула Чыта.— Што толку — у мяне ж няма нічога ні садзіць, ні сеяць.

— У мяне ёсць насенне капусты і морквы,— сказала Ліса.— Я ўзяла з сабою — думала, можа, табе спатрэбіцца.

— А я на поплаве, за адной вёскай, знайшоў куст чырвоных парэчак — нехта выдзер з карэннем, а ён і на поплаве прыжыўся, лісце пусціў,— сказаў Бусел.— Я падумаў, можа, ты любіш парэчкі, і прынёс з сабою.

— А я,— сказаў Зубр,— прынёс табе яблыньку са свайго саду. Яблыкі на ёй восенню сакавітыя, не горш за твае апельсіны.

— Дзе ж я з гэтым усім спраўлюся — і насенне, і парэчкі, і яблыня,— запратэставала Чыта.— Змагацца супраць рабства — я разумею, але па сваей ахвоце станавіцца рабыняю — я яшчэ ў сваім розуме!

— Правільна! — закрычала Сарока.— Кожны жыве, як хоча! I няма чаго лезці сляпіцаю ў вочы! Дарэмна толькі нацягалі сюды ўсяго.

— Мы прыйшлі, каб дапамагчы табе,— не звяртаючы ўвагі на Сарочыну траскатню, сказаў Зубр Малпачцы.— Хоць яно, вядома, табе цяжкавата будзе з непрывычкі корпацца ў зямлі. Можаш проста пасядзець, паглядзець, як мы будзем разбіваць агарод, павучыцца сяму-таму.

Ну, калі адно паглядзець,— уздыхнула Чыта,— тады валяйце!

Зубр з Зайцам напераменку капалі грады. Вавёрка і Ліса, якая прадбачліва захапіла з сабой матыку, рабілі баразёнкі, а Бусел з Сарокай па каліву кідалі ў баразёнкі насенне. Бусел — насенне капусты, а Сарока — насенне морквы. Пры гэтым яна часта спынялася і пачынала войкаць:

— Вой, сагнуцца не магу! Вой, бок баліць! Так аслабела, што не хочацца жыць! Вядома, з самай раніцы крошкі ў роце не было!