Выбрать главу

Падняў Гай галаву, зазірнуў у вочы маці, а нічога зразумець не можа: пра што яна кажа?

— Пайдзі, сынок, у сенцы,— ціха працягвала маці,— спусціся ў склеп. Там на верхняй паліцы будзе стаяць гліняны збан. У ім ляжыць загорнуты ў анучку ключ. Вазьмі гэты ключ. Пасля з ніжняй паліцы паздымай слоікі з варэннем і адымі ад сцяны дзве дошкі. У сцяне ты ўбачыш невялікія жалезныя дзверцы. Адамкні іх тым ключом. За імі знойдзеш куфэрак. Прынясі яго сюды.

Кінуўся Гай у сенцы, зрабіў усё так, як казала яму маці, і неўзабаве вярнуўся да яе з чорным куфэркам у руках.

— Але ж ён замкнёны...— сказаў ён разгублена.

— Там,— маці паказала на покуць,— за абразом, ляжыць скрыначка. У ёй ключ.

Адамкнуў Гай куфэрак і аж ускрыкнуў ад нечаканасці. У ім былі не толькі грошы, але і розныя залатыя ды срэбныя рэчы — пацеркі, ланцужкі, пярсцёнкі.

Гэты скарб, сынок,— ледзь чутна сказала маці,— некалі твой бацька знайшоў у лесе. Ты тады яшчэ зусім малы быў, не помніш нічога... Ляжаў скарб, не паверыш, проста на дарозе. Усё роўна як нечая добрая душа падкінула нам яго. Дом вось паставілі. На зайздрасць усім... Адно шкада, бацька твой не паспеў гэтым шчасцем нацешыцца. Ды і я капейкі лішняй не растраціла, табе хавала. Радуйся жыццю...

А пад вечар маці памерла.

Мінула некалькі гадоў. Многае змянілася ў доме лесніка. Некалі тут панавалі ціш ды спакой, а цяпер і днём і ўночы гучала музыка, чуліся крыкі, смех. Ледзь не кожны дзень гулялі, весяліліся ў Гая госці. Вакол дома за гэты час вырасла высокая цагляная агароджа, зверху якой быў нацягнуты калючы дрот. Дубовыя вароты адчыняліся цяжка, са скрыпам, быццам баяліся прапусціць сюды нечаканых гасцей. Сын лесніка ні ў чым не адчуваў патрэбы. У яго хапала ўсяго, пра што можна было толькі марыць.

Хіба што верных сяброў — іх у Гая з гадамі амаль не засталося. Затое вакол юнака ўсё часцей пачыналі круціцца розныя падхалімы і прахвосты, якія і так і гэтак спрабавалі выманіць хоць частку яго багацця.

Гай і сам ва ўсім патураў ім. З яго сэрца нібы хто выкраў спачуванне, дабрыню і любоў. I толькі нямногія школьныя сябры, што яшчэ не адвярнуліся ад яго, памяталі, які ён некалі быў добры і спагадлівы. Памяталі і паранейшаму любілі яго. А самымі вернымі сябрамі Гая былі Ніл і Карніл. Бадай, цяжка знайсці ва ўсім свеце двух іншых маладых людзей, якія б так моцна сябравалі і разам з тым так часта сварыліся і спрачаліся паміж сабой.

— Давай сёння пойдзем у кіно,— прапануе Карніл.

— Вось яшчэ, рабіць мне болей няма чаго,— буркне Ніл і тут жа палезе ў кішэню па грошы — сабе і сябру на білеты.

— Якая цудоўная карціна! — усклікне Ніл, зайшоўшы да сябра ў госці.— Дзе ты яе набыў? Колькі яна каштуе?

Шалёныя грошы,— горда адкажа Карніл і накіруецца ў іншы пакой, быццам яму шкада нават, калі на яе хто-небудзь проста глядзіць.

Але не справіцца Ніл вярнуцца дадому, а там ужо вісіць гэтая карціна.

Вось такія былі сябры ў Гая. Праўда, ён гэтым сяброўствам не надта даражыў.

Аднойчы Гай запрасіў гасцей на свой дзень нараджэння.

З самага ранку тут ужо чуліся музыка, смех, а пад вечар адзін з гасцей падышоў да маладога гаспадара і сказаў, што каля варотаў яго чакае жанчына.

— Што яшчэ за жанчына? — здзіўлена спытаў Гай.

— На выгляд нейкая вясковая цётка.

— Вясковая цётка? — ускінуў бровы Гай.— Ану, пайшлі паглядзім, што ёй трэба.

I Гай разам з гасцямі накіраваўся на двор.

Жанчына ў просценькай чорнай хустцы стаяла перад расчыненымі варотамі, абапіраючыся на дубовы кіёк.

— Чаго ты хочаш? — нецярпліва спытаў Гай, спыніўшыся за некалькі крокаў ад яе.

Тая ўважліва паглядзела ў вочы Гаю і папрасіла: — Пусці мяне заначаваць, добры чалавеча. Ужо позна, холадна, а мне няма куды ісці.

— Холадна! — зарагатаў Гай.— Пабойся Бога, цётка! Вось ужо цэлы ты дзень па начах такая духата, што не дыхнуць.

Але толькі ён прамовіў апошнія словы, як падняўся моцны вецер. Застагналі і пачалі гнуцца дрэвы. Здавалася, на дварэ не сярэдзіна лета, а позняя восень.

— Пусці мяне заначаваць, добры чалавеча,— зноў папрасіла жанчына.— Мне няма куды ісці, і я ўся прамокла пад дажджом.

— Пад якім дажджом? — здзівіўся Гай, засланяючы рукамі твар ад калючага ветру.— Няма ніякага дажджу і даўно ўжо не было. Што ты плявузгаеш, цётка?!

Але толькі ён прамовіў апошнія словы, як сапраўды хлынуў лівень, патокі вады, як змеі, з шумам папаўзлі па зямлі.

— Гэта Вядзьмарка! — крыкнуў нехта з гасцей.— Гані яе адгэтуль!

Жанчына паківала галавой, прыжмурыла вочы і сказала: