Выбрать главу

— Што будзе з кожным з нас праз сто гадоў? — вочы ў Луізы сталі яшчэ большымі.— Але ж...

— О, я разумею, ты, вядома ж, лічыш, калі чалавек памірае, то з ім ужо нічога не можа здарыцца, так?

— Так,— разгублена адказала Луіза.

У сапраўднасці чалавек ніколі не памірае. Ён проста пераходзіць з ад наго стану ў іншы, і прывіды пра гэта ведаюць. Яны могуць з такой жа лёгкасцю трапіць у мінулае ці ў будучыню, як ты, напрыклад, выйсці адгэтуль на вуліцу, а пасля вярнуцца. Так,— паківаў галавой дзядуля Афрыкан,— гэта незвычайныя кнігі. I скажу табе пад сакрэтам, унучка, калі чытаць іх уважліва, можна самому навучыцца крышку чараваць.

— Значыць, вы таксама навучыліся чараваць? — з захапленнем усклікнула Луіза.— I таму так легка даведаліся, што я ўчора плакала?!

— Ну, як табе сказаць...— пачухаў патыліцу дзядуля Афрыкан.— Вядома, было б дужа спакусліва паўстаць перад табой гэткім чараўніком, які ўмее чытаць чужыя думкі, але, калі шчыра, усё куды прасцей. Мне было зусім няцяжка здагадацца аб тым, што ты плакала, калі дачытвала гэтую кнігу, бо ты заўсёды так робіш. Ці не? — хітравата ўсміхнуўся дзядуля Афрыкан.

Луіза пачырванела.

— А вы не маглі б... ну, даць мне хаця б на дзень адну з тых чароўных кніг? — няўпэўнена спытала яна.

— О, мая даражэнькая, не крыўдуй, але, баюся, табе яшчэ рана чытаць такія кніжкі. Усяму свой час, усяму свой час. Да таго ж, цябе і так хутка чакаюць незвычайныя прыгоды.

— Незвычайныя прыгоды?!

— Можаш не сумнявацца.

— Дзядуля Афрыкан, вы нешта хаваеце ад мяне! Ну, калі ласка, раскажыце! — узмалілася Луіза.

— Я? Хаваю? — замітусіўся дзядуля Афрыкан.— Пра што ты кажаш? Я меў на ўвазе, што з такімі прыгажунямі, як ты, заўсёды адбываецца што-небудзь незвычайнае. Яны трапляюць у розныя неверагодныя гісторыі, якія заўсёды добра заканчваюцца. Вось што я меў на ўвазе, і не больш таго. I наогул, загаварыўся я з табой. А ў мяне столькі работы, столькі работы! Дарэчы, я падабраў табе новую кнігу. Вельмі цікавая казка, можаш мне паверыць. Я табе яе дару.

— Ах, што вы!

— А чаму стары хворы кнігалюб не можа падарыць кнігу такому юнаму цудоўнаму стварэнню?! Я ж такі адзінокі... Буду паміраць, напішу завяшчанне, каб пасля маёй смерці ўся мая бібліятэка належала табе.

— Вы не памрэце,— упэўнена сказала Луіза.

— Чаму? — здзівіўся дзядуля Афрыкан.

— Вы ж самі казалі, што людзі не паміраюць, а проста пераходзяць у іншы стан. Тым больш, вам вядома столькі розных таямніц, пра якія не ведае болей ніхто ў нашым горадзе.

— Сапраўды,— пагадзіўся дзядуля Афрыкан,— я казаў пра гэта. Але ўся справа ў тым, што ў іншым стане я ўсё роўна не змагу чытаць кніжкі, таму складу такое завяшчанне.

— А чаму вы не зможаце чытаць кніжкі?

— Ну... не ведаю. Вось твая казка,— дзядуля Афрыкан падаў Луізе свой падарунак, гэтым самым даючы ёй зразумець, што размова закончана.

Луіза падзякавала за кнігу, развіталася і выйшла на вуліцу.

Раздзел трэці

ПРА БАЯЗЛІВАГА ФОКУ I ЯГО МАМАЧКУ

Настаў час пазнаёміцца «яшчэ з адным героем нашай гісторыі. Звалі яго Фока, і жыў ён у тым жа горадзе, што і Луіза, толькі на другім канцы. Бацькі яго вельмі любілі і ва ўсім яму патуралі, ведама, ён быў адзіным дзіцем у сям'і. Яны куплялі яму самыя лепшыя цацкі, кармілі яго самай смачнай ядой і апраналі яго ў самае лепшае адзенне.

— Ты самы прыгожы хлопчык ва ўсім нашым горадзе,— кожны дзень пяшчотна гаварыла яму мамачка Тарэза і гладзіла сынка па галоўцы.

Хоць, шчыра кажучы, далека не ўсе іх знаёмыя так лічылі. Фока, як і яго мамачка, быў невысокага росту, пухленькі, аж занадта, таму, напэўна, і непаваротлівы. Калі ён пачынаў бегаць, то рабіў губамі вось так: "Пф-пф-ху-у-у! Пф-пф-ху-у-у!"

— Ты самы дужы хлопчык ва ўсім нашым горадзе,— кожны раз дадавала мамачка Тарэза, хоць, прызнацца, усе знаёмыя Фокі ў гэтым вельмі сумняваліся. А што ён быў надта баязлівы, дык гэта ведалі ўсе дзеці ў двары. Убачыць Фока сабаку — такога крыку наробіць, што ў тых, хто побач з ім знаходзіцца, звон у вушах некалькі гадзін стаіць.

— Мы нікому не дамо ў крыўду нашага сынка,— калыхала Фоку на каленях мамачка Тарэза і не заўважыла, як той паспеў вырасці. А калі нарэшце заўважыла, усклікнула:

— Капітон! Ты толькі паглядзі: наш сын стаў ужо зусім дарослы!