Капітон — бацька Фокі — пачапіў на нос акуляры і стаў уважліва, з недаверам разглядаць свайго сына.
— I праўда,— нарэшце сказаў ён,— вырас.
— Яго трэба ажаніць! — зноў усклікнула мамачка Тарэза.— Я сама выберу нашаму хлопчыку нявесту! Гэта будзе самая прыгожая дзяўчына ва ўсім горадзе.
Мамачка Тарэза кінулася да шафы і стала выцягваць з яе самае лепшае адзенне.
— Паглядзі, які прыгожы зялёны касцюм,— сказала яна Фоку.— У гэтым зялёным касцюме ў цябе магла б закахацца нават якая-небудзь каралеўна. Мы зараз жа адпраўляемся з табой шукаць нявесту. Мы абыдзем увесь горад, мы будзем хадзіць тыдзень, месяц, а калі спатрэбіцца, і цэлы год, але знойдзем табе такую дзяўчыну, што ўсе лопнуць ад зайздрасці.
I яны накіраваліся на пошукі нявесты. Фока і мамачка Тарэза падоўгу блукалі па гарадскіх скверах і парках, па некалькі разоў на дзень праходзілі па самых людных вуліцах і праспектах, ездзілі сюды-тюды ў перапоўненых аўтобусах і тралейбусах, але мамачка Тарэза адно крывілася ды цяжка ўздыхала, прыдзірліва разглядаючы дзяўчат, якія ім трапляліся.
На дзесяты дзень пошукаў мамачка Тарэза стукнула сябе рукой па лбе і ўсклікнула:
— Якая ж я дурная!
— Ну?! — здзівіўся Фока.— А тата кажа, што ты самая разумная.
— Ты мяне не так зразумеў. Я дурная, бо адразу не здагадалася, як нам знайсці найпрыгажэйшую дзяўчыну ў горадзе. А тата твой заўсёды кажа праўду.
— А як нам знайсці найпрыгажэйшую дзяўчыну ў горадзе?
— Нам трэба звярнуцца да Варажбіткі!
— Да Варажбіткі?
— Вядома. Хто-хто, а яна ўсё ведае.
Праз гадзіну яны ўжо сядзелі ў змрочным напаўпустым пакойчыку, за сталом, на якім гарэла тоненькая свечка.
Старая Варажбітка са зморшчаным тварам, з носам, які, здавалася, вось-вось дакранецца да яе падбародка, сядзела ў вялікім цвёрдым крэсле і тасавала карты.
Перад ёй на стале стаяў кубачак з кавай.
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар,— шаптала Варажбітка.
Прамовіўшы гэтыя словы, яна кідала адну карту на стол, глядзела ў кубачак і зноў шаптала:
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар.
— Якая ноч, якое возера?! — мармытала мамачка Тарэза.— Цяпер раніца.
— Не замінай,— злосна сказала Варажбітка, кінула чарговую карту, паглядзела ў кубачак і, мабыць, зноў у ім нічога не ўбачыла.— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы твар.
Мамачка Тарэза не стрывала.
— Мы седзімо тут ужо цэлую гадзіну. Мы самі зможам убачыць яе твар, скажы толькі імя і адрас гэтай дзяўчыны!
— Давай, гавары! — аж падскочыў на табурэтцы Фока.— Які яе адрас?
— Дзівак,— прамармытала старая,— я магу табе сказаць нешта такое, што крута паверне тваё жыццё. Яшчэ дзесяць залатых манет.
— Што? — усклікнула мамачка Тарэза.
— Яшчэ дзесяць залатых манет пакладзіце на стол — твар ніяк не хоча з'яўляцца.
— Дзесяць?! А ці не замнога табе будзе?!
— Мая варажба наогул не мае цаны, а ты, жанчына, трасешся над нейкімі дзесяццю дробнымі манетамі.
— Дзесяццю? Ды мы ўжо выклалі не менш пяцідзесяці! — закрычала мамачка Тарэза.
— Ну, хай — над пяццюдзесяццю,— спакойна сказала старая.— Якая розніца?!
— Але яшчэ пяцьдзесят мы выклалі, калі ўвайшлі сюды,— нагадала мамачка Тарэза.
— Ага, выклалі,— пацвердзіў Фока.
— Ну і што? — паціснула плячыма Варажбітка, быццам не разумеючы, з-за чаго тут спрачацца.
— I яшчэ пяцьдзесят павінны будзем выкласці, калі ты назавеш імя гэтай дзяўчыны?!
— Зноў пяцьдзесят,— кіўнуў галавой Фока.
— Ну, павінны,— абыякава сказала Варажбітка.— Чым больш залатых манет вы дасце, тым больш я змагу вам расказачь.
— Дык нам трэба толькі...— пачала мамачка Тарэза, але варажбітка яе перабіла.
— Я ж вас папярэджвала, што такімі дробязямі я не займаюся,— пакрыўджана сказала яна.— Імя хай адгадваюць тыя, што цэлымі днямі ходзяць па горадзе з црацягнутай рукой. А зараз не замінайце мне, пакуль зямныя і нябесныя духі не пакрыўдзіліся на мяне.
I яна зноў зашаптала:
— Чорная ноч, наступі. Чорнае возера, пакажы свой твар.
За такія грошы,— прамармытаў Фока,— я б і сам навучыўся размаўляць з духамі і расказваў бы, што з кім некалі адбудзецца.
Але Варажбітка не чула яго. Яна ўважліва глядзела ў кубачак, вочы яе рабіліся ўсё большымі, а губы шапталі незразумелыя словы:
— Шардома зандоры... атома чарборы...
Апошняя з кінутых Варажбіткай на стол карт раптам пачала рухацца сама па сабе.
Рукі старой затрэсліся, і яна зашыпела:
— Грошы, кідайце грошы!
Мамачка Тарэза дастала з сумачкі некалькі манетак і кінула іх на стол, заварожана пазіраючы на карту, якая рухалася да краю стала.